Жло́каць, жлокта́ць ’піць, хлябтаць’ (Нас.). Рус. смал., ніжнегар., уладз. жло́кта́ть, в.-луж. žłokać, žłopać, н.-луж. žłokaś, польск. дыял. żłopać ’тс’, славен. žloptati ’ісці хлюпаючы, пляскацца’. Кантамінацыя лопаць і локаць 2, локтаць з экспрэсіўным пасіленнем праз «прэфікс» ж‑ (і «суфікс» ‑та‑). Не выключана і другасная сувязь з жлукціць 2, жлуктаць.
Жлудзь ’картачная масць’ (Нас.). Рус. жлуди ’тс’. Фасмер (2, 58) лічыць форму жлуди ад желуди. Чарнышоў (Избр. тр., 2, 448) лічыў назву жолуда калькай чэш. < ням. назвы, а выпадзенне першай галоснай звязваў (там жа, 452) з формамі ўскосных склонаў мн. л. желуде́й, желудя́м > жлуде́й, жлудя́м, адкуль і другасная форма наз. скл. мн. л. жлуди. Трэба далучыць яшчэ магчымасць уплыву акцэнтнага варыянта жалу́д (гл.), прадстаўленага і ў бел. мове. Формы з мяккасцю апошняга зычнага вядомы і бел. мове (жолудзь, Шатал.). Гл. жолуд.
Жлу́кта 1 ’драўляная пасудзіна’. Рус. дыял. смал., паўд., зах., кур., белгарад. жлу́кта ’тс’, укр. жлу́кто ’тс’, польск. żłukto з літ. žlùgtas, žlùktas ’пасудзіна, у якой мыюць бялізну’ і ’намочаная бялізна’ (Буга, Rinkt., 2, 685–688; Міклашыч, 412; Фасмер, 258; Кіпарскі, Аткупшчыкоў, Талстой у кн. Лексічныя балтызмы 14, 32, 48; Урбуціс, Baltistica, V, 1, 60). Сумненні Праабражэнскага (1, 234–235) пра балт. паходжанне слова наўрад ці апраўданы. Пра этымалогію балт. слова гл. Фрэнкель, 1318.
Жлу́кта 2 ’той, хто многа п’е’ (ТСБМ). Рус. дыял. кур., смал. ’тлусты, неахайны чалавек; хто многа п’е’. Перанос значэння з жлукта 1 (гл.). Ва ўкр. засведчана такая магчымасць шляхам параўнання (Сл. укр. мови): круглий, як жлу́кто.
Жлу́кціць 1 ’запарваць бялізну’ (Нас., Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. смал., паўд., зах., бранск. жлу́ктить ’тс’, укр. уст. жлу́ктити ’тс’ (Грынч.), польск. żłukcić ’тс’. З літ. žlùgti ’мачыць бялізну ў шчолаку’. Літ. гл. пад жлукта 1.
Жлу́кціць 2, жлуктаць ’многа піць’ (ТСБМ). Рус. дыял. смал., кур., арл. жлуктить ’тс’, укр. жлу́ктити, жлукті́ти ’тс’. Перанос значэння жлукціць 1 у адпаведнасці з семантычнымі адносінамі жлукта 1, жлукта 2. Врачу (Лекс. балтызмы, 6) параўноўвае жлу́кціць ’піць’ з літ. žlùgti ’праваліцца, згінуць’, хаця літ. семантыка не зусім суадносная з усх.-слав.
Жлябо́ўка ’распусніца’ (Касп.). З літ. (Лаўчутэ, аўтарэферат, 9).
Жма́ка ’вільготнае месца на лузе’ (мядз., Нар. сл., 9). Відаць, перанос з назвы жамерын жмакі паводле мяккасці і вільготнасці грунту. Гл. жмуха. Параўн. чэш. žmach, žmoch ’балота, гразь’.
Жмаць ’ціснуць’ (Касп., Сл. паўн.-зах.), жмяць ’прыціскаць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. жмать ’тс’. Варыянтнае афармленне дзеяслоўнага кораня, прадстаўленага ў жаць 2. Параўн. н.-луж. žmuś, чэш. žmouti ’сціскваць’. Адлюстроўвае спалучэнне кораня *žьm‑ з тэматычным галосным ‑a‑: *žьm‑a‑ti.
Жме́ня, жмяня́ (Сл. паўн.-зах.). Рус. абл., укр. жме́ня ’тс’, чэш. žmen, славац. žmeň. Ад кораня *žьm‑ (жаць 2, жмаць) з суфіксам *‑en‑ і далейшым канчаткам ‑ja (‑i). Відаць, яшчэ прасл. рэгіяналізм. Махэк₂ (175), улічваючы чэш. žemně, мар. žemenka, прапануе прасл. форму *žьmьńa або *žьmьnь. Фасмер, 2, 58; Міклашыч, 408.
Жмі́нда ’скнара’ (ТСБМ), жмы́нда (Касп.), жмы́ндала (мядз., Нар. сл., 67) ’той, хто плявузгае’, жмі́нда ’скнара’, ’пляткар’ (бялын., Янк. Мат., 23), жмі́нда ’той, хто бурчыць’ (лях., Янк. Мат., 123). Укр. жмі́нда ’скнара’ (Жэлях.), польск. żminda ’нудны, скупы чалавек’. Параўн. яшчэ рус. жми́нда, польск. żminda, чэш. žminda, в.-луж. žminda ’расліна лебяда (Chenopodium L. foliosum, Blitum)’ (па Махэку₂, 730, в.-луж. < чэш. < польск. < ням. Schminkelbeere. Фасмер (2, 59) абвяргае апошняе, бо слова ў ням. позняе, і спасылаецца адносна ўтварэння яго на Вондрак, Vergl. Gr., 1, 601. Міклашыч (408), Гараеў (111) звязвалі з žьm‑ > жаць 2). Сувязь назвы нуднага, плявузгаючага, скупога чалавека з раслінай няпэўная. Слова жмінда ўтворана з дзеяслова *жміндаць бязафіксным спосабам, а жмындала — з дапамогай суфікса ‑ла (як калупала, жаніла і г. д., Сцяцко, Афікс. наз., 48–49). Адсутнасць у запісах значэння дзеяслова ’скнарнічаць’ магчыма растлумачыць дэфектнасцю нашых ведаў.
Жмі́ндзіць ’есці’ (гродз., Сцяц.), ’пляткарыць’ (лях., Янк. Мат., 123), ’муштраваць’ (клец., Жыв. сл., 180), жмі́ндыць ’плявузгаць’ (бялын., Яўс.). Укр. жміндати ’скнарнічаць’. Утворана ад дзеяслоўнага кораня žьm‑ (жаць 2) з экспрэсіўным суфіксам ‑i‑nd‑a/i‑. Як і іншыя словы з гэтым коранем, развівае першаснае значэнне ’сціскваць’: ’гаварыць невыразна, сціскваючы рот’, ’пляткарыць, плявузгаць, нудна паўтараць, муштраваць’, ’есці жвякаючы, чмякаючы’; ’скнарнічаць’, ’прыціскацца’. Апошняе не адлюстравана ў запісах, аднак фіксуецца ў вытворным назоўніку жмінда.