Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трапні́к1 ‘рэшта палатнянай асновы’ (Мат. Гом.), ‘ручнік з доўгімі махрамі’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ‘скарач — канцы кроснаў, у якія ўвязвалі посуд з ядой’ (лун., ЛА, 5), трапнічо́к ‘тс’ (ст.-дар., ЛА, 5), ‘ануча’ (Сцяшк. Сл.). Адыменнае ўтварэнне ад трапкі (гл.) аналагічна да страпнік (гл.); суф. ‑нік, тут, мажліва, пад уплывам ручні́к ‘тс’, параўн. з іншай суфіксацыяй трапкач (гл.).

Трапні́к2 ‘драсён птушыны, Polygonum aviculare L.’ (івац., ЛА, 1). Параўн. укр. тро́пник ‘сачавічнік вясенні, Orobus vernus’. Да трапа́ (гл.), іншыя назвы гэтай расліны: падарожнік, прыдарожнік, дарожнік, чэш. ucestka (u‑ ‘каля’, cesta ‘дарога’), ням. Weggras ‘тс’.

Трапну́цца (трэпну́цца) ‘уздрыгануцца, страпянуцца’ (ТС). Магчыма, варыянт да стрэпенуцца ‘тс’ (гл. страпянуць) без пачатковага (“рухомага”) с‑ зменены пад уплывам трэ́пнуць, тро́пнуць ‘ударыць’, гл. трапаць1.

Тра́пны ‘цэльны, меткі; надзейны’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт.), сюды ж тра́фны ‘меткі’, trápna ‘ўдала, добра’ (Варл.). З польск. trafny ‘ўдалы, меткі’, аналагічна да трапіць1, трафіць (гл.).

Тра́пта ‘від плыта для сплаву шпал’: ходзі́ць на тра́пты ‘займацца лесасплавам’ (ТС), трапто́ўка ‘змацаванне разам двух, чатырох або шасці калачоў, што звязваюць дровы на плыту разам’, траптава́ць ‘рабіць траптоўку’ (навагр., Жыв. сл.). Са ст.-польск. trapta, trawta, tryfta, запазычанага з с.-в.-ням. trift ‘сплаў бярвенняў, лесаматэрыялу’, н.-ням. Trift ‘тс’ < с.-в.-ням. triften ‘гнаць, прыводзіць у рух, піхаць, спіхваць’ (Борысь, 640; Брукнер, 575; ЕСУМ, 5, 623). Гл. таксама тратва.

*Трапуга, трыпу́га, тырпу́га, тэрпуха́ ‘мянташка’, сюды ж трэпуга́ты, тырпу́жыты ‘мянціць’ (Сл. Брэс.). Мясцовае ўтварэнне ад трапаць1 з рэдкім суф. ‑уга, магчыма, з першаснага ‑уха, які часцей ужываецца пры называнні прадметаў дзеяння (Сцяцко, Афікс, наз., 71).

Трапу́нак, трапу́нок ‘выпадак’ (Касп., Сл. Брэс.; драг., З нар. сл.), трапу́нкі ‘ліха’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. трафунокъ ‘выпадак’ запазычана са ст.-польск. trafunek, trefunek ‘тс’, якое з trafić > бел. трапіць1 (гл.). Гл. таксама трафу́нак.

Трапы́шка ‘мянташка; трапалка (для лёну)’ (Юрч., Яўс.), трапы́шка, тряпы́шка ‘тс’ (Бяльк.), сюды ж трапы́шыць ‘мянташыць’ (Яўс., Мат. Маг.). Мясцовы фанетычна зменены варыянт да трапушка, гл. трапашыць.

Трапэ́з ‘трапецыя’ (Байк. і Некр.). Гл. трапеза2, трапецыя.

Трапяза́: ŭ łaziè na trapieziè siedzić kazá na adnoj naze. — Hryb (ваўк., Федар., 4, 470), што адпавядае зах.-палес. трипиза́ ‘непраходнае месца, бездарожжа’, сюды ж трэбеза́ ‘густы зараснік на балоце і рацэ’ (Бес.). Няясна (ЕСУМ 5, 640), параўн. трапеза1. Параўн. таксама укр. нетрипе́за ‘непраходны зараснік’, якое Ніканчук (Лесная лекс., 10) збліжае з нетра (гл. нетры), што сумніўна. Сюды ж, магчыма, польск. trepież, trepeza, trabeza, trepicha ‘балота, дрыгва’, якія Талстой (Геогр., 176) спрабуе звязаць з дзеясловам *trepetati, мяркуючы пра ўсходнеславянскае паходжанне, гл. трапятаць. Хутчэй за ўсё, звязана з трапаць1 (< *trepati: *trapiti: *trap‑, сюды ж чэш. střapiti ‘рваць на кавалкі, драць’, гл. Куркіна, Культура, 104–105), першаснае значэнне ‘неапрацаваная зямля’ ва ўкраінскай форме з адмоўем. Гл. і трупізнік.

Трапя́нка ‘страціўшая раўнавагу’ (Варл.). Да тарапянка ‘тс’ (гл.) з пропускам галоснай, мажліва, пад уплывам літ. trepénti ‘бегчы з падскокам’, адносна апошняга гл. Смачынскі, 630.