*Каката́ць, какыта́ць ’сакатаць’ (Бяльк.). У якасці адпаведнікаў можна прывесці ўкр. кокотіти ’лепятаць, балбатаць’, верагодна, рус. ярасл., наўг. кокотать ’сакатаць’, польск. kokotać ’пра голас фазана ў час гульні (паляўнічы тэрмін)’, в.-луж. kokotać ’сакатаць’, н.-луж. kokotaś ’сакатаць і інш.’, славен. kokotáti ’тс’, серб.-харв. коко̀тати ’тс’, балг. дыял. кокоча ’выдаваць голасам ко‑ко’. Ёсць і формы з іншым суфіксам: польск. дыял. koktati, чэш. kokiati і наогул без суфікса: польск. і інш. kokać у розных блізкіх значэннях. Паралелі да бел. лексемы быццам бы дазваляюць рэканструяваць праслав. kokotati, аднак спосаб утварэння слова не вельмі ясны. Слаўскі (2, 332) мяркуе, што ад kokać (< *kokati, якое ад гукапераймальнага koko) з пашырэннем суфіксаў ‑ot‑: ‑ъt‑ або, магчыма, ад асновы kok‑ з тыповай для гукапераймальных дзеясловаў структурай ‑ъt‑ati, ‑ot‑ati. Параўн. і кокат (гл.). Да адзначанага польск. слова параўн. і літ. дыял. kakóti (пра пеўня).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)