Выпло́д ’нашчадак, атожылак’ (Нас.), вы́плад ’тс’ (Гарэц.), выпло́д ’парода, племя’ (Бяльк.), вы́плад ’вынішчэнне, вывядзенне (асабліва дробных жывёлін і насякомых)’ (КЭС). Чэш. výplod ’дзеянне па дзеяслову vyploditi’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне да выпладзіць (гл. пладзіць).
Выплыва́ннік ’ранні баравік (яны растуць, калі «выплывае» жыта)’ (З нар. сл., навагр.), выплыва́нік, выплыва́нічак ’тс’ (Янк. I). Польск. wypływnik ’тс’. Да выплываць ’каласіцца’ (гл.).
Выплыва́ць ’з’яўляцца на паверхні вады’ (БРС, Нас., Яруш., КЭС, лаг.); ’каласіцца’ (БРС, КЭС, лаг., Шн., 1); ’асыпацца ад пераспеласці’ (Шат.). Гл. плыць, плыву. Урбуціс (Baltistica, 2 (1), 46) з’яўленне ў бел. мове значэння ’каласіцца’ тлумачыць уплывам літоўскай мовы ў выніку змешвання двух дзеясловаў: išplaũkti ’выплываць’ і (iš)plaukti ’выкаласіцца’.
Выпо́ўзіны ’вужавінне’ (БРС), (вужачча) вы́паўзіны ’тс’ (КЭС, лаг.). Рус. вы́ползина ’тс’. Да выпаўзаць (гл. паўзці) з суф. ‑ін‑.
Выпрабава́льнік (БРС). Да выпрабаваць (гл. прабаваць). Калька рус. испытате́ль ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 121).
Вы́права ’падрыхтоўка і забеспячэнне ў дарогу; адзенне, бялізна, посуд і г. д., якія, акрамя пасагу, падрыхтоўваюцца дзяўчыне пры выхадзе замуж’ (Нас.), выпра́ва ’адпраўленне ў дарогу’ (Гарэц., Др.-Падб., Яруш.). Укр. ви́права, польск. wyprawa ’тс’, в.-луж. wuprawa ’догляд, клопаты’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад выправіць (гл.).
Вы́правіць ’зрабіць правільным, ліквідаваць недахопы; адправіць, накіраваць, падрыхтаваць у дарогу’ (БРС, Яруш., КЭС, лаг.). Рус. вы́править, укр. ви́правити, польск. wyprawić ’адправіць, сабраць (у дарогу)’, славац. vypraviť ’тс’. Ад правіць у яго першапачатковым значэнні ’рабіць прамым’ (параўн. рус. править), якое ў сваю чаргу ад правы ’які мае быць’ (Шанскі, 1, В, 229). Сюды ж, відавочна, вы́правытыся ’здохнуць, выпруціцца’ (З нар. сл.), г. зн. ’зрабіцца прамым’; у семантычных адносінах параўн. выпруціцца, апруцянець.
Выпрага́цца ’высмажвацца, спальвацца; выбівацца з сіл’ (Нас.). Гл. пражыць. Сюды ж, магчыма, і вы́прагчыся ’здохнуць’ (Шатал.), г. зн. ’страціць апошнія сілы’.
Выпрага́ць (БРС). Рус. выпряга́ть, прягу́, прячь, укр. випряга́ти, прягти, ст.-рус. напрягу, напрячи, польск. sprząg ’вупраж’, spręgać ’сцягваць, счэпліваць’, в.-луж. spřah ’вупраж’, přahać ’нацягваць’, н.-луж. pśěg, pśěgaś, чэш. spřež ’вупраж’, spřahati ’сцягваць’, славац. spriahať ’злучаць’, серб.-ц.-слав. напрѧшти, напрѧгѫ, серб.-харв. спре́ћи спре̑гну̑ти ’сцягваць’, славен. vpréžem, vprẹ́či ’запрэгчы’, балг. запрягам. Прасл. *pręgǫ, *prękti; іншая ступень чаргавання ў *prǫgъ (гл. пруг, пругкі). Сюды ж належаць літ. sprangùs ’тое, што засядзе, вязне’, spriñgti, springstù ’душыцца пры глытанні’, sprengė́ti ’душыць’, лат. sprañgât ’зацягваць’, saspranga ’вяровачка’, н.-в.-ням. Sprenkel ’сіло’, с.-в.-ням. sprinke ’пастка’, ст.-в.-ням. springo ’тс’ (Персан, Beitr., 869; Траўтман, 278). Гл. таксама Фасмер, 3, 393; Махэк₂, 490; Мартынаў, Лекс. взаим., 222.
Выпраме́ньваць (БРС). Да прамень (гл.). Структурная калька рус. излуча́ть, таксама, як і выпраме́ньванне, калька рус. излуче́ние (Крукоўскі, Уплыў, 121).