Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Развару́ха ’трывожны час’ (Сцяшк. Сл.), ’неспакой’: пашла такая разваруха, што нікому жыця нема (Сержп. Казкі). Ад разварушы́ць па аналогіі з завару́ха, параўн. рус. прастамоўныя завару́ха ’складаная, заблытаная справа’, завари́ть ’пачаць што-небудзь рабіць, не прадбачачы наступствы’. Гл. варушы́ць.

Развары́ць ’размясіць гразь, зрабіць гразкай дарогу’ (Сцяшк. Сл.). Метафарычны перанос значэння на аснове знешняга падабенства разваранай стравы і гразкай дарогі.

Развахтава́цца ’разгайдацца, раскалыхацца для скачка’ (мядз., Нар. сл.). Ад вахта2 (гл.).

Развашапру́дзіць, развашапру́джываць ’выклікаць задаванне, вычварэнне’, ’пачаць задавацца, вычварацца’ (Юрч. СНЛ), вашапру́дствавацъ, вашапру́дствавацца ’задавацца, вычварацца’. Ад вашапру́дзіцца (літаральна ад вошы і прудзіць, гл.) ’вычышчаць вашэй’, ’фанабэрыцца’, вашапру́д ’вашывец’, ’хвалько, фанабэрыста’ (Нас.).

Развашэ́ціцца ’зазнацца, зафанабэрыцца’ (Касп.). Ад пачцівага звароту вашэць (гл.).

Разваява́ць (рузвуюва́ць) ’разбурыць, раскідаць, растрэсці, пабіць’ (Юрч.), развоева́ць ’разбіць, раскідаць, растрэсці’, разваява́ны ’сапсуты, парваны’ (Сцяшк.), развоёваный ’разбіты, раскіданы’ (Нас.). Ад раз- і ваява́ць (гл.).

Разве́даць ’дазнацца пра што-небудзь’, ’зрабіць абследаванне чаго-небудзь’ (ТСБМ), ’даведацца’ (лід., Сл. ПЗБ), разве́даны ’выяўлены, знойдзены, распазнаны’ (Сцяшк. Сл.), разве́дка ’здабыванне звестак, абследаванне’ (ТСБМ), ’першы вылет пчол пасля зімы’ (Сцяшк.). Ад раз- і ве́даць (гл.).

Разве́заць ’размазаць’, ’расквэцаць’ (Янк. 1, Мат. Гом.). Прыставачнае ўтварэнне ад е́заць з няяснай этымалогіяй. Магчыма яно з’яўляецца фанетычным варыянтам вэ́зґаць, вэ́дзгаць ’размазваць’, ’брудзіць’ (гл.).

Разве́й ’жоўты пясок’ (Сцяшк.), ’пясчаная неўрадлівая глеба’ (шчуч., Нар. лекс.). Утворана ад разве́яць (гл.) бязафіксным спосабам, як гле́й (гл).

Развіва́ць ’абясшкоджваць прымхі’: ена раздеецца і бежыць: і на лесі заўе, а то у нас на жыці заўе, а баба наша ўмела развіваць етые завіткі (Ян.). Ад віць2 (гл.).