Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Імкну́цца, імкну́ць ’хутка рухацца, накіроўвацца куды-н’., ’старацца трапіць куды-н., быць дзе-н. або стаць кім-н.’, ’настойліва дамагацца чаго-н.’ (ТСБМ). Рус. ‑мкнуть толькі ў складзе прэфіксальных утварэнняў: примкнуть, сомкнуть, замкнуть, отомкнуть і г. д. Укр. імкну́ти ’скеміць’, польск. mknąć ’імчацца’, чэш. уст. mknouti se ’прыціскацца’, славен. makniti ’ссунуць, пасунуць, зрушыць’, серб.-харв. ма̀кнути ’тс’, балг. мъ́кна ’цягнуць, валачы’, ц.-слав. мъкнѫти сѧ ’хутка рухацца’. Прасл. дзеяслоў *mъknǫti (), суадносны з *mъkěti (гл. імчаць), генетычна роднасны літ. mùkti, munkù, mukaũ ’вызваляцца, бегчы, выслізгвацца’, лат. mukt ’змахнуць, саслізнуць, уцячы, выслізнуць’, на іншай ступені чаргавання: літ. maũkti, maukiù, maukiaũ ’цягнуць, сцягнуць’, ст.-інд. muñcáti, mucáti ’вызваляе, выпускае’, авест. framuχti‑ ’збавенне’. Праабражэнскі, 1, 540–541; Фасмер, 2, 631. Назоўнік імкне́нне, відаць, пад уплывам польск. mknienie з пратэзай і‑.

І́мне ’вымя’ (Ліс.). Ад вымя (гл.) са стратай в‑ у пачатку слова; параўн. рус. дыял. и́мя ’вымя’, балг. дыял. и́ме ’тс’; ‑н‑ з асновы ўскосных склонаў.

І́мпарт ’увоз у якую-н. краіну тавараў з-за мяжы’ (ТСБМ). Запазычанне з англ. import праз рус. мову ў XX ст. (Шанскі, 2, I, 60).

Імпера́тар. Ст.-бел. императоръ (з пачатку XVII ст.) запазычана з польск. imperator, дзе з лац. imperator ад imperare ’кіраваць, загадваць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 26; SWO, 300). Тым жа шляхам імпе́рыя з лац. imperia. Для рус. импера́тор, импе́рия польская — таксама мова-пасрэднік (Фасмер, 2, 129; Шанскі, 2, I, 58, 59).

Імперыялі́зм. Крыніцай можа быць польская ці руская мова, дзе ў XIX ст. з англ. imperialism (Шанскі, 2, I, 58).

І́мпэ́т ’разгон, парывістасць, імклівасць, напор, націск’ (ТСБМ, БРС, Касп., Бяльк., Нас., Гарэц., Яруш.), ’пах, дух’ (ТСБМ), ’ахвота, жаданне’ (Бір. Дзярж., Бяльк.), ’выбух, паветраны штуршок, выбухная хваля’ (Касп.; брэсц., Жыв. сл., 164), ’энергія чалавека’ (брэсц., Жыв. сл., 164), и́мпэтъ, и́нпэтъ ’цяжкі дух’ (Мал.), і́мпа́т ’паветра, пах, спецыфічны дух’ (Сцяц.; стаўб., Жыв. сл., 71), ’парыў (паветра)’ (Сцяц.), ’цяжкі дух, смурод’ (слонім., Нар. лексіка, 52); параўн. зах.-бранск. и́мпет, и́нпет ’напор, напружанне; цяжкае паветра, цяжкі дух’ (Растаргуеў, Бранск.). Ст.-бел. импетъ ’напор, націск’ (1674 г.) з польск. impet < лац. impetus ’парыў, разбег, напор’ (Булыка, Запазыч.; SWO, 300). Няма падстаў лічыць, што лексема была забыта і зноў увайшла ў бел. мову ў пачатку XX ст. (як Гіст. лекс., 259). З польскай таксама рус. дыял. и́мпет ’удар, напор, імклівасць; ударная сіла’ (у рускай пісьменнасці з 1718 г., Біржакова, Очерки, 363), укр. і́мпет ’моцны націск, парыў, сіла’. У сучасных беларускіх гаворках семантычны аб’ём слова значна пашырыўся. Схему семантычнага развіцця, відаць, можна ўявіць такім чынам: ’парыў’ → ’парыў (паветра)’ → ’паветра’ → ’пах, дух’ → ’цяжкі дух, смурод’. Далейшая ступень канкрэтызацыі — імпа́т ’адзежа з-пад хворага’ (Жд. 2), дзе семантычны перанос звязаны, напэўна, са спецыфічным пахам адзення хворага чалавека.

Імсці́ць ’помсціць’ (Янк. I). Беспрэфіксальнае ўтварэнне з пратэзай і‑. Гл. помста.

Імча́цца, імча́ць ’вельмі хутка перамяшчацца, ехаць, бегчы; несціся’ (ТСБМ). Рус. мчать, мча́ться, укр. мча́ти, мча́тися ’тс’, ст.-чэш. mčieti ’несці, цягнуць’, ст.-слав. мъчати ’кідаць’. Прасл. дзеяслоў *mъkěti, суадносны з *mъknǫti (гл. імкнуцца), Фасмер, 3, 22; КЭСРЯ, 277. Пачатковае і‑ мае практычны характар (Карскі, 1, 262).

Імша́ ’каталіцкая абедня’ (ТСБМ, БРС, Яруш., Шат.). І‑ пратэтычнае. Ст.-бел., мша, имша (канец XV ст.) запазычана са ст.-польск. msza < ст.-чэш. mše, якое ўзыходзіць да ст.-в.-ням. missa, mëssa з лац. missa (Булыка, Лекс. запазыч., 183; Брукнер, 347).

Імша́нік ’уцепленае памяшканне для зімоўкі пчол’ (ТСБМ), рус., укр. омша́ник ’тс’. Ад імшаны з суф. ‑ік; гл. мох, амшалы.