Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Мніх ’манах’ (ТСБМ), рус. мних, ст.-рус. мнихъ, мьнихъ, ст.-слав. мънихъ ’тс’. Укр. харк. мни́ха ’вялы, непаваротлівы чалавек’, польск., в.-луж., чэш. mnich, н.-луж. mich, славац. mních, славен. mnìh, mɘníh ’манах’, серб.-харв. mnih, якія са ст.-в.-ням. munih < нар.-лац. monicus < с.-грэч. μοναχός < ст.-грэч. μοναχῇ, μοναχοῡ ’у адным толькі месцы’ (Фасмер, 2, 633; Брукнер, 341; Махэк₂, 370; Бязлай, 2, 177; ЕСУМ, 3, 490).

Мні́хи ’страва з падсалоджанага малака і пакрышанай булкі (пшанічных каржоў)’ (слонім., Жыв. сл.), мні́шкі, мны́шкі ’сырнікі, запечаныя ў макотры’ (Растарг.). Укр. мни́шки ’звараныя сырнікі’. Да мяць (гл.). Аб суфіксе ‑ixъ гл. Слаўскі, SP, 11, 73.

Мні́цельны ’недаверлівы, беспрычынна падазроны’ (ТСБМ). Да рус. мнительный ’тс’, якое з рус. мнить, ст.-рус. мьнѣти, ст.-слав. мьнѣти і г. д. Прасл. mьněti, роднаснае да літ. minė́ti ’ўспамінаць’, ст.-прус. minisnan ’памяць’, ст.-інд. mányatē, manutḗ ’думае’, ст.-грэч. μέμονα, лац. meminī ’ўспамінаю’. Ст.-слав. мѣнити ’згадваць, успамінаць’, славен. méniti, ст.-чэш. mieniti, польск. mienić, аднак, з’яўляюцца роднаснымі да ст.-в.-ням., с.-в.-ням. meinen ’думаць, меркаваць’ (Фасмер, 2, 633).

Мні́шка ’рымска-каталіцкая манахіня’ (Нас.), ’нерашучая асоба’ (капыл., Жыв. сл.). З польск. mniszka ’манахіня’ (Кюнэ, Poln., 77).

Многа, мно́го, драг. мны́го ’шмат; больш, чым патрэбна, лішне’, ’часта, значна’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ); а таксама ’многае, многія’ (ТСБМ). Ст.-бел. многый ’вялікі, істотны, сур’ёзны, моцны’, многые, многи (мн. л.) ’шматразовы, шматлікі’. Укр. мно́го, рус. мно́го, мно́гий, ст.-рус. много, многий, мъногый, польск. mnogo, mnogi, н.-луж. m(ł)ogi, чэш., славац. mnoho, mnohý, славен. mnógo, mnȏg, vnogo, серб.-харв. мно̑г, мно̏го, mnógo, mlogo, макед. многу, балг. много, ст.-слав. м(ъ)ного, м(ъ)ногъ, м(ъ)ножити. Прасл. mъnogo, mъnogъ, якое супастаўляецца з гоц. manags ’шматлікі’, ст.-в.-ням. manag ’іншы, некаторы’, ст.-ірл. menice ’часты, шматлікі’ (Фасмер, 2, 633–634). Насуперак шматлікім аўтарам Бязлай (2, 190) не адносіць сюды літ. minià ’натоўп’ і, як і Фасмер, адмаўляе герм. паходжанне прасл. лексем. Ён зыходзіць з і.-е. *men(e)gh‑/*mn̥gh‑: ст.-інд. *magha‑ ’падарунак’ (гл. Майргофер, 2, 546); Махэк₂ (370) яшчэ супастаўляе з лац. magnus, ст.-грэч. μέγασ ’вялікі’, хец. mekki ’шматлікі’.

Множнік ’лік, на які множыцца іншы лік’ (ТСБМ). З польск. mnożnik ’тс’, запазычанага ў 20‑я гады, а не калька з рус. множитель ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 118).

Множыць ’павялічваць’, ’памнажаць адзін лік на другі’, множыцца ’размнажацца’, ’дабаўляцца’ (ТСБМ, Нас., Яруш., ТС). Прасл. mъnoziti (sę). Да многа (гл.).

Мноства, мну͡оство, множства ’вялікая колькасць’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Нас.; беласт., Сл. ПЗБ). Ст.-рус. множство, мъожьство, ст.-польск. mnożstwo, ст.-слав. мъножьство. Да многа (гл.). Не з’яўляецца запазычаннем з рус. мовы насуперак Крукоўскаму (Уплыў, 60).

Мнужы̑э́нь ’мноства’ (беласт., Сл. ПЗБ). Да множыць (гл.). Аб суфіксе -нь гл. Сцяцко, Афікс. наз., 89.

Мнук ’унук’ (Інстр. I). У выніку мены вн‑ > мн‑ (аб пераходзе в > м гл. Карскі, 1, 340).