Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэфо́рма ’змена, пераўтварэнне’, ’перабудова’ (ТСБМ). З рус. реформа ’тс’.

Рэх1 ’паласа раллі або сенажаці’ (Яшк.). Гл. прарэх, урэх.

Рэх2 ’ляшчына звычайная’ (маг., Кіс. 41). Гл. арэх.

Рэ́ха ’водгалас, водгук’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, Шат.), рэ́хво ’тс’ (ТС). Ст.-бел. ехо ’рэха’ < ст.-польск. echo < лац. ēchō ’водгалас, рэха’ < грэч. ἠχώ (Булыка, Лекс. запазыч., 138).

Рэ́хва ’жалезны абруч, які наганяецца на драўляную калодку кола’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Нас., Скарбы, Сцяц., Шат.), ры́хва ’тс’ (Нар. словатв.), ’жалезны абруч; шайба, якая закручваецца на канцы восі; кольца, якім змацоўваюць часткі ў прыладах працы’ (Сл. ПЗБ), ’кольца, якім прымацоўваецца каса да касся’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат.), ’кальцо для замацавання шпулькі ў калаўроце; невялікі жалезны абруч, які надзяецца на слуп і на вароты, каб іх зачыніць’ (Шатал.), рэ́хвіна ’рэхва’ (ушац., Нар. лекс.), рэ́квачка ’металічнае кольца якое прымацоўвае касу да касся’ (ЖНС), ’кольца (на грабільне)’ (Сцяц.), рэ́квачка ’жалезная пятля прымацоўваць аглоблі да саней’ (Сцяшк. Сл.), ра́хва, ри́хва, ра́фы ’тс’ (Маслен.); сюды ж рэ́хва ’дурань’ (Жд. 3, Сцяц.). Ст.-бел. рефа (рефъ, рехва, рыфа) ’вобад’ < ст.-польск. refa, ryfa ’тс’ < ням. Reif ’вобад, абруч’ (Булыка, Лекс. запазыч., 120). Формы ори́хва, горе́хва, орехоўкі ’тс’ (Маслен.) паўсталі з несвядомага імкнення адаптаваць, зрабіць зразумелым чужое слова.

Рэ́хкаць ’кракаць (пра качкі)’ (ЛА, 1). Гукапераймальнае. Параўн. рохкаць (гл.).

Рэ́хма ’напралом (гл. рэпсам)’ (Мат. Гом.). Ад рэхнуць (гл.).

Рэ́хнуць ’стукнуць’ (Мат. Гом.). Рус. раха́ть, рахну́ть ’кідаць што-небудзь цяжкае’, славац. rachnúť ’грымнуць; бухнуць’, чэш. řachnouti ’тс’. Магчыма, гукапераймальнае (Фасмер, 3, 449).

Рэхт1 выклічнік ’няхай будзе так’ (Нас.), ’досыць, даволі’ (Шат., Ян.). Сюды ж рэхта ’канец, гатова’ (ТС). З ідыш або з ням. Recht ’права, закон’ < recht ’слушны, сапраўдны; які мае рацыю; які пасуе’ (Рэйзак, 532).

Рэхт2 ’накшталт, якраз’ (ТС). Скарочанае ад рыхтык (гл.) пад уплывам рэхт1 (гл.).

Рэ́хта ’лоўж (куча галля)’ (ЛА, 1). Няясна.

Рэ́хтаць ’іржаць’ (ДАБМ, камент., 891). Рус. регта́ть ’рагатаць’, чэш. řehtat ’тс’, славацк. rehtať ’тс’, польск. rechtać ’рохкаць’. Гукапераймальны корань *rech‑ (Рэйзак, 554).