Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жму́ркі ’назва гульні’ (ТСБМ; гродз., Нар. словаўтв., 256), жму́ркі, зму́ркі ’частаванне на другі, трэці дзень пасля хрэсьбін’ (пухав., бярэз., Жд.). Рус. жму́рки ’назва гульні’, смал. ’нябожчыкі’, укр. жму́рки ’(назва гульні’, польск. żmurki ’тс’, чэш. žmukaná, уст. žmukačka ’тс’, славац. žmúračka, уст. разм. žmurky, серб.-харв. жму́рка, жму́ра, жми́ра ’назва гульні’. Відаць, яшчэ прасл. аддзеяслоўны назоўнік (гл. жмурыць) з суфіксам ‑ък‑, аформлены па мн. л.; на старажытнасць можа ўказваць не толькі агульнаслав. пашырэнне, але і выкарыстанне ў якасці назвы абраду, хаця і гульня можа адносіцца да старажытных.

Жмуро́ю ’разам, у сукупнасці’ (Віл., Сл. паўн.-зах.). Прыслоўе з тв. скл. паз *жмура. У прыкладах: пчолы (або мошкі) ляцяць жмурою. Магчыма суаднясенне з рознымі сэнсамі: жмура экспрэсіўны варыянт ад *хмура (гл. хмурынка, хмара); экспрэсіўнае ўтварэнне ад *чмура (параўн. чмурэць ’дурэць’); ад жмура (гл.) < жмурыць ’закрываць вочы’. Няясна. Гл. ашмурэць.

Жму́рыць ’прыплюшчваць вочы’. Рус. жму́рить, укр. жму́рити ’тс’, польск. дыял. żmurzyć, в.-луж. žmrikać ’маргаць’, н.-луж. zmriś ’маргаць, жмурыць’, чэш. žmukati ’жмурыцца ў гульні ў жмуркі’, уст. žmourati ’тс’, славац. žmuriť, славен. žmúriti, žmeriti ’жмурыць’, серб.-харв. жму́рити, жми́рити ’тс’, балг. дыял. жмуря (літ. жумя̀). Прасл. дыял. *žьmuriti ўтворана ў выніку метатэзы з *mьžuriti; параўн. мігаць, рус. мгновение, смежить (очи). Метатэза магла адбывацца пад уздзеяннем народна-этымалагічнага збліжэння з коранем *žьm‑ ’сціскваць’ (гл. жаць2). Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 295; Фасмер, 2, 60; Міклашыч, 208; Брандт, РФВ, 23, 1, 87; Аппель, РФВ, 4, 3, 65; Махэк₂, 730; Скок, 2, 420; Праабражэнскі, 1, 235; Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1970, 8, 142. Ва ўкр. мружити, польск. mrużyć сувязь з маргаць, а не перастаноўка r — ż, на што ўказваюць апошнія (Брукнер, 346).

Жмут1 ’скрутак, камяк’, жмук ’тс’ (Янк. III), жмак ’тс’ (Янк. III, Сл. паўн.-зах.), жмах ’тс’ (Абабурка). Рус. алан. жмут ’вяроўка з лыка’, жмак ’камяк’ (Даль), укр. жмут ’скрутак’, жмак ’тс’, польск. дыял. żmut, żmot, żmyt ’тс’, в.-луж. žmoł ’камяк’, żmót ’маток’ (Пфуль), чэш. žmol/jek ’камяк’, славен. žmukelj, žmik, žmókelj, žmitek ’камяк, скрутак’, балг. жма́тина ’скрутак сена’, макед. жмучка ’груз’. Ад кораня *žьm‑ (гл. жаць2, жмаць) з рознымі суфіксамі пасля розных галосных (гл. пра суфіксы ‑к‑, ‑х‑, ‑t‑, ‑l‑ у Слаўскага, SP, 1, 89–114, 76–86; З, 38–60), што ўказвае на экспрэсіўны характар вытворных. Безлай (Linguistica, VIII/1, 71–72) сумняваецца ў сувязі з жаць і параўноўвае з літ. míegti, mýgti ’ціснуць’.

Жмут2 ’скнара’ (Бялын., Янк. Мат., 23; Яўс.; міёр., З нар. сл., 290), жмот ’тс’ (Яўс.), жмуціла (міёр., З нар. сл., 290). Рус. прастамоўн. жмот, дыял. жмут ’тс’. Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 294), суфіксальнае вытворнае ад жмать (жмаць). Гл. жаць2. Не выключана, аднак, і ўзаемадзеянне альбо нават семантычнае ўтварэнне ад жмут1 ’скрутак’ (гл.), супраць чаго адсутнасць на рус. і бел. тэрыторыях фіксацыі форм з о (жмот) у знач. ’скрутак’. Гл. Пятлёва, Этимология, 1970, 208.

Жмух ’жменя’ (драг., Нар. словатв., 144). Параўн. укр. жмит ’тс’ (Жэлях.). Гл. жмуха, дзе паказан шлях утварэння ад кораня *žьm‑ (гл. жмаць, жаць2) праз дзеясловы тыпу *жмухаць да бязафікснага назоўніка.

Жмуха́ ’жамерыны’ (драг., Нар. словатв., 144), жмух, жмуха́, жмы́ха́, жмі́ха ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), жмых, жмы́ка ’тс’ (Мат. Гом.), жма́кі ’тс’ (Касп., Абабурка). Рус. жмых, дыял. смал., уладз., калуж., варонеж., кур., арл. жма́ка, кур. жмак, ярасл., разан., уладз. жмы́ки, укр. жма́ки, жмихи ’тс’. Чэш. žmach, žmoch ’гразь, нешта разбітае’. Ад кораня *žьm‑ (гл. жаць2). З рознымі галоснымі і суфіксальнымі ‑х‑ ці ‑к‑ утвараліся дзеясловы тыпу жмыхаць ад žьm‑a‑ti, ад дзеясловаў — бязафіксныя назоўнікі тыпу жмых, жмух і г. д. (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 295; SP, 1, 76). Нельга, відаць, выключаць і непасрэднага ўтварэння назоўнікаў жмакъ ад жма‑ти, як знакъ ад знати. Параўн. жамерыны, жмаць. Параўн. паўд.-слав. утварэнні з элементам ‑ер‑: балг., макед. жмерки ’шкваркі’, макед. жмер ’асадак пры вытаплены сала’, славен. žmeterina ’адходы воску’.

Жму́ціць ’скупіцца’ (Бялын., Яўс.). Рус. урал. жмути́ться ’тс’. Адсубстантыўны дзеяслоў ад наз. жмут2 з суфіксам ‑і‑ць.

Жмы́хаць ’мыць бялізну’ (расон., Шатал.), жма́хаць ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. жмы́хать ’тс’, укр. жминка́ти, жма́кати ’тс’, славац. žmýkať ’тс’, славен. žmikati ’сціскваць (у тым ліку вінаград, сыр, бялізну)’, žmúlja ’пральная дошка’. Ад. прасл. *žьm‑ (гл. жаць2) з суфіксамі ‑уха‑, ‑аха‑ (Слаўскі, SR, 1, 76) ці ‑ука‑ ўтварыліся дзеясловы з абазначэннем дэфарміруючага сцісквання; магчыма, менавіта на гэта ўказваў экспрэсіўны суфікс. Параўн. рус. жмакать ’неахайна сціскваць’, серб.-харв. жми̏кати ’выціскваць’ і інш. У гаворках адбывалася семантычная спецыялізацыя: пераход да ’праць’.

Жмя́каць ’чмякаць’ (Нас.). Рус. дыял. жмякать ’есці з чмяканнем; сціскваць; удараць, кідаць’, укр. жма́кати ’жаваць’, балг. дыял. жми́чка ’выдаваць гук мокрага прадмета, калі на яго націскваюць’. Паколькі рус. значэнні звязваюць з коранем *žьm‑ (жаць2), наўрад ці чыста гукапераймальнае, як указвае наконт балг. слова БЕР, 1, 552. Відаць, тут, з аднаго боку, сувязь з гэтым коранем, а з другога — з гукапераймальнымі тыпу чмякаць, шмякаць.