Трапні́к 1 ‘рэшта палатнянай асновы’ (Мат. Гом.), ‘ручнік з доўгімі махрамі’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ‘скарач — канцы кроснаў, у якія ўвязвалі посуд з ядой’ (лун., ЛА, 5), трапнічо́к ‘тс’ (ст.-дар., ЛА, 5), ‘ануча’ (Сцяшк. Сл.). Адыменнае ўтварэнне ад трапкі (гл.) аналагічна да страпнік (гл.); суф. ‑нік, тут, мажліва, пад уплывам ручні́к ‘тс’, параўн. з іншай суфіксацыяй трапкач (гл.).
Трапні́к 2 ‘драсён птушыны, Polygonum aviculare L.’ (івац., ЛА, 1). Параўн. укр. тро́пник ‘сачавічнік вясенні, Orobus vernus’. Да трапа́ (гл.), іншыя назвы гэтай расліны: падарожнік, прыдарожнік, дарожнік, чэш. ucestka (u‑ ‘каля’, cesta ‘дарога’), ням. Weggras ‘тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)