Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пераза́ць ’сцёбаць, хвастаць’ (Нас.), піраза́ць ’біць’ (Рамз.), пірязну́ць ’выцяць, лупянуць’ (Юрч. СНЛ), смал. переза́ть ’хвастаць, сцябаць’, драг. спараза́тэ ’выцяць дубцом, завязкай фартуха’, укр. переза́ти ’падперазаць’ і, магчыма, серб.-харв. запре́зати ’запрэгчы’. З прасл. *perzati, утворанага з наз. *perzь ці прыназоўніка perz. Бел.-укр.-серб.-харв. ізалекса, утвораная, магчыма, пры ад’ідэацыі прасл. *(ob)pojasati (параўн. укр. опасувати(ся) ад запазычанай з польск. мовы асновы ‑пас‑ (Трубачоў, Проспект, 71–72). Гл. таксама апераза́ць.

Перазво́ (пырызво́) ’другі дзень вяселля, калі радня маладой прыяжджае ў дом да маладога’ (драг., М. Камісарчук, вусн. паведамл.). Прасл. рэгіяналізм *per‑zъv‑o. Да перазоў (гл.).

Перазолкі ’шчолак’ (хойн., Мат. Гом.). Паводле ілюстрацыі: Выкінь за хлеў перазолкі, Іван — значэнне лексемы вызначана недакладна, трэба: ’попел ад шчолаку’. Да пера- і залі́ць2 (гл.). Лексема ўтворана пры ад’ідэацыі пазолкі ’шчолак’.

Перазоў ’трэці або адзін з наступных дзён вяселля, калі бацькі маладой едуць да яе і прывозяць пасаг і блаславёную ікону’ (Нас.); івац. пэрэзов, рас. перазыўкі, лаг. пярэзаўкі, мін. пярэзвіны, кам. пырызвэ́, лун. пэрэзовы, пін. пырызоў, віл. пярэ́заўкі ’заключны этап вяселля — прыезд бацькоў маладой у госці да сватоў праз тыдзень пасля вяселля’ (Сл. ПЗБ, Жыв. НС. Сл. Брэс., З нар. сл., лун., Шатал.); мін. пярэзвіны, віц. перазоўкі госці ў бацькоў маладых праз тыдзень пасля вяселля (Касп., Хрэст. дыял.), мазыр. перазоў ’узаемнае наведванне пасля вяселля’ (Нар. Гом., Шн. 3); лаг. перазовыя ’калі бацькі маладой запрашаюць у госці дачку, зяця і бацькоў маладога’ (Варл.), стол. пэрэзов ’пачастунак у бацькоў маладой’ (Сл. Брэс.), пярэзвы ’тс’ (Шат.), паст. перазыў, перазыўнікі ’паездка гасцей нявесты да жаніха’, красл. перазыўкі ’паездка гасцей да нявесты праз тыдзень’ (Сл. ПЗБ); пярэзвы ’запрашэнне’, перазвя́нка ’запрошаная зяцем маці маладой’ (Зянк.); пярэзвы ’ўзаемныя запрашэнні ў госці на запускі ўсёй вёскі да кожнага гаспадара’ (Стан.); перэзя́нка ’дружка маладой на вяселлі’ (ТС); укр. перезва́ ’ў панядзелак пасля першай шлюбнай ночы родныя маладой ідуць на пачастунак да бацькоў жаніха’ (П. Чубінскі, Труды ЭЭ, 4, 56; чарніг., Грынч.), пере́зивкп ’пачастункі ў чацвер і пятніцу ў хаце маладога, потым у дружка, затым у брата, дзядзькі, сястры’ (Чубінскі, Труды ЭЭ, 4, 580); рус. кур. перезва́ ’другі дзень вяселля’, пере́звы ’апошняе гулянне на вяселлі’, вілен. перезов ’пераезд нявесты (у суботу) у дом жаніха’. Прасл. паўн. рэгіяналізм *per‑zovъ. Да пера- і зваць (гл.). Сюды ж мсцісл. пірізваць ’запрасіць да сябе ў адказ’ (Юрч. СНЛ).

Перайма́ць, пераіма́ць ’сустракаць (гасцей); пераймаць жывёлу; пераймаць, схопліваць, запазычваць; ісці насустрач, напярэймы’ (Нас., ТСБМ; Касп., Сл. ПЗБ, ТС), піраймаць ’спаткаць, спыніць, завярнуць’ (Варл.); укр. перейма́ти, переня́ты, перея́ти, рус. переима́ть, перейма́ть ’тс’, польск. przejąć, przejmać, przejmować, н.-луж. pśejmaś, в.-луж. přejeć ’тс’, чэш. přejímati ’прымаць, браць’, ’запазычваць, пераймаць’, славен. prejé(ma)ti ’атрымоўваць’, серб.-харв. при́мати ’перенимать’, макед. вос‑приема ’ўспрымаць’, балг. въз‑прие́мам ’пераймаць’. Прасл. (паўн.) *per‑jęti (< *ęti) /*per‑jьmati. Да пера- і іма́ць (гл.).

Пераймо́ ’узнагарода, плата за знойдзенае (рэч), або за перанятую скаціну’ (Нас., Гарэц., Чач., Шат., Касп.; Нік. Напаў.), пірайма́ ’тс’ (Варл.), перэймо́ ’своеасаблівы выкуп на вясковым вяселлі’ (Растарг.); укр. харк. пере́йма ’узнагарода за злоўленае на рацэ’, рус. пере́йма ’плата за аддадзеную знаходку’. У гэтым значэнні — усх.-слав. лексема. Аднак, прыняўшы пад увагу іншыя значэнні ўкр., рус. пере́йма, польск. przejm, przejma ’перарванне, перагародка; папярочка паміж бэлькамі ці кроквамі’, н.-луж. pśejma ’перагародка; шчыліна; перашыек, праліў’, славен. prejèm ’прыём, атрыманне’, prejémek, prejémki ’заробак, плата’, можна меркаваць пра прасл. *per‑jьmъ/*per‑jьma/*per‑jьmo. Да перайма́ць (гл.). Сюды ж пі́рійма ’наперарэз’ (Юрч. СНЛ).

Пе́рак, пе́ракам ’поперак, упоперак’ (Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк., ушац., Нар. лекс.; Варл.), ’кароткая папярочная баразна’ (докш., Сл. ПЗБ), ’папярочны загон’ (ЛА, 2), смал. пе́рек ’упоперак’; укр. пере́ка ’супрацьдзеянне, супярэчанне’, рус. по‑перёк ’упоперак’, польск. w przek, w przeki, na przek(i) ’упоперак, наадварот, наперакор’, ст.-польск. przek(o) ’поперак’, н.-луж. prjeki ’поперак, наўскос’, в.-луж. prěki ’поперак’, prěčić ’перасякаць; супярэчыць, супраціўляцца’, палаб. pritʼai, pritʼě ’праз, звыш; па той бок’, ст.-чэш. na‑přiek(y), чэш. na‑přík ’насупраць, у параўнай з. насуперак’, na‑příč ’праз, па той бок; поперак’, славац. na‑priеку, na‑priek ’нягледзячы на’, славен. prẹ̑k ’рэзкі, грубы, жорсткі; які супраціўляецца; касы, які стаіць упоперак’, prȇ̥ko, prę̑k, priek, prȇ̥čki ’тс’, vprẹ̑k ’нягледзячы; праз; супраць’, prȇ̥k ’горды чалавек’, серб.-харв. пре̂к, харв. prȉjek ’папярочны; просты, самы кароткі, запальчывы, круты, неадкладны, неабходны’, пре̂ко ’насупраць, па той бок; упоперак, раптоўна, рэзка; празмерна’, чак. priko ’тс’, макед. прек ’папярочны; неадкладны, круты’, балг. пряк. мн. л. пре́ки ’прамы, непасрэдны’, ст.-слав. въпрѣкы глаголати ’супярэчыць’, ц.-слав. прѣкъ ’папярочны; які ляжыць упоперак’, прѣко, прѣкы ’насуперак; супраць; праз’. Прасл. *perkъ ’папярочны, які знаходзіцца на супраць’ (перайшло ў прыслоўе, прыназоўнік *perko/*perkъ/*perky і ў адназоўнікавы дзеяслоў *perčiti ’пярэчыць’) — утварэнне з суф. *‑kǒ (> *‑kъ) ад прыслоўя *per‑ ’праз’ (Мее, Études, 329; Фасмер, 3, 238: Копечны, 1, 129 і 173; Махэк₂, 492; Бязлай, 3, 110–111).

Перакаба́чваць1 ’перайначваць, вяршыць, рабіць’ (Нас.). У выніку семантычнага пераносу з першаснага перакаба́чваць ’перарабляць што-небудзь на кабат’ (гл. каба́т), параўн. аналагічнае польск. przekabacić, przekabacać ’перарабіць, перацягнуць на свой бок’.

Перакаба́чваць2, зак. тр. перакаба́ціць ’прамантачыць, растраціць’ (Нас.). Да пера- і каба́к (гл.) — ’прапусціць грошы праз кабак’.

Перакабе́лы, пэрэкобі͡элы ’чорны бык ці карова з белай паласой упоперак тулава’ (Бес.), ст.-польск. przekobiały ’ў белыя палосы’, przekoczarny ’ў чорныя палосы’. Да пе́рак і бе́лы (гл.), параўн. славен. pré̥koš ’назва свойскай жывёлы, у прыватнасці, свінні’, pré̥kast ’паласаты’.

Перакабе́нчыцца ’перамучыцца, доўга пакутуючы’, ’адпакутваць ад хваробы’ (Нас.). Да пера- і каве́нчыцца, каве́ндзіцца, кавэ́нчыцца (гл.) з менай в > б.