Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Мокрадзь ’мокрае месца, балота’ (Гарб.), мокраць ’макрата’ (паст., ашм., Сл. ПЗБ). Да прасл. mokrʼadь, mokradь < mokrъ > мокры (гл.). Аб суф. ‑адзь гл. Сцяцко, Афікс. наз., 13; Слаўскі, SP, 1, 64; Аткупшчыкоў, Из истории, 149 і наст.

Мокры ’насычаны вільгаццю’, ’дажджлівы’, ’сыры’, ’потны’, ’гразкі’, ’прамоклы’, навагр. ’вараны (аб ежы)’ (ТСБМ, Яруш., Сцяшк., Жд. 1, Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), мокрасць ’сырасць, вільгаць’ (Нас.), ст.-бел. мокрый ’пакрыты, насычаны вадою, вільгаццю’, ’сыры’, ’балоцісты’ (Булахаў, Гіст., 137). Укр. мокрий, рус. мокрый, польск., в.-луж. mokry, палаб. mükrĕ, н.-луж. mokšy, чэш., славац. mokrý, славен. móker, серб.-харв. мо̏кар, макед. мокар, балг. мокър, ст.-слав. мокръ. Прасл. mokrъ, утворанае ад асновы *mok‑ і суфікса ‑ro‑ (Фасмер, 2, 641; Махэк₂, 372; Бязлай, 2, 192). Параўн. таксама мачыць, мокнуць (гл.).

Мокрышча ’скошаная трава’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). Семантычна няясна. Да мокры (гл.).

Мокуць ’месца забалочанае’ (Нар. Гом.). Відавочна, калька з балт. (параўн. balùtė ’балотца’), утвораная ад асновы мок‑ і літ. суфіксаў ‑utis, ‑utė.

Мокці ’мокнуць’ (віл., Сл. ПЗБ). Можна дапусціць утварэнне ад мок‑ (параўн. славен. mok ’вільгаць’, ’дождж’: sonce gre na mok ’збіраецца на дождж’), як нес‑ці і інш. па тыпу двухскладовых літ. šlàpti, drė́kti, šliùrti, tìžti ’мокнуць’.

Мол 1 ’высокі і доўгі вал у порце’ (ТСБМ). З рус. мол ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 83), якое з італ. molo ’тс’ (Фасмер, 2, 641).

*Мол 2, ст.-бел. молъ ’мул’ (Карскі, Труды, 312). Да мул (гл.).

Моладзь ’маладое пакаленне’, ’маладыя людзі’, ’маладосць’, моладдзю ’ў маладыя гады’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш.). Укр. молодь ’моладзь’. Бел.-укр. ізалекса. На іншай слав. тэрыторыі семантыка адрозніваецца (параўн. Лучыц-Федарэц, Бел.-укр. ізал., 41). Прасл. moldь. Да малады́ (гл.).

Молаж, стол. мо́лож ’частка пчалінай сям’і, якая шукае месца для пасялення рою’ (ЛАПП). Утворана ад прыметніка mold‑ъ > малады́ (гл.) пры дапамозе суфікса ‑jь.

Молакі ’малако’ (Нас.) у выразе: сёлета ў кароў молакаў мала — ведзьмы молакі адбіраюць. Да малако (гл.). Няясным застаецца ўжыванне лексемы ў мн. л.

Молан ’маланка’ (гарадоў, ДАБМ, к. 311), молань (в.-дзв.), молання ’тс’ (глыб., Сл. ПЗБ). Да мала́нка 1 (гл.).