Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трасару́бка (трэсару́бка) ‘неахайная, нядбайная да свайго адзення жанчына’ (Растарг.). Да трэсці (гл.) і руб‑, гл. руб, ст.-бел. рубъ ‘абрывак тканіны, рыззё’, стараж.-рус. рубъ, ‘дрэннае адзенне, грубая тканіна’. Параўн. спалучэнне слоў у выразе укр. треба прясти, щоб рубʼям не трясти (Грынч., 4, 85) і назву расліны дрыжнік — трісирубичка (ЕСУМ, 5, 644), суадносную з трасунька, гл.

Трасі́на ‘дрыгва, топкае балота’ (шчуч., ЛА, 2), ‘багна’ (Мат. Гом., Цых.), ‘плаў на балоце, каля возера, дзе калышацца верхняе покрыва’ (слонім., навагр., ЛА, 2), трэсіна́ ‘топкае месца на балоце’ (бяроз., драг., ЛА, 5), трасі́на ‘тс’ (хойн., Шатал.; карэліцк., лельч., лоеў, ЛА, 2), трасы́на ‘тс’ (пін., ЛА, 2), трясі́на́ ‘тс’ (шуміл., віц., чэрык., клім., ЛА, 2). Укр. дыял. трасі́на ‘дрыгва’, рус. тряси́на ‘наплаўнае балота, зыбучае месца, дзе глеба (з раслін) хістаецца і пад нагой выступае вада’. Да трэсці (гл.), першапачатковымі, відаць, былі формы з канцавым націскам з прасторавым значэннем тыпу цаліна́, навіна́, цвердзіна́ і пад., аднак у арэальным плане размежавання формаў не назіраецца. Гл. і трахіна.

Трасія́ ‘дрыгва, балота’ (Бяльк.), укр. тресія́ ‘тс’. Да трэсці (гл.), зборны назоўнік роднасны рус. пск. трясь, тре́сся, тря́сье ‘дрыгва’.

Траска́1 ‘прамысловая рыба, Gadus morhua’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З рус. треска́ ‘тс’, што збліжаюць з дыял. тре́ска (гл. трэска), нешта накшталт ‘рыба-трэска’ (сухая, нятлустая, а высушаная — расшчэпваецца, як дрэва), і аналагічна да ням. Stockfisch ‘траска’ (< Stock ‘палка’ і Fisch ‘рыба’) (Фасмер, 4, 100; ЕСУМ, 5, 645; Чарных, 2, 261–262; Арол, 4, 100). Белы (Наша Ніва, 2007, 27 крас.) падтрымлівае версію паходжання ад ст.-нарв. thorskr ‘штосьці, што належыць сушыць’, ‘сушаніна’ і характарызуе нарыхтоўку рыбы ў запас, а таксама запазычанне непасрэдна з мовы вікінгаў, што адлюстравалася таксама ў ірл. trosc і шатл. trosg ‘траска’.

Траска́2 ‘траста’ (Мат. Гом.; докш., Янк. Мат.), ‘дробныя частачкі, што застаюцца ад валокнаў лёну’ (лаг., Гіл.), трыска́ ‘лён, падняты і звязаны пасля вылежвання’ (Мат. Маг., 2). Параўн. рус. треста́ ‘кастрыца’, ‘сцябло лёну і канапель пасля сушэння’. Вынік своеасаблівага чаргавання спалучэння зычных *‑st‑/*‑sk‑: траста (гл.) — траска, трэскацца, аналагічна: *pustiti/*puskati > пусціць/пускаць (Трубачоў, Ремесл. терм., 85).

Траска́3 ‘дранка, тоненькія дошчачкі для пакрыцця даху, танчэйшыя за гонт’ (Жд. 1; докш., Янк. Мат.; лаг., Жыв. сл.; віл., Сл. ПЗБ), рус. пск. тре́ска, тре́ски ‘дранка’, ‘трэскі’. Да трэ́ска (гл.). Націск на канцы, відаць, характарызуе сукупнасць, як у літ. skiedrà, skalà ‘дранка’ і ў рус. щепа́, — дарэчы, усе яны абазначаюць як ‘трэска’, так і ‘дранка’.

Трасканя́ ‘журба, смутак, маркота’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тросканье ‘клопат’ (ГСБМ). Запазычана з польск. troskanie ‘клопат, неспакой’ або ўтворана ад мясцовага тро́скаць ‘турбаваць, непакоіць’, што з польск. troskać ‘тс’ ад troska ‘клопат’ (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 119), аформленага пад уплывам існуючага ў гаворцы трасканя́ ‘траскатня’.

Траско́тка ‘бразготка’ (АБ, 6), трыску͡отка ‘тс’, трыскота́ті ‘трашчаць’ (Вруб.). Аналагічна да трашчотка < трашча́ць, гл. троскат.

Траско́ўнік ‘дрывотнік’, ‘месца на двары, дзе сякуць дровы’ (Мат. Гом., Мат. Маг.; бялын., Нар. сл., ЛА, 1), ‘дробныя трэскі, смецце’ (Ян.), траско́ўня ‘дрывотнік’ (Мат. Гом.), траско́ўя ‘месца, дзе колюць дровы’ (Бяльк.), трасо́чнік ‘месца, дзе сохнуць трэскі’ (Сцяшк., Янк. 2), трасо́чнік і трасо́тнік ‘месца, дзе колюць дровы і куды высыпаюць смецце’ (Сл. ПЗБ), ‘смецце’ (Мат. Гом.), ‘перагной на дрывотні, які вывозяць на поле, на агарод’ (докш., Янк. Мат.), ‘дробныя трэскі, рознае смецце пад паветкай’ (Янк. 2). Вытворныя ад трэ́ска (гл.). Параўн. рус. дыял. тресо́чник ‘перагной з трэсак і бур’яну’, якое Мюленбах і Эндзелін (4, 223) параўноўваюць з літ. trèšti ‘гніць’, лат. tresêt ‘тс’, гл. Фасмер, 4, 100.

Траску́н ‘жук сямейства лістаедаў, Chrysomelidae’ (ТСБМ). Сюды ж traskunczyk ‘сініца, Parus L.’ (Арх. Федар.), у спалучэнні чыро́к‑траскуно́к ‘птушка Anas guerguedula’ (Цярохін, Охота). Да трэск, трашчаць (гл.) паводле выдаваных гукаў, параўн. ЕСУМ, 5, 623, 645. Апошняя назва, відаць, запазычана з рус. чиро́к трескуно́к ‘тс’, параўн. таксама ўкр. чиро́к тріскуно́к пры дыял. тріскунка, трускуняць (ЕСУМ, 5, 659).

Траслі́вы ‘багністы’ (Сцяшк. Сл.), трослі́вы ‘дрыгвяністы, гразкі’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. тросливый ‘парослы трыснягом’: тросливое болото (ГСБМ). Утворана пры дапамозе суф. ‑лів‑ ад тросць1, гл., набліжана да трэсці, гл.

Трасні́к (трысні́к, трісні́к, трясні́к, тросні́к) ‘трыснёг, Phragmites communis Trin.’ (Касп.; Байк. і Некр., Шатал.; гродз., віц., мін., маг., ЛА, 1, Кіс., Сл. ПЗБ; мёрск., Жыв. сл., Сцяшк. Сл.), ‘чарот, Scirpius L.’ (Ласт.; леп., лёзн., шчуч., Яшк., ЛА, 1), трасні́к ‘рагоз, Typha latifolia L.’ (шуміл., віц., астрав., лаг., стаўб., ЛА, 1). Укр. дыял. тро́сни́к, тростни́к ‘чарот, трыснёг’, рус. тростник ‘тс’. Суфіксальны дэрыват ад тросць1 (гл.), суф. ‑ьн‑ікъ утварае фітонімы тыпу сітнік, маліннік і пад. (Новое в рус. этим., 238), або ад траста́ (гл.), параўн. з пераносам націску трасце́ннік ‘зараснік трыснягу’ (Др.-Падб.). Гл. таксама троснік, трыснёг.