Рэпеты́цыя ’развучванне, паўтарэнне або пробнае выкананне драматычнага, музычнага і пад. твора’ (ТСБМ). З рус. репетиция ’тс’.
Рэ́пех ’лопух вялікі, Arctium lappa L.’ (ЛА, 1). Гл. рэпік.
Рэ́пік ’род шматгадовых травяністых раслін сямейства складанакветных’ (ТСБМ), ’Eupatorium L.’ (Байк. і Некр.), ’дзядкі’ (Касп.). Укр. репʼя́х, рус. репе́й, польск. rzep, в.-луж. rěpik, чэш., славац. repík ’тс’, серб. і харв. рѐпух ’тс’, балг. репей, ст.-слав. рѣпьѥ. Прасл. *rěpъ/*rěpьjь ’учэплівая расліна’ ад *rěpiti ’хапаць, чапляцца’ (Борысь, 533). Мяркуецца сувязь з літ. aprepti ’ахопліваць’, reples ’абцугі’, ст.-прус. raples ’тс’, лац. rapio ’хапаць, абрываць’ (Фасмер, 3, 471).
Рэ́піца ’хваставая частка пазваночніка ў жывёлін’ (ТСБМ). Укр. рі́пица ’тс’, рус. реп́ица ’тс’, польск. rząp ’хвасцец’, в.-луж. rjap ’хрыбет’, славен. rep ’хвост’, серб. і харв. ре̑п ’тс’. Прасл. *rępъ/*rępь азначала, напэўна, кароткі хвост, абрубак хваста, сам хвост як працяг хрыбта. Магчыма, роднаснае прасл. *rǫbiti ’рубіць’ і ням. Rumpf ’тулава’ (Трубачоў, Этимология–1964, 8).
Рэ́піць ’заўзята, з захапленнем граць, скакаць’ (Сцяшк. МГ). Ад рыпаць 2 (гл.). Чаргаванне ы : э, магчыма, пад уплывам польск. rzępolić ’кепска граць на скрыпцы’, rzępak ’музыка’, rzępolą ’той, хто кепска грае на скрыпцы’. Польскія словы Брукнер звязвае з rząp ’хвасцец, зад’ (Брукнер, 474), што неверагодна. Можна таксама дапусціць уплыў назвы народнага танца Рэпка > рэпіць ’скакаць або граць Рэпку’ > ’граць, скакаць’.
Рэ́пішча ’поле пасля рэпы’ (Яшк.). Аналагічна грача́нішча ’поле пасля грэчкі’ (ЛА, 2), гарахаві́шча ’поле пасля гароху’ (ЛА, 2). Прасл. *rěpišče < *rěpa. Гл. рэпа 1.
Рэ́пка 1 ’драўляны блок, які прыводзіць у рух шпульку ў калаўроце’ (Касп., Нар. сл., Скарбы), ’кальцо для замацавання шпулькі ў калаўроце’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’кальцо для прымацавання шыйкі касы да касся’ (Шатал.), рипа ’дэталь самапрадкі, якая злучае верхнюю частку з падстаўкай’ (Уладз.). Форма рэ́пка ўтварылася паводле народнай этымалогіі, магчыма, з-за знешняга падабенства дэталі да рэпы. З лат. ripa ’дыск; круг; шайба’.
Рэ́пка 2 ’надкаленная косць’ (ТСБМ, Жд. 2; смарг., Сл. ПЗБ), анат. ’макаўка (у жывёлін)’ (гродз., Сл. ПЗБ). Укр. рі́пиця ’тс’. Іншая назва чашка (гл.). Паводле знешняга падабенства звязана з рэпка 1 (гл.).
Рэ́пка 3 ’скрутак лык’ (Жыв. сл., ЛА, 4), ’звязка апрацаванага льну’ (Сцяшк. МГ), ’скрутак’ (віл., раг., Сл. ПЗБ). Паводле знешняга падабенства звязана з рэпка 1 (гл.).
Рэ́пкі ’цукровыя буракі’ (Жыв. НС), ’чырвоныя буракі’ (Сл. Гродз., Сл. рэг. лекс.). Гл. рэпа 1.
Рэ́пліка ’кароткі адказ, заўвага’ (ТСБМ). Ст.-бел. реплика < ст.-польск. replika < с.-лац. replica (Булыка, Лекс. запазыч., 51).
Рэ́пнік 1 ’бацвінне рэпы’ (ТСБМ), рэпнік ’страва з бульбы, морквы, бручкі, забеленая малаком’ (З нар. сл.; гродз., Сл. ПЗБ), рэ́пнык ’тс’ (Сл. Брэс.). Ад рэпа 1 (гл.).
Рэ́пнік 2 ’Rapistrum’ (ЭПБ, 4), ’лопух’ (шальч., Сл. ПЗБ). Гл. рэпік.