Тымчасо́вы ‘зроблены за невялікі прамежак часу’ (Нас.), ‘часовы, да часу’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Яруш., Вруб.), тымчасо́ва ‘часова’ (Байк. і Некр.), тым‑часо́во ‘тс’ (Скарбы). Утвораны ад спалучэння тым часам ‘тс’, ‘на пэўны час’ (Нас., Гарэц., Некр. і Байк.), тым часом ‘тс’ (ТС), гл. тым, часам, час, паводле Карскага (2–3, 75), можа спрашчацца да тымча́с ‘тады’. Беларуска-ўкраінска-польская ізалекса: укр. тимча́сом (як), польск. tymczasem, ст.-польск. temczasem ‘менавіта ў гэты час, калі што-небудзь іншае адбываецца’, ‘зараз’, ‘аднак’, ‘нягледзячы на’ (Борысь, 659). Паводле Віткоўскага (Słownik, 185), рус. тем часом ‘у той час’ (1731 г.) запазычана з польскай мовы, хутчэй за ўсё, праз беларускую.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)