Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Імша́ра ’мохавае балота’ (ТСБМ, Касп.), ’зараснік’ (Яруш.), імша́р (Др.-Падб.) ’месца, дзе расце толькі арэшнік’ (Жд. 2), імшары́на ’невялікі ўчастак мохавага балота сярод поля або лесу’, імша́рнік ’мохавае балота’ (парыц., Янк. Мат., 165). Рус. дыял. мша́ра, мша́рина, мша́рник, польск. mszar. Магчыма, запазычанне з польск. mszar ’мохавае балота’. Але можна дапусціць і паралельнае ўтварэнне беларускага і польскага слоў. Беларуская суфіксацыя ‑ына, ‑нік; прыстаўное і‑. Гіст. мовы (II, 137) разглядае як уласнабеларускае ўтварэнне пачатку XX ст. Гл. мох.

Імша́рнік, імша́р ’махавік’ (стол., Жыв. сл., 189; Нар. лексіка, 125). Утворана ад імшара (гл.) з суф. ‑нік ці ад *імшарны суф. ‑ік. Назва паводле месца росту; параўн. махавік, рус. болотовик і да т. п.

Імша́рніца ’Andromeda polifolia’ (БРС, Кіс., БелСЭ). Утворана ад імшара (гл.) з суф. ‑ніца. Назва абумоўлена тым, што андрамеда расце на балотах; параўн. рус. дыял. мошни́к, мша́нка, укр. мшедь, польск. mszak.

Імшарэ́ць ’шарэць’ (Жд. 3). Відаць, у выніку кантамінацыі з імшара (гл.) ад шарэць.

Імшы́ць1 ’перакладваць мохам’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат., Гарэц., Янк. III; маг, Янк. Мат., 28), рус. мшить (у рускай пісьменнасці имшити з 1705 г.), укр. імши́ти, мши́ти (Грынч.), польск. mszyć. Ад мох (гл.) з прыстаўным і‑.

Імшы́ць2 ’шукаць’ (Жд. 2). Аказіяналізм, узнікшы, відаць, у выніку семантычных пераўтварэнняў. Магчыма, звязана з мох (гл.) з зыходнай семантыкай ’шукаць (ці хаваць?) у моху’. Няясна.

Імшэ́ль ’дробны дождж’ (Мат. Гом.). З *імжэ́ль; параўн. зах.-бранск. имже́ль ’тс’. Утварэнне з суф. ‑эль ад імжыць (гл.).

Імшэ́нь ’пограб’ (Бяльк.). Утворана суфіксам ‑энь ад імшыць (гл.).

Імя́. Рус. и́мя, укр. імʼя́, польск. imię, в.-луж. mjeno, н.-луж. , палаб. jeimą, чэш. jméno, славац. meno, славен. imȇ, серб.-харв. и̏ме̄, балг. ѝме, макед. име, ст.-слав., ст.-рус. имѧ, ст.-бел. имя. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнасці: ст.-прус. emmens, emnes, алб. emër, emën, ст.-ірл. ainmm. Далей, з іншым вакалізмам: ст.-інд. náma, авест. nāma, ст.-перс. nāman‑, арм. anum, грэч. ὄνομα, лац. nōmen, гоц. namo, хец. lāman. Прасл. *jьmę узыходзіць да і.-е. *ṇmen‑ з *enmen‑, якое трактуюць як утварэнне ад прыназ. *en‑ ’у, унутры’ з суф. ‑men‑. Адсюль семантычная інтэрпрэтацыя імені як таго, што ўкладваецца, ускладаецца, накладаецца. Гл. Фасмер, 2, 129–130; Слаўскі, 1, 454–455; Тапароў, 2, 28–30; Трубачоў, Эт. сл., 8, 227–228, дзе іншая літ-ра. Іначай Махэк₂ (230–231): звязвае з і.-е. *genǝ‑ ’ведаць’, што мала верагодна. Версія пра сувязь з *jęti, *jьmǫ (Шуман, AfslPh, 30, 1909, 302; Ісачанка, Studie a prace linguistické, 1, 1954, 127–129, jьm‑men ’прыняты знак’ як тэрмін радавога грамадства) таксама непераканаўчая.

*І́мяла, йімяла, н. р. (стаўб., Нар. лексіка. 158). Гл. амела.

Імяні́ны. Рус. имени́ны, укр. імени́ны, польск. imieniny, в.-луж. mjeniny, чэш. jmeniny, славац. meniny. Ст.-рус. именины зафіксавана ў летапісе пад 1097 г. (спіс XV ст.). Ад асновы jьmen‑ (гл. імя) з суфіксам ‑iny, які ўтварае назоўнікі pluralia tantum са значэннем абрадаў, урачыстасці; параўн. радзіны, адведзіны, хрысціны, зімовіны, праводзіны і да т п. Гл. Шанскі, 2, I, 53; Слаўскі, 1, 454.