Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Мітусі́цца, мітузі́цца, мітушы́цца, мытушы́тысь, мытушя́тысь ’хутка і бесперапынку перамяшчацца ў розных напрамках’, ’бязладна рухацца, увіхацца’, ’мільгацець перад вачыма’, ’рабацець, каламуціцца, перамешвацца’, ’перашкаджацца’, ’свяціць няроўным бляскам’, ’салавець’, ’збівацца ў размове, губляцца, саромецца’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Мядзв., Шат., Касп., Бяльк., Растарг., Клім., ТС; паст., пух., іўеў., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; Крыў., Дзіс.). Рус. ми́туси́ть ’перамешваць, збіваць з панталыку’, ’глядзець адным вокам, жмурыцца’, митуси́ться ’мітусіцца’, ’хвалявацца’, ’рабацець’, ’здавацца’, смал. митуса́ ’няўрымслівы’. Параўн. таксама рус. мельтеши́ть ’мільгаць’. Да мі́тусь (гл.). Карскі (Труды, 393) супастаўляе бел. мітусі́ць ’муціць, мяшаць, трывожыць’ з літ. mita, mitas ’крыло мутніка (венцера)’. Мартынаў (Бел.-укр. ізал., 51) адносіць лексему мітусі́цца да балтызмаў перыяду існавання Велікага княства Літоўскага. Лаўчутэ (Балтизмы, 55–56) у якасці балт. крыніцы для бел.-рус. ізалексы падае лат. mits, mitus ’мена’.

Мі́тусь ’лежачы галовамі ў супрацьлеглыя бакі, «валетам»’ (лях., Сл. ПЗБ), драг. на́мытусь (Лучыц-Федарэц), мі́туські ’улукаткі’ (Жд. 1), мытусь ’адзін да аднаго задам’ (Кольб., 52). Укр. ми́тусь, митьма́, рус. митуси́ть ’падміргваць’, ст.-рус. митусь, митусъ ’адзін насупраць аднаго’ (XIII ст.), ст.-слав. митѣ ’напераменку’, польск. mituś, серб.-харв. усу̀мит, су̏митице ’крыж-накрыж’. І.‑е. адпаведнікі: лат. mits, mitus, mite ’мена’, mitêt ’мяняць’, mitežām ’разам, талакою’, ст.-інд. mḗthati, mitháti ’чаргуе’, mithás ’папераменны’, авест. miϑtwa‑ ’спараваны’, лац. mūtāre ’мяняць’, mūtuus ’узаемны’, гоц. missō ’адзін аднаго’ (Зубаты, IF, 3, 136; Бернекер, 2, 62; Брукнер, 338–339; Фасмер, 2, 628–629).

Мітынг ’масавы сход’ (ТСБМ), мі́цінг ’сход, сходка’ (Бяльк.). Праз рус. мову (Крукоўскі, Уплыў, 77) з англ. meeting ’сход, сустрэча’ (Фасмер, 2, 629).

Мітэнка ’жаночая пальчатка без пальцаў’ (ТСБМ), рус. митенка ’скураная пальчатка’. З франц. mitaine ’тс’ (праз польск. mitenka), якое з нар.-лац. *medietāna ’раздзеленая пасярэдзіне’ (Фасмер, 2, 629).

Мітэрка ’драўляны блок, колца, якія прыводзяць у рух катушку ў калаўроце’ (Касп.; міёр., Шатал.), ’драўлянае колца для замацавання шпулькі’ (прасл., Сл. ПЗБ), ’гайка на вінце’ (Нас.). Да му́тра (гл.).

Міф ’старажытнае фантастычнае паданне’, ’вымысел’ (ТСБМ). Кніжнае запазычанне са ст.-грэч. μῡθος ’слова, мова, апавяданне, вестка’, ’апавяданне пра багоў і герояў’, ’байка, казка, вымысел’, прыстасаванае да візантыйскага вымаўлення (Фасмер, 2, 629). Праз рус. мову (Крукоўскі, Уплыў, 77). ЕСУМ (3, 486) дапускае сувязь з myslь.

Міхіе́р ’мачавы пузыр’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. михі́р, міху́р ’пузыр’, рус. михи́рь, ст.-рус. мѣхирь, михирь, мѣхиръ (мѣхыръ) ’пузыр — орган цела’, ’membrum virile’, польск. miecherz, чэш. měchýř, славац. mechúr, славен. mehír, серб.-харв. mjèhȋr, ме̏хур, балг. меху́р. Прасл. měxyrъ/měxyrʼь, měxurъ/měxurʼь, якое ад měchъ (Слаўскі, SP, 2, 26 і 28). Да мех (гл.).

Міхнідаўка ’непаседлівая, хуткая ў рухах асоба’ (Крыў., Дзіс.). Няясна. Магчыма, да махну́ць ’хутка адправіцца, адысці куды-небудзь’ < маха́ць (гл.).

*Міхце́ць, драг. мыхті́ты ’стракацець, пералівацца (аб колеры)’ (Клім.), ’свяціць няроўным бляскам’ (в.-дзв., шальч., Сл. ПЗБ). Да мігаце́ць, міга́ць (гл.).

Мі́цілка ’спрытная жанчына, якая хаця і не злодзей, але гатова падхапіць усё тое, што ляжыць навідавоку’ (КЭС, лаг.). Да міту́к (гл.).