Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Моняла, мо́няло ’марудны чалавек’ (драг., стол., Нар. лекс.), монятысь ’павольна рабіць’ (драг., Лучыц-Федарэц), укр. монятися ’мяцца, марудзіць, кешкацца’, рус. алан. моньжа ’вялы, хілы, хворы’, ’маруда’, ’п’яны чалавек’, арх. моня ’непаваротлівая, ціхая дзяўчына’. Няясна. Фасмер (2, 651) дапускае, што, магчыма, слова паходзіць ад імя Моня < Митрофан. Непераканаўча. Магчыма, што лексема моня паходзіць з народных вераванняў. Параўн. літ. mõnas ’лясун’, mõnai ’чары’ і іншыя слав.: польск. zmora, паўд.-слав. mora, бел. мана́ (гл.).

Мопс, мопса, мопсік ’парода пакаёвых сабачак’, ’кірпаносы’, ’які задзірае нос’ (Нас., ТСБМ). Праз польск. мову з н.-ням. Mops (с.-в.-ням. muff ’грымаса, морда’) < гал. moppen, mopperen ’бурчаць’, ’рабіць незадаволеную грымасу’, англ. mop ’скрывіць рот’ (Фасмер, 2, 651; Васэрцыер, 155).

Мопсік ’клінок’ (карэліц., Сцяшк. Сл.). Не зусім ясна. Хіба ў сувязі з польск. mopek ’карлік’ як нешта маленькае (?).

Мор ’павальная смерць, эпідэмія’ (ТСБМ; віл., Сл. ПЗБ). Укр. мір, рус. мор, польск. mór, в.-луж. mór, чэш. тог, славен. mór ’тс’; серб.-харв. мор ’паміранне’, макед. мор ’мор, чума’, балг. морът, ст.-слав. моръ ’зараза, язва’. Прасл. morъ < mer‑ti ’паміраць’. І.‑е. адпаведнікі: літ. mãras, maraĩ ’мор, чума’, ст.-інд. maras, māras ’смерць, мор’ (Бернекер, 2, 80; Фасмер, 2, 651).

Мора, мо́рэ ’частка акіяна, вялікая прастора вады’, ’вялікая колькасць’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк., Бес., ТС), стол. ’заліты вадою луг’ (Нар. лекс.). Укр. море, рус. море ’мора’, ’возера’, польск. morze, н.-, в.-луж. mor jo, чэш. moře, славац. more, славен. morjȇ, серб.-харв. мо̏рје, макед. море, балг. море́, ст.-слав. море. Прасл. morje ’мора’. І.‑е. адпаведнікі: літ. mãrios, mãrės ’Куршскі заліў’, жамайцк. ’мора’, ’Балтыйскае мора’, ст.-прус. mary, лат. mare, mara ’заліў’, гоц. marei ’мора’, ірл. muir, лац. mare ’тс’, з іншай ступенню чаргавання: ст.-в.-ням. muor ’лужына, балота’, ст.-фрыз. mâr ’роў, ставок’, англ. marsh, новав.-ням. Marsch ’забалочаная нізіна’, хецк. ma(r)‑marra ’балота’ (Фасмер, 2, 654–655 з л-рай). І.‑е. *mari ’мора, стаячая вада’, якое на слав. глебе пашырылася суфіксам ‑o‑, як ezero, pleso (Махэк₂, 374). Шпэхт (Dekl., 119) выводзіць і.-е. праформу *mor‑(u)‑ ’цёмны колер’, параўн. ст.-грэч. μόρυχοσ ’брудны, цемнаваты, змрочны’, каўказск. mere, merede, merevi ’вада, глыбіня, возера’, манг. mörö ’вялікая рака’ (Скок, 2, 456; Бязлай, 2, 195; Гамкрэлідзэ–Іваноў, 672–3, 943).

Морак 1 ’змрок, цемра’ (ТСБМ; Сцяшк.). Укр., рус. мо́рок, польск., н.-луж., в.-луж. mrok, чэш., славац. mrak, славен. mrȃk, серб.-харв. мра̑к, макед., балг. мрак, балг. мракът, ст.-слав. мракъ. Прасл. morkъ, да якога роднаснымі з’яўляюцца: літ. mérkti, лат. miȓgt ’міргаць, маргаць’, гоц. maúrgins, ст.-в.-ням. morgan ’ранак’ (Бернекер, 2, 78; Траўтман, 182; Фасмер, 2, 657; Бязлай, 2, 199). Да і.-е. *meig‑ (Мяркулава, Этимология–1973, 59). Сюды ж морак ’абмарачэнне’ (ТС), ’адурэнне’ (Рам. 8) — параўн. літ. mán ãkys apmar̃ko ’ў мяне пацямнела ў вачах’.

Морак 2 ’мор, пошасць’ (ТСБМ). З польск. po‑morek ’заразная хвароба на жывёлы’.

*Морак 3, мо́рок ’недабітая цурка пры гульні ў цурку’ (ТС). Няясна.

Морак 4 ’прымурак’ (маст., Сцяшк. Сл.). З польск. murek ’тс’, у якім адбыўся гіперправільны пераход польск. ó [y] ў бел. о [o].

Морась ’імжа’ (Юрч.), чавус. морысь ’дробны дождж, імгла’ (Нар. сл., Бяльк.; ваўк., Сцяшк. Сл.). Да мараса́ (гл.).

Морб ’абрубак з бервяна’ (Сцяшк.). Няясна.

Морва ’тут, Morus L.’ (Кіс.; віл., Сл. ПЗБ), ’чарнасліў’ (свісл., Сцяшк. Сл.). Ст.-бел. морва ’шаўкоўніц’ запазычана са ст.-польск. morwa ’тс’, якое з лац. mōrum ’тс’, ’ажына’ (Булыка, БЛ, 9, 31) < ст.-грэч. μῶρον (Гесіхій), μόρον ’шаўковіца’. Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 3, 77) выводзіць з літ. mõras/morva ’тс’, якое, аднак, таксама з польск. мовы.

Морг 1 ’трупярня’ (ТСБМ). Праз рус. мову з франц. morgue ’тс’.

Морг 2 морг̌, морх, морк ’старая мера зямлі = 0,71 га’ (ТСБМ, Мядзв., Гарэц., Шпіл., Выг. дыс., Чуд., Сцяшк., Шат., Бяльк.), навагр., ст.-дар. ’мера зямлі каля 0,56 га’ (Бел. хр. дыял., Прышч.), ’мера сенажаці ў селяніна’ (Нас.), ’мурог’ (петрык., Шатал.), маргі ’ўчастак лугу’ (Касп.), маргі жаць, маргі рабіць ’выконваць павіннасць па ўборцы збожжа для пана’ (полац., Хрэст. дыял.), ст.-бел. моркгъ, моргъ ’мера зямлі’ (XIV ст.) запазычана са ст.-польск. morg, morg, morga (Чартко, Пыт. мовазн., 118; Юрэвіч, Зб. Крапіве, 291; Кюнэ, 76, 78; Булыка, Лекс. запазыч., 154; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 3, 77).

Морг 3 (выкл.) і моргаць ’маргаць’ (ТСБМ), морьг! ’пра аднаразовае морганне’ (мсцісл., Нар. лекс.). Да марга́ць (гл.).