Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Мі́тата ’калок, слуп’ (воран.) — рэдуплікацыйнае ад літ. miẽtas ’тс’ (Грынавяцкене, LKK, 16, 183).

Міта́цца, зьміта́цца ’вылецеўшы з вулля, садзіцца (пра рой)’, метаві́шча, мітаві́шча ’месца, дзе сеў рой’, ’месца, дзе на пашы начуюць коні’ (слаўг., Нар. сл.). Да мятаць 1 (гл.).

Мі́таць ’хутка насіць, вазіць, цягаць што-небудзь’, ’хутка есці’ (Крыў., Са сл. Дзіс.). Балтызм. Параўн. mitrùs ’хуткі, лоўкі’, mìtrinti ’рабіць хутка, лоўка, умела’.

Мітќаль ’самая простая баваўняная тканіна’ (ТСБМ), рус., укр., ст.-рус. миткаль, запазычанае з чагат. mutkal ’тс’ < перс. metqal ’тканіна’ або з араб. mitakāli (Міклашыч, 198; Бернекер, 2, 63; Фасмер, 2, 629).

Мі́тра ’галаўны ўбор вышэйшага духавенства’ (ТСБМ), ст.-бел. митра ’тс’ (пач. XVI ст.), ст.-рус. митра ’тс’, ’павязка’, ’галаўны ўбор’, ’карона’ — з с.-грэч. μίτρα ’павязка’, ’пояс’, ’чалма’ (Фасмер, Этюды, 126).

Мітрапалі́т ’вышэйшы праваслаўны епіскап’ (ТСБМ), ст.-бел. метрополита ’тс’ (пач. XVII ст.), якое са ст.-польск. metropolita < лац. mētropolīta (Булыка, Лекс. запазыч., 172). Аднак суч. бел. са ст.-рус. митрополитъ, якое са ст.-слав. митрополитъ < с.-грэч. μητροπολίτης, якое з μητρόπολις ’сталіца, рэзідэнцыя’ (Фасмер, Этюды, 127).

Мітрэ́нга, мітрэнг̌а, мітрэнка, в.-дзв. мітрэга ’трывога, хваляванне, непакой, сумятня, разлад, турбота, шум, перапалох, перашкода, прыгода’, бялын. ’вечарынка, бяседа’ (ТСБМ, Нас., Касп., Янк. 1, Бір. Дзярж., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.; рагач., КЭС; бялын., Нар. сл.), стол. замытрэ́шка ’непакой’ (Вярэніч, вусн. паведамл.), мітрэнжыцца, мітрэнжыць, ваўк. мярэжыць, чэрв. мітрэжыцца, трак. мітранг̌аваць ’трывожыць, адчуваць непакой, недамаганне’, ’марудзіць’, мітрэнжанне ’сварка’, ’перашкода’ (Нас., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Нар. лекс.). З польск. mitręga ’перашкода’, ’цяганіна’ (Шатэрнік, 158; Пальцаў, Лекс. і грам., 38; Кюнэ, Poln., 77), якое ўтварылася пры дапамозе суф. ‑ęga ад mitr‑, роднаснага з mitwać ’блытаць’ mituś — гл. мі́тусь.

Міту́к ’злодзей, які можа прыхапіць усё, што ляжыць навідавоку’ (КЭС, лаг.). Няясна. Магчыма, балтызм. Параўн. літ. mit‑r‑ùs ’хуткі, спрытны, лоўкі’.

Мітульга́ 1 ’мітусня, мільгаценне’ (ТСБМ, Касп.) ’непарадак’ (Касп.), ’шпаркасць’ (Бяльк.), міту́нь ’пра аднаразовае мільганне’ (мсцісл., Нар. лекс.). Да мі́тусь (гл.). Аб суфіксе ‑г‑а (< д‑а) гл. Слаўскі; SP, 1, 70.

Мітульга́ 2 ’матылёк’ (Гарэц., Нас., Др.-Падб.). Пад уплывам мітульга́ 1 ад матыль (гл.) пры дапамозе адцягненага суфікса ‑г‑а.

Мітурысы сабіраць ’трызніць з гарачкі’ (Бяд.). Няясна. Магчыма, звязана з рус. смал. митулить ’расказваць лухту’, ’несці лухту’, якое, мусіць, можна звязаць з мі́тусь (гл.).