Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Журма́н ’хітрун’ (Сл. паўн.-зах.). Фіналь ‑ман фіксуецца яшчэ ў некаторых бел. прастамоўных і дыялектных словах: брэ́хман, ’брахун’, чу́хман ’хто чухаецца’, лысма́н ’лысы’, глушма́н ’глухі’, рыжма́н рыжы’, рэчма́н ’плытагон’ (Сцяцко, Афікс. наз., 54, 116, 160). Першы кампанент, магчыма, жур‑ (гл. журба1) прадстаўлены і ў такіх значэннях, як журлівы ’сумны’ і ’сварлівы’, журыць ’дакараць’. Не выключана і ўспрыняцце хітрай, не сапраўднай журбы ў таго, каго называюць журманам. Але найбольш верагодна сувязь з рус. калуж. журава́ть ’гуляць, гарэзаваць (пра хлопца з дзяўчынай)’, фанетычным варыянтам рус. дыял. жировать ’тс’ (параўн. жыр, жыраваць1; дзеяслоў фіксуецца ў Сл. паўн.-зах. у варыянце журува́ць, хоць і ў агульным значэнні ’харчавацца’), журавли́вый ’такі, што любіць пагуляць з дзяўчатамі’, жураво́й ’законнанароджаны’.

Журна́л ’кніга запісаў’, у пачатку XX ст. таксама ’часопіс’ (Гіст. лекс., 264). Рус. журна́л першапачаткова (пачатак XVIII ст.) ’дзённік, кніга дзённых запісаў’, потым (сярэдзіна XVIII ст.) ’літаратурнае выданне’ (Біржакова, Очерки, 167). Франц. journal ’дзённы запіс’, з XVII ст. ’выданне’, Блох-Вартбург, 347). Слова пашыралася ў большасці еўрап., у тым ліку слав. моў. У бел. з рус.

Журча́ць, журчэць ’цурчаць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. журча́ть, укр. журча́ти (параўн. дзюрча́ти ’тс’), в.-луж. žurčeć ’тс’, славац. žurčať ’тс’. Утворана ад гукапераймальнай асновы *geu‑, якая суадносіцца з *gō̆u̯‑ (гл. гук, гаварыць, гутарыць) з пашырэннем ‑r‑ і суфіксальным ‑k‑ (як гук) > ‑č‑ перад ‑ě‑ti. Гл. жук, жужэць. Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 300), гукапераймальнае журчь + ати (параўн. гурк, урчать, ворчать). Праабражэнскі (1, 238–239), Фасмер (2, 68) указваюць на гукапераймальны характар слова.

Журы́цца ’сумаваць’, журы́ць ’дакараць’, журлівы. Рус. жури́ть, дыял. жури́ться ’тс’, укр. жури́ти ’выклікаць сум’, рэдк. ’дакараць’, жури́тися ’сумаваць’, журли́вий, ст.-польск. żurzyć się ’гневацца, злавацца’, польск. дыял. żurzyć się ’спрачацца’, чэш. žúřit ’гневацца, сварыцца’, славац. žuriť ’сварыцца, дакараць’, н.-луж. žuriś ’рабіцца злым’, žuriś se ’кіснуць, злавацца, гневацца’, славен. žúriti1 ’застаўляць’, žúriti se ’паспяшаць, старацца’, žúriti2 ’ачышчаць ад скуры’, серб.-харв. жу́рити ’падганяць’. Ст.-рус. журити ’дакараць’ (з 1673 г.). Фасмер (2, 68), Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1970, 3, 145) прымаюць думку Развадоўскага (Wybór, 2, 172) пра сувязь журыцца з серб.-харв. гу́рати ’пхаць’, славен. gúrati ’напружваць, мучыць’. Развадоўскі лічыць роднасным гоц. gáurjan ’рабіць смутным’ і ўзводзіць да і.-е. *geur‑. Магчыма лічыць, што гэта той жа корань, што ў слове жураць ’тлець’ (гл.). Сувязь ’гаварыць’ — ’гарэць’ вядомая і для іншых выпадкаў, а Краўчук (Зб. Крапіве, 195–196) адзначыў яе для пары балг. жевря се ’хныкаць, выпрошваць’, укр. жевріти ’тлець’, якая суадносіцца па кораню з журыццажураць. Журыць азначала першапачаткова моўную дзейнасць, а сувязь ’гарэць — паліць — пячы’ з ’дакараць’ — ’сумаваць’ адлюстроўваецца і ў іншых выпадках. Супрун, Бюлетин за съпоставително изследване на български език с други езици, 1976, 5, 76–78; Непакупны, Балтійскі родичі слов’ян, 1979, 100–101. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 68; Праабражэнскі, 1, 238–239; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 229; Пятлёва, Этимология, 1967, 178; Младэнаў, ГСУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 61–62.

Журэ́ць ’разгарацца’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, кантамінацыя жураць1 (жураць) і літ. žiorúoti ’тлець, іскрыцца, разгарацца’, на якое ўказвае Сл. паўн.-зах. (2, 160), паколькі слав. хутчэй не дае значэння ’разгарацца’. Літ. слова Фрэнкель (1312) узводзіць да žarà ’зара’, якое суадносіцца са слав. зара.