Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Мога ’можа’ (Ян.). У выніку выроўнівання паводле 1‑й ас. адз. ліку магу. Да магчы́ (гл.).

Могаліцы ’месца, дзе хаваюць нябожчыкаў’ (КЭС, лаг.); маладз., валож. могальнік ’тс’ (ДАБМ, к. 318; Сл. ПЗБ), могільнік ’тс’; ’старажытныя могілкі’ (ТСБМ, Др.-Падб.), могілкі, муогілкі ’могілкі’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб.; ДАБМ, к. 318; Сцяшк., Шат., Касп., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ, Янк. 1), віц., гродз. магілкі (ДАБМ, к. 318), магільнік (Сл. ПЗБ), мін., краснап. магільле (Яшк., Бяльк.), віл. магі́ляцы (Яшк.), могліцы, моліцы, могіліцы, моглыці, могліца, моглыца, моглыцы ’тс’ (ДАБМ, к. 318; Сцяшк., Сержп., Жд. 1, Кліх, Касп., Сцяц., Сл. ПЗБ; ТС; палес., Нар. лекс.; Сл. Брэс.; Шатал.). Семантычная калька з балтыйскіх моў, параўн. літ. kãpas ’магіла’ — kapaĩ ’магілы’, ’могілкі’. Да магі́ла (гл.), якое на бел. тэрыторыі выступае з памяншальнымі суфіксамі ‑ъk і ‑ic‑. Гл. таксама Зданцэвіч, LP, 8, 1960, 344.

Могці ’магчы’ (ТС). Да магчы́ (гл.). Аб мене ‑чы > ‑ці гл. Карскі 2–3, 277–278. Незвычайнасць націску на 1 складзе.

Мода ’пэўныя густы, звычаі, прывычкі (асабліва ў адзенні), у грамадскім асяроддзі’ (ТСБМ, Жд. 1, Шат., Сл. ПЗБ), моды ’узор у клеткі на палатне’ (бяроз., Сл. Брэс.; ТС, Сцяц.), модзіць, модзіцца ’моднічаць, хітрыць’ (Сцяц., Сл. ПЗБ), модна, монна, модне ’незвычайна, мудрагеліста’ (Сл. ПЗБ). З польск. moda, якое пры пасрэдніцтве ням. мовы з франц. mode < лац. modus ’спосаб’, ’мера’, ’правіла’, ’прадпісанне’.

Модла 1 ’размер, шаблон’ у выразе пад адно модла (Ян.). Укр. модло. З рус. модель ці польск. model ’мадэль’, заканчэнне якіх аформілася паводле nomen instrumenti (мяла, скрэбла, вілы).

Модла 2 ’матавіла’ (Бяльк.). Наватвор, з ⁺мотла (< матаць), якое ўзнікла ў выніку скарачэння матавіла.

Модлы 1 (мн.), модла ’малітва’, ’моцная просьба; маленне’ (ТСБМ, Яруш.), воран. ’набожныя людзі’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. модла ’малітва’ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. modła < modlić się. Да малі́цца (гл.).

Модлы 2 ’ўзоры карункаў на канцы рушніка, вязаных рукамі з рэшты нітак асновы’ (петрык., Уладз.). Да мода (гл.). Суфікс ‑л‑ пад уплывам модла 1 (гл.).

*Модры, ст.-бел. модрый ’блакітны’ (XVI ст.) (Булахаў, Гіст., 136). Да прасл. modrъ, якое мае і.-е. адпаведнікі: літ. mãdaras ’бруд’ (Мартынаў, Язык, 51) і хец. andra‑ (Махэк₂, 372).

Модус ’спосаб чаго-небудзь’, ’разнавіднасць сілагізму’ (ТСБМ). З рус. модус ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 81).

Модэль ’мадэль’ (Яруш.). З польск. model, якое з франц. modéle < іт. modello — памяншальнае да modo < лац. modus ’спосаб’. Гл. таксама мадэль і модус.

Мож, можа, можэ ’быць можа, напэўна, магчыма’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Растарг., Мат. Маг., ТС; КЭС, лаг.; гор., паўд.-усх., КЭС). Да магчы́ (гл.). У мадальным значэнні выступае ў форме 3‑й ас. адз. л.