Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тэнч ж. ‘танката (пра ніткі)’ (навагр., З нар. сл.). Экспрэсіўны назоўнік, утвораны нульсуфіксальным спосабам ад то́нкі (гл.) з адлюстраваннем пераходу о > э. Параўн. то́ўсты, тоўшч, тэўшч, гл.

Тэ́нча ‘вясёлка’ (Шатал., Сл. ПЗБ, Сцяшк., Скарбы, Жд. 1, Сержп. Грам., Мат. Гом., ТС), тэнч ‘тс’ (Сл. рэг. лекс.), сюды ж тэнчо́вік ‘саматканы дыван’ (Рэг. сл. Віц.), тэнчаве́ць ‘пералівацца вясёлкай, святлець’ (Сцяшк. Сл.). З польск. tęcza ‘вясёлка’, таго ж паходжання, што і туча (гл.), параўн. мажлівую сувязь двух паняццяў у ст.-бел. натура наша людскаꙗ … показаласе ꙗко дꙋга, ꙗко тꙋча (XVII ст., ГСБМ), што, відаць, калькуе польск. tęcza ‘дугападобная частка скляпення ў касцёле’ (Варш. сл.).

Тэ́нчыць ‘кленчыць, настойліва прасіць, дамагацца просьбамі’ (Скарбы). Няясна; параўн. фармальна і семантычна блізкае рус. наўг. те́нжить, те́ншить ‘надакучваць, кленчыць, настойліва прасіць’, якое Фасмер (4, 42) выводзіць з польск. tążyć, tężyć ‘тужыць, сумаваць па кім-небудзь’ (гл. тужыць), што з арэальнага пункту гледжання падаецца сумнеўным. Мажліва, дзеяслоў працяглага дзеяння ад гукапераймальнага тэнкаць (гл.) або роднасны польск. stękać ‘стагнаць, скардзіцца’ з рухомым s (гл. стэнкаць). Народнаэтымалагічнай сувяззю з апошнім Федароўскі (Федар. 1, 249) тлумачыў табуізаванне запазычанага тэнча і замену яго словам вясёлка для пазбягання праклёну kab ty cięły wiek stenkaŭ, гл. таксама Астроўскі, Зб. памяці Слаўскага, 522.

Тэ́ньдэ, тэ́ньдыка ‘там, недалёка’ (столін., Бел. дыял. 1, Клундук). Магчыма, запазычанне з польск. tędy ‘той дарогай, праз тое месца’, якое да прасл. *tǫdy, варыянты *tǫdě, *tǫde ад указальнага займенніка *tъ, які ў заходніх славян выступае ў форме м. р. *tъnъ (< *tъ і *nъ, гл. той, ён), гл. Борысь, 630–631. Фанетычна, словаўтваральна і семантычна адаптаванае на заходнепалескай глебе. Параўн., аднак, серб. косава-мятох. тонде ‘там’, для якога прапануецца спалучэнне ўказальнага займенніка з онде ‘там’ (ESSJ SG, 2, 683). Утварэнне з часціцай *te па ўзоры вэнь, вэньдзека ‘вунь’ (гл.)?