Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэ́готы ’драўляная пасудзіна ў выглядзе карыта, у якой мялі сукно’ (З нар. сл., Сл. Брэс.). Няясна. Магчыма, звязана з польск. rechot ’роў, напоўнены вадой’, бо першапачаткова для апрацоўкі сукна маглі выкарыстоўваць роў з вадой, а пазней ужо пасудзіну. Польскае слова Ліндэ выводзіць з франц. Rechaud de rempart ’абарончы вал; роў’ (Ліндэ, 5, 34). Магчымая семантычная паралель: польск., чэш. koryto ’рэчышча’ — карыта ’пасудзіна’.

Рэгра́цыя ’вольны час, адпачынак; лёгкая праца’ (Нас.). Ст.-бел. рекрацыя ’тс’. Параўн. яшчэ славац. regrácia ’забава’. Гл. рэкрэацыя.

Рэ́гты адз. л. няма ’гучны смех’ (Янк.). Славацк. rehot ’рогат; іржанне’, польск. rechot ’кваканне; рогат’, чэш. řeht ’тс’. Параўн. яшчэ укр. выраз реготы беруть ’вельмі смешна’. Бязафікснае ўтварэнне ад рэхтаць (гл.).

Рэ́гула ’правіла’ (Нас.), рэгул ’канец’ (відаць, больш дакладна ’мера’) (Жд. 3). Ст.-бел. рекгула (регула) ’правіла; каталіцкі манастырскі статут’ < ст.-польск. reguła ’тс’ < лац. rēgŭla ’норма, правіла’ (Булыка, Лекс. запазыч., 180).