Вярэ́дзіць і вярэдзіцца (БРС, КТС). Да верадзіць, верадзіцца (гл.). Сюды ж вярэдліва (КТС).
Вярэ́днік ’крапінец чубаты, Polygala comosa Schkuhr.’ (Касп.), вераднік ’тс’ (маг., Кіс.). Матывацыя няясная. Магчыма, да ве́рад (гл.).
*Вярэ́йкі, варэ́йкі ’дошкі або жэрдкі, якія выконваюць функцыю прымітыўных варот’ (хойн., Нар. сл.); ’крайнія зубы грабянёў’ (КТС). Да *‑віраць < ver‑/vor‑/vьr‑. Гэты корань маецца ў бел. абора < ob‑vora. Суф. ‑эйк‑ пашыраны ў зах.-бел. гаворках (Сцяцко, Афікс. наз., 37). Параўн. таксама чэш. zavírati ’зачыняць’, závora ’засоўка, закрутка’, závorky ’шлагбаум’, славац. vora ’агароджа’, укр. вір ’агароджа з жэрдак’, вірʼя ’тс’.
*Вярэ́йцы, цэнтр.-палес. вере́йцы ’рэдкія варотцы з жэрдак, праз якія ўязджаюць у двор’ (Серб.); ’падваротня ў гумне’ (лельч., Нар. сл.). Да вярэйкі (гл.).
Вярэ́каць ’гаварыць абы-што’ (КТС, М. Паслядовіч). Сюды ж, паводле аўтараў СРНГ, 4, 42, і іншыя блізкія экспрэсіўныя лексемы: рус. варакать, пск. варгасить ’гаварыць недарэчнасці, бязглуздзіцу’, арханг., ленінгр., перм., с.-урал. варакосить, паўдн.-рус., смал. варнакать ’тс’, варон. ’гаварыць няясна’. Непераканаўча Фасмер (1, 273–275). Бел. вярэкаць, магчыма, узнікла ў выніку кантамінацыі вярзці і *рэкці (< rěkti); параўн. драг. рэ́кало ’чалавек, які доўга і нудна гаворыць недарэчнасці, бязглуздзіцу’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.).
Вярэ́кша — жартаўлівы зварот да дзіцяці (Працы, 6), рус. смал. верекса ’міфалагічная істота, якая выклікае ў дзіцяці хваробу, ад чаго дзіця плача, капрызіць’. Звязана з літ. ver̃kti, verkšlénti ’плакаць’, verksnỹs, verkšnà ’плакса’. Аб бел. суф. ‑ш‑а гл. Сцяцко, Афікс. наз., 75–76.
Вярэ́ма ’лазняк’ (слуц., Мал.). Няясна.
Вярэ́ні ’від абутку з лыка’ (Інстр. I); ’лапці, сплеценыя з вяровак’ (Сак., Шат.) — парны лік наз. вярэ́ня, роднаснага да рус. цвяр. веренька ’пяхцер’, тул. ’вяроўка’, а апошнія — з *верень ’рад’ (Шанскі, 1, В, 57) < verenь; параўн. ст.-англ. worn ’ланцуг’; ’шмат’, ірл. foirenn ’атрад’, літ. vir̄vinis ’вяровачны’. Гл. таксама Фасмер, 1, 296, там літ-pa. Звязана з наступным словам.
Вярэ́нька ’торбачка на хлеб, сплеценая з бяросты’ (Некр., Шат.); ’берасцяная кашолка’ (Працы, 6), лун. вэрэ́нька ’кошык для ягад’ (Шатал.), укр. вере́ня ’раднінка’, бук. вере́нь, вере́ня ’дзяруга’, рус. вере́нька ’плецены кошык’, уладз., кастр. ’венцер’. Звязана з літ. vérti ’нанізваць, уцягваць нітку’, лат. vērt ’нанізваць’, грэч. ἀείρω ’звязваю’, алб. vjer ’вешаю’ і інш., а таксама з вярэні (гл.). Сюды ж вярэ́ня ’кошык’ (Шн., 3); ’торбачка’ (мін., Жыв. сл.); ’някемлівы, мешкаваты чалавек, няўдалы’ (Янк. I, докш., Янк. Мат.).
Вярэ́паўка ’земляная жаба, рапуха’ (Жд., 2, Некр., Шат.); ’тоўстая, непаваротлівая і неахайная жанчына’ (Некр., Шат.); ’няўклюда’ (слуц., Жыв. сл.). У іншых славян лексема адсутнічае. Магчыма, узнікла ў выніку кантамінацыі літ. varlė̄ і бел. *рэпаўка; параўн. укр. ропа́вка, якое да слав. rop‑uxa. Інакш Краўчук (ВЯ, 10, 1976, 71). Фасмер (3, 503) звязвае апошняе з ропа́ ’гной’, Траўтман (246) і Мюленбах-Эндзелін (3, 478, 479) — з літ. ropóti, лат. rāpot ’поўзаць’. Трубачоў (Фасмер, 3, 503) усе рус., бел., укр. формы з пачатковым роп‑ лічыць запазычаннем з польск. ropucha < chropucha (Брукнер, 463). Гл. варопаўка.