Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ту́пкі1 ‘цвёрды, не вязкі (грунт)’, ‘добра ўбіты, утаптаны’ (ТСБМ; Сцяц.; в.-дзв., Шатал.; гродз., стаўб., карэліц., З нар. сл.; навагр., Нар. словатв.), ‘цвёрды, гладкі’ (Сцяшк. Сл.); ту́пка, ту́пко ‘цвёрда, роўна’ (Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ), ‘там, дзе можна прайсці без цяжкасці, без рызыкі; утаптана, уходжана’ (слонім., Нар. лекс.), ту́пко ‘мелка, неглыбока (дзе можна прайсці балота)’ (Зайка Кос.; ганц., Ск. нар. мовы). Да ту́пкаць (гл.); верагодна, па фанетычных прычынах (змешванне у з о̂ закрытым) ідэнтыфікуецца з то́пкі ‘цвёрды (аб дне ракі)’ (Некр. і Байк., Янк. 2; уздз., Сл. ПЗБ) насуперак то́пкі ‘гразкі, багністы’ (ТСБМ, Сцяшк., ТС, Бяльк.), што выводзіцца з тапіць1 (гл.). Аналагічна тупко́е сала ‘тлустае’ (ЛА, 4), параўн. то́пкі ‘які пры смажанні дае шмат тлушчу’, што выводзіцца з тапіць2 ‘расплаўляць, тапіць’ (гл.).

Ту́праш ’зараз, у дадзены момант, неадкладна’ (ваўк., Бел. дыял. 3). Рэдкая паралель да ст.-слав. топрьво ‘ў першы раз, толькі што’ (СССл.), параўн. рус. ту́порва ‘тады’, якое Фасмер (4, 122) выводзіць са спалучэння (в) ту пору + часціца ‑ва. Бліжэй да беларускага слова рус. дыял. вту́порож ‘тады’ са стратай ненаціскнога галоснага ў канцы слова і далучэннем партыкулы ‑ж (Анікін, РЭС, 9, 81), гл. ж, жа. Не выключае, што слова працягвае архаічную форму *топрь(во)ж(е) са спрашчэннем канца спалучэння і пераходам о > у пад націскам перад п, параўн. рус. дыял. вту́перь ‘цяпер’ (Анікін, РЭС, 9, 96); зыходныя формы то і н. р. прьво, пьрво, гл. первы, тапер.

Тупру́лькась-тупру́лькась — выгукі, якімі падклікаюць каня (ТС). Выклічнік, у аснове якога спалучэнне тпру́ля‑тпру́ля ‘падзыўныя для жарабяці’, пашыранае ласкальнымі суфіксамі ‑ка‑, -сь, а таксама ўстаўным ‑у‑ ў пачатку слоў. Гл. тпро-тпро, тпру.

Ту́птаць ‘працаваць дома; таптацца, хадзіць цэлы дзень паціху, не спяшаючыся’ (Федар. 4, Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы), ‘біць капытамі’ (Нар. Гом.), ту́птаці ‘хадзіць, тупаць’ (ТС), ст.-бел. туптати ‘тс’ (ГСБМ); сюды ж тупата́ць, тупаце́ць ‘стукаць нагамі’ (ТСБМ), тупота́ти ‘тс’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́птати ‘таптацца, хадзіць узад і ўперад’, тупота́ти ‘часта тупаць’, тупоті́ти ‘тс’, рус. дыял. тупоте́ть, тупоти́ть ‘стукаць нагамі’, польск. tuptać ‘таптацца дробнымі крокамі’, ‘мітусіцца’, tupotać ‘таптаць’, ‘тупацець, тупаць’, в.-луж. tupotać ‘перабіраць нагамі’, макед. тупти ‘стукаць, удараць’, ‘біцца (аб сэрцы)’, балг. туптя́ ‘тс’, ‘працаваць (аб маторы)’. Дзеясловы суадносяцца з тупат (гл.), што да *tъpъtъ/*tupotъ.

Ту́пча непахв. ‘стамляльная праца’ (зэльв., Сл. рэг. лекс.), ‘тупаніна (напрыклад, каня печы)’ (зэльв., Нар. словатв.). Утворана ад ту́пчаць ‘бясконца пераступаць з нагі на нагу, тупаць, таптацца’ (ТС), якое з ту́пкаць (гл.), параўн. kruhom chaty czorny kazioł tupcze (Пятк. 2, 207), у выніку абагульнення асновы асабовых форм дзеяслова. Меркаванні Грынавяцкене пра запазычанне дзеяслова з літ. tupčioti ‘прысядаць’ (LKK, 22, 196) не маюць падстаў.

Тупы́ ‘недастаткова навостраны, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць, нявостры’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Ян., ТС, Сл. ПЗБ): хочацца хлеба, ды нож туп (Юрч. Крыл.), ‘шырокі, круглы (пра галаву, морду)’, ‘які прыйшоў у стан атупення, абыякавы, бяссэнсавы’, ‘не востры, глухі, ныючы (пра боль)’, ‘глухі, не звонкі (пра гукі)’ (ТСБМ), ‘нячуйны (пра сабаку)’ (Ян.), ‘някемлівы, разумова абмежаваны, неразвіты’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; астрав., Сл. ПЗБ, Нас., Вруб., Байк. і Некр.), ‘павольны, гультаяваты’ (паст., лід., брасл., Сл. ПЗБ), тупу́ ‘лянівы, ціхі’ (ТС), ст.-бел. тупый ‘якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць’, ‘разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы’, ‘бяссэнсавы (пра погляд, твар)’ (ГСБМ). Укр. тупи́й, рус. тупо́й, стараж.-рус. тупъ, польск. tępy, н.-, в.-луж. tupy, чэш., славац. tupý, славен. tȍp, харв. tûp, серб. ту̂п, балг. тъп, макед. тап. Прасл. tǫpъ ‘нявостры, вышчарблены’, відаць, развілося з і.-е. *tompo‑, параўн. літ. tampýti ‘цягнуць, расцягваць’, tem̃pti ‘тс’, лат. tiept ‘нацягваць, рабіць тугім’, ст.-ісл. þambr ‘тоўсты, надуты’, ‘нацягнуты (пра цеціву)’, ст.-грэч. τέμνω ‘рэжу’ ўзыходзіць да і.-е. асновы *ste(m)p‑/*ste(m)b‑ і роднаснага і.-е. *stm̥bo‑ ці *(s)tomp‑, *stomb‑ (Фасмер, 4, 122), рэалізаванага ў ст.-в.-ням., ням. stumpf ‘тупы’, ‘без бляску’, ‘някемлівы’; і.-е. *stm̥bo‑ першапачаткова абазначала ‘пакалечыць, урэзаць, вышчарбіць, укараціць, пабіць, прыціснуць’ (Сной₂, 772) і адлюстравалася яшчэ ў ст.-грэч. στέμβω ‘б’ю, таўку, цісну’, ст.-в.-ням. stampf ‘таўкач’, ст.-в.-ням. stumbal ‘абрубак, абрэзак’. Мяркуецца, што значэнні ‘нявостры’ і ‘няздольны, дурны’ ўзыходзяць да праславянскага перыяду (Якубовіч, Drogi słów, 295). Гл. яшчэ Брукнер, 570; Махэк₂, 661; Скок, 3, 524; ЕСУМ, 5, 677; Арол, 4, 117. Сюды ж ту́па ‘павольна’ (гл.), тупава́то ‘туга, дрэнна’ (Зайка Кос.), тупі́ца ‘тупая (затупленая) сякера, каса’ (гл.), тупы́ця ‘тс’ (кам., ЛА, 2), тупі́чка ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тупі́ць ‘рабіць тупым’ (ТСБМ, Байк. і Некр.); ту́пянькі ‘тупы (носік у яйку)’ (маладз., Сл. ПЗБ), тупава́ты ‘не зусім востры’ (лід., там жа), тупʼё ‘тупая частка нажа’ (шчуч., там жа), тупі́ла ‘тупы нож, сякера’ (Юрч. Вытв.), ‘тупы, няздольны чалавек’ (там жа; слонім., Сл. рэг. лекс.), тупе́нь ‘няздатны да навукі’ (Нас., Байк. і Некр.), тупа́к ‘тс’ (маладз., Янк. Мат.).

Тупя́шка ‘гнілое палена’ (Бяльк.). Магчыма, памылкова прачытанае ў рукапісе туняшка, гл.

Тур1 ‘першабытны дзікі бык Bos primigenius, буйвал’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Вруб., Арх. Вяр., Ласт.): natura, jak ŭ toho tura (ваўк., Федар. 4), ст.-бел. туръ ‘тс’ (ГСБМ). Як назва рэальнай жывёлы даўжэй захоўвалася ў раёне, які прымыкае да сучаснай Белавежскай пушчы, параўн. siedzić, jak tur ŭ harè (слонім., ваўк., Федар. 4, 275: hara ‘лес’?); у песні: Не ўгінайся, буковый мосце, / Через тебе ідут туры і елені (брэсц., Д.-Хадак., 346). У Бельскім павеце запісана гульня «У тура», што можа адносіцца да паганскага культу, гл. БНТ, Гульні₂, 39. Укр. тур, рус. тур, польск., н.-, в.-луж. tur, палаб. täur, чэш. tur, славац. tur, славен. túr (захоўваецца ў тапонімах Turjak, Turja glava), балг. тур, макед. тур, ст.-слав. тоуръ ‘дзікі бык’. Прасл. *turъ роднаснае ст.-прус. tauris ‘зубр’, літ. taũras ‘тур, бык’, ст.-грэч. ταυρος ‘бык’, лац. taurus, ірл. tarb ‘тс’, авест. staōra ‘буйная рагатая жывёла’, гоц. stiur ‘бык’, ‘цялё’, што да і.-е. *tə̯uro‑ < і.-е. *teu̯h₂‑ ‘ацякаць, распухаць, павялічвацца’ (Сной₂, 792; Фасмер, 4, 122; Брукнер, 584; Скок, 3, 524; Буга, Rinkt., 2, 634; Борысь, 654; ЕСУМ, 5, 677–678). Існуе магчымасць меркаваць пра настратычныя сувязі з прасеміц. tauru‑ ‘бык’ (Покарны, 1083; Арол, 4, 118; ESJSt, 17, 998). Сюды ж астронім ст.-бел. Туръ, Телець, Юнець, Бычокъ, што адпавядае лац. Taurus ‘тс’ (XVI ст., Бел. лекс., 112), тур ‘маўчун, маўклівы чалавек’ (пін., ЛА, 3); туры́ца ‘дзікая карова’, ‘мажная здаровая кабета’ (Нас.), туры́ця ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ), магчыма, мянушка каровы туро́ля (мёрск., Нар. лекс.).

Тур2 ‘адзін круг танца; асобны этап якой-небудзь гульні, конкурсу, спаборніцтва, мерапрыемства’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.), ‘падарожжа, турыстычная паездка’ (Улас.). Праз рускую мову (тур) з франц. tour ‘круг, абарачэнне, абарот, абход, аб’езд’, ‘чарга’, ‘ганчарны круг’, якое з с.-лац. turnus > лац. tornus ‘такарны варштат’ < ст.-грэч. τόρνος ‘прылада цесляра для вывядзення контураў кола, паўкола’, ‘долата, такарны разец’ < τείρω ‘тру’ (Фасмер, 4, 122; Даза, 716; ЕСУМ, 5, 678). Значэнне ‘падарожжа’ пад уплывам англ. tour ‘паездка, экскурсія’ (Арол, 4, 118), параўн. турнэ, гл.

Тур3 ‘апорны слуп пасярэдзіне святліцы старажытнага дома’ (Ласт.), ‘слуп каля печы ў курных хатах’ (дзісн., Яшк.). Магчыма, да тур1 (гл.) у пераносным значэнні ‘найбольш значны канструкцыйны элемент’, бо апорны слуп называлі «турам» побач з «князем», «князьком», «канём» (Ласт., 143).

Тур4 ‘купальнік горны, Arnica montana L.’ (гродз., Кіс., ТС), тур‑зелье, зелье‑тур ‘тс’ (ТС). Да тур1 (гл.); параўн. польск. дыял. tura альбо trawa turowa, turówka, żubrówka ‘зуброўка, Hierochloë odorata (L.)’, што можна разглядаць як аналаг зу́брава трава́ ‘тс’ (брэсц., Кіс.) — ежа зуброў у Белавежскай пушчы (Коласава, Лексика, 60; адносна іншых раслін гл. ЕСУМ, 5, 680). Аднак не выключана метафарычнае ўжыванне назвы тур1 — тое, што прыносіць здароўе і сілы, параўн. фразеалагізм здаровы як бык.

Тура́ ‘ладдзя (фігура, якая мае форму вежы)’ (ТСБМ, Янк. 3.). Праз рускую мову (тура́) з франц. tour ‘вежа’ < лац. turris ‘тс’, ж. р. якога абумовіў канчатак ‑а. Ст.-бел. тура ‘вежа, асадная вежа’ (1563) запазычана са ст.-польск. tura ‘тс’, якое з франц. tour ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 67). Гарбуль (Семант. полонизмы, 394) ставіць пад сумненне такі шлях запазычання.

Ту́ра ‘група, партыя’ (мядз., Сл. ПЗБ). З польск. tura ‘чарга, круг, тур’, якое з франц. tour, што з сярэднявечнага лац. turnus ‘вярчальны рух’ (SWO, 1980, 783).

Турава́ць ‘выконваць другую партыю пры спяванні або ігры’ (ТСБМ), ‘акампаніраваць’ (Шат.). З польск. wtórować ‘уторыць’, гл. утараваць.