Момант, мо́мэнт ’імгненне, міг’, ’пэўны прамежак часу’, этап у гісторыі, развіцці, жыцці каго-, чаго-небудзь’ (ТС, Нас., Яруш., Шат.), мамэнт ’момант’ (Касп.; воран., Сл. ПЗБ), ’хутка, адразу’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. моментъ ’момант’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. moment ’тс’, якое з лац. mōmentum ’рухаючая сіла, штуршок’ (Булыка, Лекс. запазыч., 156; Кюнэ, Poln., 78) < movimentum < movere ’рухаць’.
*Момель, момэль, мо́мол ’белы гарлачык, Nymphea alba L.’ (ТС). Відаць, да зах.-укр. момич, мовнич ’гарлачык жоўты’, момоч, момич, омич, умич ’белы гарлачык’, але з іншым суфіксам.
Момля ’той, хто гаворыць вельмі ціха, незразумела’ (ваўк., Сл. ПЗБ), рус. перм. момля ’ціхоня’. Гукапераймальнае. Да мумляць (гл.).
Момра, му́мра (груб.) ’маўклівы чалавек’ (ваўк., Сцяшк. Сл.), момрыць (груб.) ’невыразна гаварыць’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). Старое анаматапеічнае ўтварэнне. Параўн. славен. momljáti (Бязлай, 2, 194). Да мумра, мума (гл.).
Мом-мом! — есці з поўным зачыненым ротам (полац., Нар. лекс.). Гукапераймальнае. Сюды ж момніць, момліць ’есці папоўніцы, умінаць’ (Касп., Бяльк.; полац., Нар. лекс.), рус. разан. момнить, момлить ’тс’, смал. момрить ’аб’ядацца’. Не выключана магчымасць уздзеяння лексемы мяць, умінаць (ежу). Гл. таксама му́мліць.
Мондры ’мудры, разумны’ (івац., Сл. Брэс.; паст., карэліц., шальч., дзятл., Сл. ПЗБ; Сцяц.). З польск. mądry ’тс’ (Мацкевіч, там жа, 3, 76). Сюды ж мондрыцца ’ганарыцца’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Параўн. аднак яшчэ ст.-бел. мондрый ’мудры’, якое са ст.-польск. mądry ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 204).
Монстр ’пачвара, страшыдла’ (ТСБМ). Праз рус. мову, у якой з франц. monstre ’пачвара’ < лац. mōnstrum ’дзіва, урод, страхоцце’.
Мончка ’цукар-пясок’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. mączka ’мука дробнага памолу’ (Мацкевіч, там жа, 3, 76).
Монька, моня ’малако’ (дзіц.) (Растарг.; мазыр., Жыв. сл.). З монё, молё ’тс’ (Клім., Лучыц-Федарэц). Рус. кур., херс. мо́ня. Ласкальныя словы да малако (гл.). Гл. таксама Фасмер, 2, 651.
*Монькала, мо́нькало ’проська, канькала’ (Нікан.). Утворана ад монькать ’канькаць’. Магчыма, узыходзіць да moliti ’прасіць’ > *moljati ’упрошваць’, у якім lʼ > nʼ з дадаваннем суфікса ‑k‑ па тыпу канькаць (гл.).