Блакно́т. Рус. блокно́т, укр. блокно́т. Запазычанне з франц. мовы (франц. bloc‑notes < англ.). Гл. Шанскі, 1, Б, 143.
Бландзі́н, бландзі́нка (БРС). Рус. блонди́н, блонди́нка, укр. блонди́н, ‑ка. Паводле Фасмера, 1, 176, першаснай формай быў назоўнік ж. р. (тыпу бландзі́нка), які запазычаны з ням. Blondine (а гэта з франц.) або франц. blondine ’бландзінка’. Назоўнік м. р. з франц. blondin або ж другаснае ўтварэнне ад бландзі́нка. Фасмер, 1, 176; Шанскі, 1, Б, 143. У аснове ўсяго ляжыць франц. blond(e) ’бялявы, -ая’. Да гісторыі гэтага слова і магчымай сувязі з герм. мовамі гл. Клюге, 86.
Бланк. Рус. бланк, укр. бланк. Запазычанне з франц. blanc або ням. Blanko. Франц. слова < blanc ’белы’ (> ’чысты, незапоўнены’). Гл. Фасмер, 1, 172; Праабражэнскі, 1, 28; Шанскі, 1, Б, 135–136.
Бла́нка ’жэрдка, якая прымацоўваецца ўпоперак паміж кроквамі’ (палес., Тарнацкі, Studia). Бясспрэчна, дыялектная форма (азванчэнне п > б перад санорным) да пла́нка (гл.), якое запазычана з ням. Planke.
Блат, па бла́ту (БРС), блатны́. Рус. блат, блатно́й, укр. блатни́й. Слова, якое пранікла са зладзейскага арго. Мабыць, з польск. blat ’той, хто захоўвае па знаёмству і да т. п.’ < яўр.-ням. blat. Гл. Фасмер, 1, 172; Хрысціані, AfslPh, 32, 265; Трахтэнберг, Блат. муз., 182 і далей; Шанскі, 1, Б, 136. Некаторыя іншыя версіі гл. Фасмер, там жа. Параўн. яшчэ ўкр. дыял. блят (аб гэтым Рудніцкі, 153). Гл. таксама блатаваць.
Блатаваць ’валацужнічаць’, блатны ’валацужны’ (Яўс.). Бясспрэчна, звязана з блат (гл.). Развіццё значэння: ’блатны, зладзейскі’ — ’зладзейскі, валацужны’ — ’валацужны’; ’валацужнічаць’. Параўн. яшчэ блот.
Блашчынец, блашчычнік ’расліна звычайны лянок, Linaria vulgaris Mill.’ (Кіс.). Бясспрэчна, да блашчы́ца ’клоп; блыха’ (гл.). Магчыма, як сродак супраць блох або клапоў (расліна досыць ядавітая, гл. Нейштадт, Определитель, 492). Параўн. яе назвы ў іншых мовах, напр., славац. svinský chreň (для абмывання парасят); чэш. дыял. morová zelina (гл. Махэк, Jména rostl., 211).
Блашчы́ца 1 ’клоп’ (Жд., Янк. БП, Сцяц., Сцяшк. МГ, Янк. I, Інстр. II, Выг. дыс., Арх. Бяльк., слонім.). Параўн. яшчэ блашы́ца ’клоп’ (Сцяшк.) і блашчы́ца ’блыха’ (Янк. II). Рус. дыял. блощи́ца ’клоп’, укр. блощи́ця ’клоп; блыха’, ёсць два тлумачэнні: 1) зыходнае *bloščica, слова, утворанае ад асновы *blosk‑, роднаснай з балт. *blaska ’плоскі’ (параўн. літ. blãkė ’клоп’, лат. blakts ’тс’). Так Бернекер, 62; 2) зыходнае *ploščica ад *plosk‑ ’плоскі’ (параўн. ст.-рус. площица ’вош’, рус. дыял. площи́ца ’тс’, польск. płoszczyca ’клоп’), а пачатковае б‑ з’явілася пад уплывам слова *blъcha ’блыха’. Так Брандт, РФВ, 21, 209; Развадоўскі, RS, 2, 108. Гл. яшчэ Брукнер, 419; Фасмер, 1, 177; Рудніцкі, 149 (услед за Аганоўскім), лічыць, што bloščica — утварэнне суфіксам ‑ica ад blъšьka (памяншальнае ад *blъcha: bloščica < *blъch‑ьk‑ica).
Блашчы́ца 2 ’блыха’ (Янк. II). Відавочна, семантычная кантамінацыя першаснага блашчы́ца ’клоп’ і блыха́ (блаха́?). Параўн. і блашы́ца ’клоп’. Ва ўкр. мове блощи́ця ’клоп’, але і ’блыха’. Не выключаецца (паколькі этымалогія слова *bloščica ’клоп’ няясная), што мае рацыю Рудніцкі, 149, які думаў пра паходжанне *bloščica ’клоп’ < *blošьčica (< blъš‑ьka + суф. ‑ica; усё ад *blъcha), г. зн., што першасным значэннем было ’блыха’?