Тылю́к ‘цяля’, перан. ‘малое дзіця’ (драг., Сл. ПЗБ). Заходнепалескі словаўтваральны варыянт з суф. ‑юк ад тыля́ ‘цяля’ (кам., Сл. ПЗБ). Да цяля, цялё (гл.), параўн. телу́х ‘падзыўное слова для маладой каровы’ (Растарг.), цялю́х‑цялю́х ‘тс’ (Мова Сен.), ст.-бел. теля, целя ‘цяля’, телецъ ‘бык’ (ГСБМ).
Тым — слова, суадноснае са злучнікам чым, падкрэслівае большую ступень праяўлення прыкметы; састаўная частка складаных злучнікаў між тым, як; перад тым як; тым больш што; тым часам ‘тады’ і інш. (ТСБМ, ТС, Нас., Шат., Бяльк.). Творны склон займенніка той (< *tъ‑jь), старая аснова выводзіцца з *tŏ‑, якая перад суфіксам на зычны пашыралася элементам *‑ĭ‑ ; *‑ŏĭ‑ манафтангізавалася, утварыўшы ‑ě‑. Да займеннікавай асновы *tě‑ далучаўся канчатак іменнага скланення творнага склону *‑mь, што давала форму Тв. скл. *těmь; апошняя форма ў частцы дыялектаў праславянскай мовы змянілася на *tymь (пад уплывам форм займеннікаў мяккай разнавіднасці). Ст.-бел. тымъ адлюстроўвае ўплыў жывой гутарковай мовы і адзначана з XV ст. (Мова бел. пісьм., 153).
Ты́мбер ‘чатырохметровая часаная хваёвая калода’ (ТС), ты́мбры ‘фляксоны, дубовыя бярвенні рознай даўжыні і таўшчыні, якія ідуць на пабудову мастоў’ (навагр., Нар. лекс.), зборн. ты́нбра ‘тоўстае бярвенне, абчэсанае з чатырох бакоў’, ты́нбрына ‘адно бервяно’ (ТС). Запазычана праз польск. tymbry ‘кароткія брусы (пры гандлі драўнінай)’, параўн. timbersy ‘рэбры каркасу ў лодцы’, з англ. timber ‘будаўнічы матэрыял’, ‘бервяно, бэлька’, якое са ст.-англ. timber ‘збудаванне’, ‘будаўнічы матэрыял’, ‘лес, драўніна’, што ўзыходзіць да прагерм. *temran (параўн, ст.-фрыз. timber ‘лес, драўніна’, ст.-в.-ням. zimbar ‘жыллё, хаціна’, ням. Zimmer ‘пакой’). Стараанглійскі дзеяслоў timbran, timbrian быў асноўным для значэння ‘будаваць’ (Online Etymology Dictionary. Рэжым доступу: http://www.etymonline.com./index.php; 01.06.2010 г.).
Тымбурава́ць ‘вязаць кручком’, тымбу́рак ‘кручок’ (брасл., Сл. ПЗБ). Гл. тамбур 2.
Ты́мкаць ‘тылікаць, тромкаць, дрынкаць’ (Мат. Гом.). Гукапераймальнае ўтварэнне.
Тымо́тка ‘цімафееўка, жыцец, РЫейт pratense L.’ (беласт., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. тимо́тка, ти́мка ‘тс’, запазычаны з польск. tymotka ‘тс’; апошняе, а таксама чэш. týmotka, timotejka, славац. timotejka, балг. тимоте́йка, бел. цімафееўка, укр. тимофі́ївка, рус. тимофеевка, у тым ліку і ням. Timotheugras, англ. Timothygras, узыходзяць да імя амерыканскага земляроба 2‑й паловы XVIII ст. Тыматэя Гансена (Timotheus Hansen), які абгрунтаваў цудоўныя кармавыя якасці гэтай расліны і першы пачаў яе вырошчваць (Махэк, Jména, 224; ЕСУМ, 5, 568).
Тымпа́н ‘старадаўні музычны інструмент — род медных талерак або невялікай літаўры’ (ТСБМ), ст.-бел. тимпанъ ‘тс’ (ГСБМ), укр. тимпа́н, рус. тимпа́н, стараж.-рус. тумпанъ, тумбанъ, тимпанъ (з XI ст.), ст.-слав. тѫпанъ ‘тс’. Запазычана са ст.-грэч. τύμπανον ‘від барабана’ ці з новагрэч. τούμπανο ‘тс’, што ўзыходзіць да τύπος ‘удар’, ‘знак, адбітак’, τύπτω ‘біць, удараць, паражаць’. У заходнееўрапейскія мовы слова прыйшло праз лац. tympanum ‘бубен’ (Фасмер, 4, 59; Голуб-Ліер, 495; ЕСУМ, 5, 568).
Тымпэ́нтам ‘хутка’, ‘адразу, зараз жа’ (Сцяшк. Сл.). Утворана па ўзоры тымчасам (гл. наступнае слова) ад польск. pędem ‘вельмі хутка, імгненна, бягом’, параўн. таксама спалучэнне і w te pędy ‘ў адзін міг, у той жа час’, гл. пэнд.
Тымчасо́вы ‘зроблены за невялікі прамежак часу’ (Нас.), ‘часовы, да часу’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Яруш., Вруб.), тымчасо́ва ‘часова’ (Байк. і Некр.), тым‑часо́во ‘тс’ (Скарбы). Утвораны ад спалучэння тым часам ‘тс’, ‘на пэўны час’ (Нас., Гарэц., Некр. і Байк.), тым часом ‘тс’ (ТС), гл. тым, часам, час, паводле Карскага (2–3, 75), можа спрашчацца да тымча́с ‘тады’. Беларуска-ўкраінска-польская ізалекса: укр. тимча́сом (як), польск. tymczasem, ст.-польск. temczasem ‘менавіта ў гэты час, калі што-небудзь іншае адбываецца’, ‘зараз’, ‘аднак’, ‘нягледзячы на’ (Борысь, 659). Паводле Віткоўскага (Słownik, 185), рус. тем часом ‘у той час’ (1731 г.) запазычана з польскай мовы, хутчэй за ўсё, праз беларускую.
*Тымэ́рава, тымэ́рова ‘цемната’ (брэсц.), тэмра́ва ‘тс’ (брэсц., драг., стол., Вярэніч, вусн. паведамл.). Параўн. укр. те́мрява, рус. курск. те́мрива і те́мриво, славац. temrava ‘тс’. Узыходзяць да прасл. *tьmьr‑, роднаснага ст.-інд. tamrás ‘які засціць, робіць цёмным’, ст.-в.-ням. dëmar ‘цемра, змрок’ (Фасмер, 4, 41; Брукнер, 65; ЕСУМ, 5, 544). Гл. цемра.