Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Мню́шка ’звараная тоўчаная бульба’ (малар., Сл. Брэс.). Да мяць (гл.), якое ў Зах. Палессі мае форму мне́тэ, мня́ты. Аб суфіксе ‑ʼуха > ‑ʼушка гл. Сцяцко, Афікс. наз., 73.

Мняк ’мянтуз, Lota, lota’ (лід., Сл. ПЗБ). Да мень (< прасл. mьnь), мянту́з (гл.).

Мняку́ха ’макуха з льнянога семя’ (малар., Уладз.). Да маку́ха (гл.), аднак пад уплывам народнай этымалогіі пачатковае ма‑ перайшло ў мня‑ (ад’ідэацыя з мня́ты ’мяць, ціснуць’).

Мнямнё (з дзіцячае мовы) ’мяса’ (Клім.). Да мя́са (гл.). Рэдуплікацыя мнʼ‑, якое на пачатку слова ў драг. гаворках з’яўляецца заканамерным: мне́со, мня́со ’мяса’, мне́тэ, мня́ты ’мяць’.

Мня́нка, мʼя́нка ’пюрэ’ (нараўл., Мат. Гом.). Да мяць (гл.).

Мня́со ’мышцы’, ’мяса’ (Бес.), драг. мне́со ’тс’ (Лучыц-Федарэц, КЭС). Да мя́са (гл.).

Мо — усечаная форма ад можа, можы, можэ ’магчыма, мабыць’ (ТСБМ, Жд. 1, Кліх, Бір. дыс., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.), выкліканая неабходнасцю адрознення мадальнага слова ад дзеяслова 3‑й ас. адз. ліку (можа).

Мова ’размоўная, літаратурная мова’, ’спосаб вымаўлення слоў, манера гаварэння’, ’размова’, ’гаворка, гутарка’, ’казань’, ’здольнасць гаварыць’, ’слова’ (ТСБМ, Нас., Мал., Гарэц., Булг., Яруш., Шат., Касп., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; паўд.-усх.). Укр. мова, рус. мо́лва́, ст.-рус. мълва, польск. mowa, в.-луж. mołwić, чэш. mluva, славац. mluviť, славен. mółviti, балг. мълва́, ст.-слав. млъва. Прасл. mъlva, mъlviti. І.‑е. адпаведнікі: ст.-інд. bráviti, авест. mraoiti ’гаворыць’, зенд. mraviti ’тс’. Сэмерэньі («Emérita», 22, 1954, 159) мяркуе аб роднасці слав. лексемы і лац. pro‑mulgāre ’гаварыць уголас, публічна’, *molgā ’размова’, ст.-грэч. гамер. νυκτός ἀμολγῷ ’у начной цішыні’ < *mel‑g‑, авест. mar‑, ст.-грэч. μέλοσ ’песня’, прасл. mъlv‑ < *mel‑w‑, ням. melden, хец. meld‑ ’даваць абяцанне’ < *mel‑dh‑ (Бернекер, IF, 8, 286; Трубачоў, Дополн., 2, 641–642; Бязлай, 2, 194; Плюта; JP, 40, 1961, (2), 126). Памылкова Кюнэ (Poln., 78) і Барысава (Бел.-рус. ізал., 9) гавораць аб запазычанні з польск. мовы, але ў ёй яшчэ ў XIV ст. было mołwa, а пераход ł > u̯ адбываўся ў канцы XVI — пачатку XVII ст. У ст.-бел. мове пераход ъл > ў ужо да XIV ст. закончыўся.

Мовачкам ’моўчкі’ (глыб., Сл. ПЗБ). У выніку кантамінацыі бел. моўчкі і рус. молчком ’тс’.

Мовіць ’гаварыць’, ’сказаць, вымавіць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Растарг.; брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. мовити ’валодаць мовай, размаўляць’, ’прасіць’, ’сведчыць’, ’судзіцца’ (з XV ст.). Аднак мовіць па́цяры ’маліцца’ (паст., швянч., Сл. ПЗБ) з польск. (od)mówić pacierz ’чытаць малітву’.