Жлу́кціць1 ’запарваць бялізну’ (Нас., Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. смал., паўд., зах., бранск. жлу́ктить ’тс’, укр. уст. жлу́ктити ’тс’ (Грынч.), польск. żłukcić ’тс’. З літ. žlùgti ’мачыць бялізну ў шчолаку’. Літ. гл. пад жлукта1.

Жлу́кціць2, жлуктаць ’многа піць’ (ТСБМ). Рус. дыял. смал., кур., арл. жлуктить ’тс’, укр. жлу́ктити, жлукті́ти ’тс’. Перанос значэння жлукціць1 у адпаведнасці з семантычнымі адносінамі жлукта1, жлукта2. Врачу (Лекс. балтызмы, 6) параўноўвае жлу́кціць ’піць’ з літ. žlùgti ’праваліцца, згінуць’, хаця літ. семантыка не зусім суадносная з усх.-слав.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)