Жлу́кта 1 ’драўляная пасудзіна’. Рус. дыял. смал., паўд., зах., кур., белгарад. жлу́кта ’тс’, укр. жлу́кто ’тс’, польск. żłukto з літ. žlùgtas, žlùktas ’пасудзіна, у якой мыюць бялізну’ і ’намочаная бялізна’ (Буга, Rinkt., 2, 685–688; Міклашыч, 412; Фасмер, 258; Кіпарскі, Аткупшчыкоў, Талстой у кн. Лексічныя балтызмы 14, 32, 48; Урбуціс, Baltistica, V, 1, 60). Сумненні Праабражэнскага (1, 234–235) пра балт. паходжанне слова наўрад ці апраўданы. Пра этымалогію балт. слова гл. Фрэнкель, 1318.
Жлу́кта 2 ’той, хто многа п’е’ (ТСБМ). Рус. дыял. кур., смал. ’тлусты, неахайны чалавек; хто многа п’е’. Перанос значэння з жлукта 1 (гл.). Ва ўкр. засведчана такая магчымасць шляхам параўнання (Сл. укр. мови): круглий, як жлу́кто.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)