Перала́джуваць хату ’перабудоўваць’ (Ян.), рус. пск., смал. перела́живать ’тс’. Да пера- і ла́дзіць (гл.).
Пералажы́ць ’заперці (дзверы)’ (лід., Сл. ПЗБ). Фармальна да пера- і лажы́ць (гл.), аднак семантычна падобна да літ. užkélti ’замкнуць, зачыніць (вароты)’, у якім kélti мае (побач з іншымі) значэнне ’перамяшчаць; пераводзіць, пераносіць’.
Перала́з, пэрэла́зы ’ход цераз паркан, плот’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Янк. 3., Бес., Федар., Касп., Растарг.), ’лавачка ў плоце ў тым месцы, дзе пералазяць праз яго’ (зах.-палес., Нар. сл.; ТС), ’плот з жэрдак’ (ц.-палес., Нар. сл.; драг., Сл. Брэс.; Ян.; пін., іван., ЛА, 4); ’месца ў плоце, дзе пералазяць’ (усх.-палес., Нар. сл.); ’нізкая агароджа вакол пчальніка’ (Нас.); перала́зы ’варотны ў двор’ (Сцяшк. Сл.). Укр. перела́з ’месца, дзе пералазяць праз пляцень’; рус. перела́з ’лавачка ў плоце, дзе пералазяць’; польск. prełaz ’месца, дзе пералазяць; лавачка, сходцы для пералазання на другі бок’, н.-луж. pśelězk, чэш. přelez, přílazek, славац. prielaz ’тс’, славен. prelàz ’горны праход, перавал’, серб.-харв. пре́лаз ’пераход, пераезд; брод’, макед. прелез ’лаз, пралаз’, балг. пре́лез ’пералаз, пераезд, пераход’. Прасл. *per‑lazъ/per‑lězъ. Да пера- і ле́зці, ла́зіць, ла́заць (гл.).
Перала́зіны ’пераезд у новы дом’ (Нас.) — у выніку кантамінацыі лексем пераход і ўлазіны ’тс’.
Пералама́ць (пырылома́ты) ’пераараць іржышча’ (стол., Нар. лекс.), пірілума́ць (па́хыту) ’апрацаваць бараной адзін раз’ (Юрч. СНЛ), пераламі́цца ’пераламацца’ (Бяльк.). Да пера- і лама́ць (гл.), параўн. перамяша́ць ’пераараць папар вясною’, перабіва́ць ’баранаваць перад сяўбой’ і пад.
Пералапаціць (жыта) ’перамешваць лапатай для прасушвання’ (полац., Нар. лекс.). З рус. перелопатить ’тс’ (= перемешать лопатой).
Перала́сы: перала́ссая карова ’пярэстая, у палосы’ (бабр., ЛА, 1). У выніку кантамінацыі лексем пярэ́сты і пяля́сы ’з белымі палосамі на чорным фоне ці з чорнымі на светлым’ (Нас.). Параўн. яшчэ перапялёсы (гл.).
Перале́злы ’стары’ (астрав., Сцяшк. Сл.). Да пера- і ле́зці (гл.); звычайна аблезлы, разлезлы ’тс’; магчыма, тут мае месца канкурэнцыя прыставак *per‑ і *ab‑, характэрная для балта-славянскага пагранічча, параўн. перамагаць/абмагаць ’браць верх, адолець’ (Непакупны, Связи, 85).
Перале́ска ’пралеска’ (Бяльк.). Да пера- і ле́ска 1. Першапачаткова азначала расліну, якая расце каля арэхаў (прасл. *lěska ’арэшнік’). Аналагічна ст.-чэш. podléščka, podleštka, чэш. мар. podléska, podlíska, ст.-польск. podlaska, польск. przylaszczka (< *pri lěscě), укр. перелі́ска, пролі́ска, рус. перелеска ’Hepatica Mill. nobilis Garsault.’ (Махэк, Jména, 48).
Перале́таваць (пірале́таваць) ’прабыць перажыць лета’ (Варл.), бяроз. пырылі́туваты ’тс’ (ЖНС), перале́так, перале́тка, ’пералетавалы бычок ці жарабя; свойская жывёла, якая перажыла адно лета’ (ТСБМ, Бяльк., Касп.; докш., Янк. Мат.; докш., паст., Сл. ПЗБ; усх.-бел., зах.-палес., ЛА, 1); укр. перелі́тувати ’правесці лета’, перелі́тка ’карова, якая целіцца праз год’, рус. переле́това́ть ’пражыць, правесці, праляжаць лета’, переле́ток ’гадавалы воўк’, ’гадавалая цялушка, жарабя’, польск. przelatek ’воўк, які нарадзіўся ў мінулым годзе’, славен. prelętováti ’правесці лета’, серб.-харв. прѐлетити ’тс’. Прасл. *per‑lětovati. Да пера і ле́та, ле́таваць (гл.).