Гуза́ць ’вязаць снапы’, ’біць вяроўкай’ (Нас.). Да слав. *ǫz‑: *ęz‑ ’вязаць’ (гл. вяза́ць < *vęzati, гуж 1). Параўн. таксама Фасмер, 1, 471, і падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 93–94 (але без бел. дзеяслова). Параўн. яшчэ ў Насовіча гуз ’вузел; сувязь’.
Гу́зік ’гузік’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк.), гу́зік ’тс’ (Сцяшк.). Падрабязны агляд форм гл. Сцяц. Нар., 124. Ст.-бел. кгузъ, гузъ, кузъ, кгузикъ, гузикъ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. guzik ’тс’ (таксама запазычаны ўкр. дыял. гузик, гудзик, рус. дыял. кузик). Гл. Слаўскі, 1, 381–382; Кюнэ, Poln., 59.
Гузы́нства ’сяброўства’ (Касп.). Ці не з *кузынства (да *кузын ’дваюрадны брат’)? Параўн. польск. kuzyn ’дваюрадны брат, сваяк’, kuzynostwo ’сваяцтва’.
Гук ’парастак (на дрэве)’ (БРС), ’невялікая галінка’ (Шат.). У Яшкіна: ’тоўсты сук, разгаліна, ствол з голлем’, ’адгалінаванне дарогі’. Укр. дыял. гук ’парастак цыбулі’. Трубачоў (Эт. сл., 7, 169) параўноўвае з рус. дыял. гук ’мыс, які ідзе вузкай паласой у мора, возера, раку’, далей з укр. гук ’свіное рыла’ і мяркуе аб роднаснасці са слав. *gyčь. Параўн. яшчэ Куркіна, Этимология, 1971, 61.
Гукаўло́ўнік (БРС). Беларускае новаўтварэнне паводле рус. звукоуловитель.
Гука́ць ’гукаць’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк.), гу́каць ’гаварыць; стукаць’ (Нас.), ’гаварыць’ (Касп., Жд. 1, Шатал.). Лічыцца гукапераймальным утварэннем прасл. характару. Параўн. рус. гукать ’гукаць; гаварыць’, укр. гукати ’гукаць’, польск. hukać; балг. гукам, чэш. houkati ’крычаць, быць’ і г. д. Прасл. *gukati (так у Трубачова, Эт. сл., 7, 169) або хутчэй *gukati, *hukati, *chukati (так у Слаўскага, 1, 432–433).
Гул ’гул’ (БРС), гулкі, гулка (БРС, Касп., Бяльк.). Рус. гул, гулкий, укр. гул. Не вельмі яснае слова. Мацэнаўэр (LF, 7, 204), Бернекер (1, 361) параўноўвалі гэту лексему са ст.-ісл. gaula ’быць’, gaul ’выццё’. Няпэўна; гл. Фасмер, 1, 472. Бернекер (там жа) і Фасмер (там жа) дапускаюць роднаснасць з *govorъ, *govoriti (суфіксальнае ўтварэнне на ‑l‑). Параўн. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 7, 173.
Гула́ ’лухта, глупства’ (Нас.). Няясна. Магчыма, з хула́. Аднак не выключаецца, што ёсць сувязь са слав. дзеясловам *guliti. Параўн. рус. гу́лить ’жартаваць’, укр. гули́ти ’абдурваць’ і г. д. (гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 170).
Гульня́ ’гульня’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк.). Утварэнне ад дзеяслова гуляць (гл.).
Гульта́й ’гультай’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк., Сцяшк., Жд. 1). Слова не вельмі яснага паходжання. Параўн. рус. гультяй, гультай ’тс’, укр. гультай, гільтай. Сабалеўскі (Slavia, 5, 448) выводзіў гэтыя словы з *гольтай. Фасмер (1, 473) звязваў гультай з гулять. Польск. hultaj, holtaj, паводле Слаўскага (1, 435–436), запазычана з укр., якое быццам паходзіць з даўняга *golьtajь *golьtjajь (так ужо ў Сабалеўскага), да *golъ ’голы’. Адносна суфіксацыі і магчымых балтыйскіх уплываў параўн. Мартынаў, Лекс. балтызмы, 24. Паводле Трубачова (Эт. Сл., 7, 171), зыходным з’яўляецца назва дзеяча тыпу *gulʼajь (ад *gulʼati) з суфіксам ‑jь. Формы тыпу гульта́й другасныя (з эпентэтычным ‑t‑). Няпэўна.