Імкну́цца, імкну́ць ’хутка рухацца, накіроўвацца куды-н’., ’старацца трапіць куды-н., быць дзе-н. або стаць кім-н.’, ’настойліва дамагацца чаго-н.’ (ТСБМ). Рус. ‑мкнуть толькі ў складзе прэфіксальных утварэнняў: примкнуть, сомкнуть, замкнуть, отомкнуть і г. д. Укр. імкну́ти ’скеміць’, польск. mknąć ’імчацца’, чэш. уст. mknouti se ’прыціскацца’, славен. makniti ’ссунуць, пасунуць, зрушыць’, серб.-харв. ма̀кнути ’тс’, балг. мъ́кна ’цягнуць, валачы’, ц.-слав. мъкнѫти сѧ ’хутка рухацца’. Прасл. дзеяслоў *mъknǫti (sę), суадносны з *mъkěti (гл. імчаць), генетычна роднасны літ. mùkti, munkù, mukaũ ’вызваляцца, бегчы, выслізгвацца’, лат. mukt ’змахнуць, саслізнуць, уцячы, выслізнуць’, на іншай ступені чаргавання: літ. maũkti, maukiù, maukiaũ ’цягнуць, сцягнуць’, ст.-інд. muñcáti, mucáti ’вызваляе, выпускае’, авест. framuχti‑ ’збавенне’. Праабражэнскі, 1, 540–541; Фасмер, 2, 631. Назоўнік імкне́нне, відаць, пад уплывам польск. mknienie з пратэзай і‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)