Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кайло ’ручны інструмент у выглядзе востраканцовага стальнога кліна на драўляным цаўі для адкопвання кускоў горных парод; кірка’ (БРС, ТСБМ). Рус. кайла і кайло, без геаграфіі (Даль). Дабравольскі адзначае слова ў смаленых гаворках паводле СРНГ Урал. і інш. Бел. з рус., а тое з ням. Keil ’клін’, аднак Фасмер (2, 161) выказваў сумненне ў правільнасці гэтай этымалогіі.

Кайма́ ’паласа’ (ТСБМ): «…вузкая кайма маладога асінніку…» Значэнне яўна другаснае, аднак цяжка вытлумачыць, што тут — русізм або мясцовы перанос ад кайма ’шляк, край’ (Бяльк.). Геаграфія не вельмі паказальная, аднак дазваляе думаць пра запазычанне з рус. літар. мовы. У рус. адзначаецца з XVI ст., запазычана з цюрк. моў (параўн. тур. kajma ’строчка, вышыўка, шляк’). Цюрк. слова ўтворана ад дзеяслоўнай асновы kaj‑, kajmak ’аблямоўваць’, гл. Бернекер, 1, 469.

Кайро́т ’кола ў калаўроце’ (Жд. 3). Мясцовая трансфармацыя назвы калаварот, каўрот, якое ў выніку таўталогіі (для апошняга працэсу больш падыходзячая форма — калаварот). Што датычыцца фанетыкі, ‑й‑ на месцы ‑ў‑, магчыма, як у кайдуб1 (гл.), у адносінах семантыкі можна сумнявацца ў дакладнасці дэфініцыі, а калі дэфініцыя нават дакладная, можна разумець такую семантыку як адпаведную этымалагічнаму значэнню слова калаўрот (гл.).

Кайстра́1 ’кастра, адходы, якія атрымліваюцца ў выніку перацірання адзеравянелых частак сцябла пры мяцці і трапанні валакністых раслін (лёну, канапель і інш.)’ (Бяльк., Мат. Гом., Яўс.), койстра (петрык., Шатал.), кайстрыца (Маш., Радч., Янк. 2, Янк. 3.), кайстрыйка, кайстрычка (Бяльк.), кайстрысты ’з кастрыцай’ (Яўс.). Геаграфія слова ўсх.-бел. толькі н.-зыбк., усх.-бран. койстра ’тс’. Мясцовая (усх.-бел.) інавацыя на базе кастра (гл.), фанетыку вытлумачыць з упэўненасцю цяжка. Магчыма, ‑й‑ «узнаўляецца» па аналогіі з лексікай, дзе адзначаюцца формы з ‑й‑ і без; не выключана, што тут уплыў слова кайстра2, якое магло ўспрымацца як ананімічнае, аб фанетыцы апошняга гл. кайстра2.

Кайстра́2 ’дарожная торба, заплечны мяшок’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., касцюк., КЭС; Серж., Некр., Чуд., Шн. 3; Эр. Очерки; Яўс.), ’торба, мех; кошык’ (Мат. Гом.), ’торба’ (Янк. 1), ’торба з палатна’ (мін., Карскі 1, 2; Маш.), ’торба са скуры’ (Грыг.), кайстры ’мяшкі ў выглядзе кішэнь з палатна, якія носяць старцы’ (Радч.), кайстрачка (Сержп.), кайсцерка (Мат. Гом.). Укр. кайстра ’мяшок’ усх.-палес. ’торба’, спарадычна кастра і тайстра, рус. смал. і бран. кайстра ’мяшок, торба, аброчная торба’, СРНГ прыводзіць яшчэ памету «паўдн.-усх.» у форме кастракурск. Брукнер (564) адзначае: «…kajstra ў гаворках, хаця звычайная польск. форма — tajstra». Слова лічыцца запазычаннем з лац. мовы. Фасмер (2, 162), аднак, не ўказвае шляхоў запазычання. Геаграфія слова ва ўсх.-слав. мовах сведчыць аб пранікненні або запазычанні з польск. мовы. У польск. Брукнер (там жа) меркаваў аб непасрэднай крыніцы чэш. tanistra. Гэта для польск. tajstra; формы з ‑к‑, аднак, бліжэй да лац. canistrumгрэч.) ’кошык, пляцёнка’. Разглядаемая форма з’яўляецца, відаць, зыходнай для палес. тайстра, польск. tajstra; Фасмер (2, 162) тлумачыў з’яўленне дыстантнай дысіміляцыяй; працэс, як у гумага < бумага. Фанетыку слова (кайстра < canistrum) вытлумачыць цяжка, хутчэй за ўсё тут нерэгулярныя трансфармацыі, «апрацоўка» ў гаворках. На гаворкавы (кантактны) шлях распаўсюджання ўказвае шырокая вядомасць нелітаратурнай для польскай мовы формы слова. Неабходна, аднак, звярнуць увагу на тое, што бел. слова — усходняе па геаграфіі. Сімптаматычна, што Сл. паўн.-зах. адзначае формы кайстра і кэйстра толькі з Рагачоўскага і Калінкавіцкага раёнаў, што сведчыць аб запазычанні з польск. перыферыйнага дыялекту. Рус. гаворкі атрымалі слова за бел. пасрэдніцтвам; кур. кастра або з усх.-палес. кастра, або вынік незалежнай карэкцыі формы па блізкай у гукавым плане костра ’кастрыца’. Аб распаўсюджанні слова на ўкр. тэрыторыі дакладных звестак няма; не выключана, што ёсць два арэалы пранікнення: з польск. мовы і бел. Параўн. яшчэ тайстра (гл.).

Кайстра́3 ’агонь, полымя’ (Мат. Гом.). Мясцовая трансфармацыя слова касцёр. Магчыма, спачатку з формы кайсцёр, аналагічна і не без уплыву кайстра1 (гл.).

*Какажу́х, кокожух ’твань, дрыгва; зыбкае месца’ (тур., ДАБМ). Рэгіянальнае ўтварэнне ад кажух ’тс’ (гл.). На думку Талстога (геагр., 185), — падваенне пачатковага складу, не выключана, аднак, што гэта ўтварэнне па аналогіі да кобагня і пад., г. зн. з эфемерным прэфіксам у выніку дзеяння мадэлі ўтварэння, пабудаванай на этымалагічным пераасэнсаванні. Калі тут рэдуплікацыя складу, то аналагічнымі ўтварэннямі можна лічыць рус. смал., паўдн. і зах., паводле Даля, какаты ’абутак з лыка або бяросты і інш.’ (каты), укр. какабат. «Лучшая кошуля ніж какабат» (Грынч., 2, 208).

Какалу́га ’чаромха, Prunus padus’, какалуша ’тс’ (Бяльк., Мат. Гом., Шат.), кукалушка ’тс’ (Бяльк.), какалуша ’тс’ (Растаргуеў). Усх.-бел. інавацыя: гаплалогія з калакалуша, калакалука (гл.).

Какалю́ка ’кій з самаробнай папярочкай’ (Дразд.). Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Бел. слова знаходзіцца ў празрыстай сувязі з клюка ’тс’, параўн. рус., укр. клюка ’тс’ прасл.: в.-луж. kluka ’крук’, серб.-харв. кљу̏ка ’крук і інш.’ і г. д. Галосны ‑а‑ ў другім складзе ў выніку праяснення прыгуку (у форме каклюка) або, што не выключана, указвае на ўплыў іншай лексемы (тыпу какоўка ’папярочка’). Аналагічнае рус. пск. коколячка ’драўляны цвік, на які вешаюць умывальнік’, аднак відавочна, што калі галосны ‑(j)а‑ тут быў і ў зыходнай лексеме, генезіс яго іншы. Можна думаць, колячка адпавядае таксама пск. колка ’драўляны цвік, на які вешаюць шапкі, рушнікі і да т. п.’, дэмінутыў ад кол, параўн. бран., смал., кур. і інш. колок ’драўляны цвік у якасці вешалкі’. Калі гэта так, пск. слова ўтворана хутчэй за ўсё рэдуплікацыяй першага складу.’ Верагодна думаць і пра архетып кляч‑ (кокляч‑), параўн. кастр. клячик ’маленькі клін, драўляны гваздок’, ярасл. ’драўляная палачка, на якой вісіць аўчына, калі яе мнуць’. Пры такім тлумачэнні і бел. і пск. словы, як аналагічныя па ўтварэнню (коклюка, коклячка), можна параўнаць з рус. коклюха ’палка, дубінка’, коклюшка (паўдн.-урал.) ’папярочка ў лапаце’, аднак, рус. паралель патрабуе агаворкі. Па сутнасці, толькі адзінкавыя значэнні рус. коклюха (форма наогул рэдкая), коклюшка суадносяцца з семемамі, адзначанымі ў клюка, клюшка. Параўн. коклюшка ’палкі; рукаятка, верхні канец якой зроблены шыйкай з перахватам; верацяно з пражай; цэўка ў кроснах; карункі; вузел, якім сцягваецца пасярэдзіне перавясла і да т. п.’ і клюка, клюха ’дарожная палка, посах; качарга, крук; палка з загнутым канцом і інш.’, ключка ’невялікая палка або мыліца з загнутым верхнім канцом’, клюшка ’палка з загнутым канцом; качарга; драўляныя жэрдкі з загнутымі канцамі, якія падтрымліваюць латок у даху; дзерава, вырубленае з коранем і інш.’, гл. падрабязней СРНГ, 14, 88–89; 13, 319–320, 326–327. Падобныя недакладнасці вымушаюць сумнявацца ў прапанаваным яшчэ Мацэнаўэрам чляненні ко‑клюха, аднак і для версіі кокл‑юва за адзінкавымі прыкладамі (параўн. астрах. кокляк ’камень, кусок дрэва, качарга і да т. п. на дне рэчкі, за якія можа зачапіцца вудачка’) нельга знайсці падтрымку. Старыя параўнанні Праабражэнскага, 1, 331, з літ. kãklas ’шыя’, грэч. κύκλος ’круг, калясо’ ўяўляюцца таксама мала верагоднымі. Да бел. і пск. слоў яўна далучаецца і алан., арханг. коклёвка, коллевка (апошняя форма не вельмі надзейная, гл. СРНГ, 14, 88) ’палка з крывым верхнім канцом для апоры; кульба (звычайна ў старцаў), аднак нельга не адзначыць, што і тут вычляненне другой часткі слаба пацвярджаецца семантычна, — рус. калуж., пск. клёвка ’матыга, молат’, іншыя варыянты толькі ўскосна дазваляюць меркаваць аб сувязі гэтых слоў і вычлененай часткі клевка. Апрача гэтага, не вельмі ясна і з’яўленне ко‑ ў разгдядаемых словах, паколькі ўмоў для рэдуплікацыі быццам бы няма. Таму тут нельга выключыць уплыў лексікі з блізкай семантыкай, у структуры якіх аналагічная першая частка (ко‑) з’яўляецца заканамернай. Фасмер (2, 282) меркаваў аб прэфіксе ко‑ ў адносінах да рус. коклюха, але як у тым выпадку, так і ў дачыненні да бел. слова такую версію нельга прыняць, паколькі гэта лексіка не з’яўляецца тыповай у шэрагу ўтварэнняў з такім суфіксам.

*Каката́ць, какыта́ць ’сакатаць’ (Бяльк.). У якасці адпаведнікаў можна прывесці ўкр. кокотіти ’лепятаць, балбатаць’, верагодна, рус. ярасл., наўг. кокотать ’сакатаць’, польск. kokotać ’пра голас фазана ў час гульні (паляўнічы тэрмін)’, в.-луж. kokotać ’сакатаць’, н.-луж. kokotaś ’сакатаць і інш.’, славен. kokotáti ’тс’, серб.-харв. коко̀тати ’тс’, балг. дыял. кокоча ’выдаваць голасам ко‑ко’. Ёсць і формы з іншым суфіксам: польск. дыял. koktati, чэш. kokiati і наогул без суфікса: польск. і інш. kokać у розных блізкіх значэннях. Паралелі да бел. лексемы быццам бы дазваляюць рэканструяваць праслав. kokotati, аднак спосаб утварэння слова не вельмі ясны. Слаўскі (2, 332) мяркуе, што ад kokać (< *kokati, якое ад гукапераймальнага koko) з пашырэннем суфіксаў ‑ot‑: ‑ъt‑ або, магчыма, ад асновы kok‑ з тыповай для гукапераймальных дзеясловаў структурай ‑ъt‑ati, ‑ot‑ati. Параўн. і кокат (гл.). Да адзначанага польск. слова параўн. і літ. дыял. kakóti (пра пеўня).

Каке́ша ’поўны, тоўсты’ (міёр., З нар. сл.). Тут або мясцовая пераробка з адмоўнай кантамінацыяй (у выніку гульні слоў або ў працэсе дражнення) вядомага на той жа тэрыторыі капеша ’поўны, тоўсты’ (< капацца ’марудна рабіць што-н.).

Какле́та ’катлета’ (Бяльк.). Дыстантная дысіміляцыя (т — т, к — т). Параўн. катле́та.