Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пярдзе́ць ’pedere’ (Федар. 6), сюды ж пярдзі́на ’від грыбоў’: ета пярдзіна, ён — як атрава (Бяльк.), укр. перді́ти ’pedere’, рус. перде́ть, польск. pierdzieć, палаб. pohrde, чэш. prděti, славац. pdieť, в.-луж. pjerdźeć, н.-луж. pjerźeś, серб.-харв. пр́дети, славен. prdẹ́ti, балг. пърдя́, макед. прди ’тс’. Прасл. *pьrděti, параўн. літ. pérsti, pérdžiu, лат. pir̃st, pęr̃du, ням. furtzen, ст.-інд. párdatē, грэч. πέρδομαι ’тс’ (Фасмер, 3, 235–236; Скок, 3, 29–30; Шустар-Шэўц, 2, 14, 1080; Махэк₂, 482–483; БЕР, 6, 81; Банькоўскі, 2, 557).

Пярло́ўка, парло́ўка ’ячныя крупы’ (в.-дзв., бяроз., Сл. ПЗБ). Да пе́рл ’жэмчуг’ (гл.) з-за падабенства колеру круп да жэмчуга, хаця больш праўдападобна запазычанне з рус. перло́вка ’ячныя крупы’, што як і польск. kasza perłowa з ням. Perl‑graupen ’ячныя крупы’, гл. пе́рла (пэ́рла) ’тс’. Пярловыя маціцы ’каралі з жэмчуга ці падробак пад жэмчуг’ (Малч., 162) таксама з’яўляюцца дакладным перакладам ням. Perlemutter, гл. перламутр.

Пярна́т (перна́т) ’пухавік’ (Нас.), ’пярына’ (Бяльк.), pirnát ’вялікая падушка з пер’я на ўвесь ложак’ (Варл.), пярна́ты ’падушкі’ (Шат.), пырна́ты, перна́ты ’пярына’ (Булг.). Запазычана з польск. piernat ’матрац, напоўнены пер’ямі’ (Кюнэ, Poln., 86), што, відаць, уяўляе субстантываваную кароткую форму прыметніка *perьnatъ, параўн. ст.-бел. пернатыи (Скарына), укр. перна́ткий ’пакрыты пер’ямі’, рус. перна́тый ’тс’, чэш. pernatý, ст.-чэш. peřnatý, славен. pernat, балг. перна́т ’падобны да пяра’, ст.-слав. перьнатъ ’пакрыты пер’ямі’. Польскае слова, паводле Банькоўскага (2, 558), выводзіцца з дыял. piernaty, pierznaty < *pierzynaty, ад *perina, гл. пяры́на ’пяро’, што неабавязкова, параўн. балг. пе́рен ’перысты’ (< *perьnъ) з далучэннем суфікса носьбіта прыкметы — перна́тка; у народнай песні: патки пернатки ’пёрыстыя качкі’ (БЕР, 5, 177).

Пярну́ць ’моцна ўдарыць’ (бялын., Янк. Мат.; Яўс.), пя́рнуць ’тс’ (круп., Жыв. сл.). Аднакратны дзеяслоў да пе́рыць ’біць’ (гл.).

Пяро́ ’пяро птушкі; пяро для пісання; зялёны ліст цыбулі ці часнаку; лопасць у інструментах’ (ТСБМ), ’птушынае пяро’ (Шымк. Собр., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’плаўнік’ (свісл., Шатал.), перо́ ’пяро ў птушкі’ (Сержп., Каз.), ’лапатка ў вясле; перыстая трава; плаўнік у рыбы’ (ТС), ’лускавінка ў шышцы; сцябло цыбулі’ (ПСл), пэро́ ’шырокая частка вясла’ (Маслен.), ж. р. пяра́ ’птушынае пяро’ (даўг., Сл. ПЗБ), пяры́на ’адно птушынае пяро’ (ТСБМ), пяры́нка ’пёрка’ (Бяльк.), укр. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік’, піры́на ’адно пяро’, рус. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; шырокая частка вясла’, польск. pióro ’птушынае пяро; крыло; пяро для пісання; лопасць’, чэш. pero, péro ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, славац. pero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, палаб. perü ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, в.-луж. pjero ’пяро; плаўнік’, н.-луж. pjero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, славен. perȏ ’птушынае пяро; пружына гадзінніка; пяро для пісьма; вастрыё пілы; язычок ключа’, серб.-харв. пѐро ’птушынае пяро; плаўнік; ліст’, балг. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; ліст расліны; лопасць; зялёны ліст цыбулі’, макед. перо ’птушынае пяро; восць коласа; ліст кукурузы; пяро для пісання’. Праслав. *pero ’пяро’, роднаснае літ. spar̃nas ’крыло, лопасць’, лат. spàrns ’тс’, ст.-інд. parnám ’крыло, пяро’, авест. parəna‑ ’пяро, крыло’, перс. parr ’тс’, ням. Farn ’папараць’, што ўзыходзяць да і.-е. *per‑/*sper‑ гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання (перадае трымценне), параўн. Фасмер, 3, 243; Шустар-Шэўц, 2, 1081; Глухак, 475. Менш верагодная іншая версія, згодна з якой праславянская форма параўноўваецца з грэч. πτερόν ’пяро, крыло’, πέιομαι ’ляцець’, ст.-інд. pátram ’крыло, пяро’, лац. penna ’тс’, ст.-в.-ням. fedara ’пяро’, ням. Feder ’тс’, што да і.-е. *ptero < *pet‑ ’ляцець’, параўн. Бязлай, 3, 27; Сной₂, 507; БЕР, 5, 179, насуперак ESJSt, 11, 636, дзе па словаўтваральных крытэрыях аддаецца перавага апошняй версіі.

Пяро́д ’вузгалоўе (у возе)’ (ЛА, 2), пэро́д ’раней’ (пін., Сл. ПЗБ), перэ́д ’перадок (ботаў)’ (ПСл). Гл. перад.

Пяро́чка ’папярочка’ (Шат.; пух. Сл. ПЗБ). Гл. пе́рак.

*Пярса́ (перса́, пірса́) ’пілаванне’ (ПСл). Гл. пырса́.

Пярсты́ ’выступы ў бярвенцах сцяны, якія ўваходзяць у праём’ (Мат. Маг.); сюды ж, відаць, ст.-бел. персть ’адзінка вымярэння даўжыні, роўная 2,7 см’ (Ст.-бел. лексікон). Несумненна, да прасл. *pьrstъ ’палец’, параўн. укр., рус. перст, польск. parst, чэш., славац. prst, в.-луж. porst, серб.-харв. пр̏ст, славен. pȓst, балг. пръст, макед. прст, ст.-слав. пръстъ ’тс’, да семантыкі параўн. па́лец ’палец’, ’выступ, які заходзіць у паз’ (ТС). Роднаснае літ. pir̃štas ’палец’, лат. pirsts, pìrksts ’тс’, ст.-прус. pirsten ’тс’, што дае падставы для рэканструкцыі балт.-слав. *prstos (Глухак, 507). Казлова (БЛ, 22, 105) на падставе роднасных ст.-в.-ням. first ’вастрыё, вільчак’, лац. postis ’слуп’, авест. paršta‑ ’спіна’ прапануе ўзнаўленне першаснага значэння ’выступ’. Рэканструкцыя семантычнага рэгіяналізма ў якасці будаўнічага тэрміна здаецца праблематычнай.

Пярсце́ц1 (пярсьце́ц) ’безыменны палец’ (Ласт., Стан.). Памянш. да *pьrstъ > (гл. пярсты), параўн. ст.-польск. pierściec ’палец’ у складзе батанічных назваў piącipierściec, pięćpierściec (1437 г.) ’дуброўка, Potentilla L.’ (*pьrst‑ьcь, гл. Банькоўскі, 2, 559), балг. пръсте́ц ’від грыбоў; узор на кажуху’ (ад пръст ’палец’) і пад.

Пярсце́ц2 (персце́ц) ’яма на тарфянішчы пасля пажару’ (ТС). Відаць, да прасл. *pьrstь ’попел, прах’, параўн. ст.-бел. персть ’зямля’, укр., рус. пе́рсть ’тс’, польск. pierść ’сухая сыпкая зямля, пыл’, чэш., славац. prsť ’зямля, верхні пласт глебы’, в.-луж. pjeršć ’тс’, славен. pȓst ’тс’, серб.-харв. пр̑ст ’тс’, балг. пръст ’выкапаная зямля; попел, пыл’, макед. прст ’зямля, пыл’, ст.-слав. прьсть, пръсть ’прах’, роднасныя літ. pir̃kšnys мн. л. ’жар, прысак’, лат. pìrkstis ’прысак’, ст.-інд. pŕ̥s̥an ’плямісты, стракаты’, ст.-ісл. fors ’вадапад’ (Фасмер, 3, 245; Шустар-Шэўц, 2, 1082; БЕР, 5, 829; Скок, 3, 57; Сной₂, 589; ЕСУМ, 4, 355). Да семантыкі параўн. балг. пръ́стник ’заглыбленне, яма’, пръстница ’месца, дзе капаюць гліну’ і пад.; тапонім польск. Pierściec (1550 г.) у Сілезіі (Банькоўскі, 2, 559). Матывацыйна звязана з порах, перхаць (гл.).