Лубок ’лубянка’, ’абечак’, ’луб’ (ТСБМ, ТС, Касп.). Да луб 1. Гл. таксама лубк 1. Сюды ж маст. лубок ’сабачая будка’ (Сцяшк. Сл.).
Лубуя́тнік ’ліпавыя палкі, з якіх абадрана кара’ (Бяльк.). Утворана ад лу́бʼе і суфікса ‑ятнік, які служыць для абазначэння месца, памяшкання. Параўн. аналагічнае значэнне ў лексемы лубяк (Масарэнка, КЭС).
Лубя́к ’нявырабленая скура’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Да луб 1 (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 130–132).
Лубяне́ць ’станавіцца цвёрдым, нягнуткім, падобным на луб’ (ТСБМ), лубя́ніць ’(аб яйку) выдаваць глухі гук, будучы цвёрдым’ (Шат.; Васілеўскі, БЛ, 10, 17). Утворана ад лубяны́ ’зроблены з лубу’, ’цвёрды, нягнуткі, падобны на луб’ (ТСБМ). Параўн. таксама гродз. лубяні́сты ’цвёрды, чэрствы’ (Сцяшк. Сл.). Да луб 1 (гл.). Гл. і лубець.
Лубя́нка дроблены з лубу ці бяросты кораб для захоўвання чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ; палес., З нар. сл.), ’кош памерам у 5–6 гарцаў’ (Шат.), ’вялікая бочка для зерня’ (Ян.), ’калыска, сплеценая з лыка, каранёў хвоі’ (Шат.; шчуч., З нар. сл.; рагач., лях., Сл. ПЗБ), ’абечак’, ’прыстасаванне для зімняй лоўлі ракаў’ (ТС). Укр. лубʼя́нка ’павозка, абшытая лубам’, гуц. ’будан, пакрыты лубам’, рус. пск., ярасл., іван., алан., смал., перм. лубя́нка ’куфар’, ’кош’, ’лубок’, сімб. ’лубяны будан’, польск. łubianka ’кошык з лубу’, ’воз, пакрыты лубам’, каш. łëbʼonka ’жлукта’; łubianki ’бакавыя дошкі ў санях’. Паўн.-слав. luběn‑ъka ўтворана ад прасл. luběnъ (Слаўскі, 5, 273). Да луб 1 (гл.).