Кайма́ ’паласа’ (ТСБМ): «…вузкая кайма маладога асінніку…» Значэнне яўна другаснае, аднак цяжка вытлумачыць, што тут — русізм або мясцовы перанос ад кайма ’шляк, край’ (Бяльк.). Геаграфія не вельмі паказальная, аднак дазваляе думаць пра запазычанне з рус. літар. мовы. У рус. адзначаецца з XVI ст., запазычана з цюрк. моў (параўн. тур. kajma ’строчка, вышыўка, шляк’). Цюрк. слова ўтворана ад дзеяслоўнай асновы kaj‑, kajmak ’аблямоўваць’, гл. Бернекер, 1, 469.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)