Трапята́ць ‘трымцець, дрыжаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), трыпыта́ты ‘лапатаць крыламі (пра птушак)’ (кобр., Жыв. НС), трапята́цца ‘пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць’ (ТСБМ, Нас.), ‘мігаць, мільгаць, няроўна гарэць (пра агонь)’ (ТСБМ), ‘дзейнічаць, імкнуцца штосьці зрабіць’ (ТСБМ, Юрч. СНЛ), ‘узмоцнена ў сполаху біцца (пра сэрца)’ (Юрч. Сін., Касп., Ян.), ‘моцна баяцца каго-небудзь’, ‘быць ахопленым непакоем’ (ТСБМ), перан. ‘жыць, існаваць’ (Нас., Ян.), ‘перабіраць ножкамі’ (Жд. 1); ‘адчуваць небяспеку (пра каня)’: конь трапе́ча, трапе́чыць, стрэ́пая вушамі (петрык., клім., іўеў., ЛА, 1), сюды ж трапата́цца: трапатаўся чырвоны сцяжок (Ю. Віцьбіч), ст.-бел. трепетати, трепетатися ‘дрыжаць, хвалявацца, баяцца’ (ГСБМ). Укр. трепета́ти, рус. трепета́ть ‘дрыжаць, трапятацца, матляцца, калаціцца, біцца’, польск. trzepiotać (się) (з XV ст.) ‘махаць крыламі’, ‘трэсціся’, ‘балбатаць’, з XVIII ст. trzepotać ‘хутка рухацца, выконваць хуткія рухі’, каш. třepotac ‘балбатаць, плявузгаць’, в.-луж. třepotać, třepjetać ‘дрыжаць, трэсціся’, чэш. třepetać, třepotać ‘махаць крыламі’, ‘узмахваць, махаць’, ‘дрыжаць, хістацца’, славац. trepotať (sa) ‘тс’, ‘грукатаць’, ‘развявацца (пра сцяг)’, ‘біцца (аб сэрцы, аб рыбе на зямлі)’, славен. trepetáti ‘трэсціся, дрыжаць, уздрыгваць’, харв. trepètati, серб. трепѐтати ‘дрыжаць’, балг. трептя́ ‘дрыжаць, матляцца, мігцець’, макед. трепети ‘дрыжаць, мігаць’, ст.-слав. трепетати ‘дрыжаць, трэсціся’. Прасл. *trepetati/*trepotati ‘інтэнсіўна выбіваць, трэсці, рухацца, размахваць’; звязана з *trepati > трапа́ць1 (гл.), ад якога ўтворана пры дапамозе суф. ‑et‑/‑ot‑, што абазначае гукаперайманне, роднаснае літ. trepùmas ‘спрытнасць’, ст.-грэч. τρέπω ‘паварочваю, схіляю’, лац. trepidāre ‘дробненька хадзіць’, ‘дрыжаць, уздрыгваць’, ‘мігаць, мільгацець’, ‘мітусліва спяшацца’, ‘баяцца’, ‘кідацца’, ст.-інд. tr̥prá ‘неспакойны, мітуслівы’ < і.-е. *trep‑ ‘тупаць, дробна хадзіць, ступаць’, ‘перабіраць нагамі’ (Фасмер, 4, 99; Чарных, 2, 261; Брукнер, 583; Шустар-Шэўц, 1543; Скок, 3, 496–497; ЕСУМ, 5, 630). Сюды ж трапяткі́ ‘ахвочы да работы’ (Жд. 1), трапятлі́вы ‘рухавы, што без працы не пасядзіць’ (Варл.), трапяту́н ‘які знешне стараецца, а, па сутнасці, абыякава адносіцца да сваёй справы’ (Сцяшк. Сл.), ‘вельмі рухавы, вёрткі чалавек, здольны выкручвацца з непрыемнага становішча’ (Юрч., Вытв. сл.), ‘малое дзіця, якое перабірае ножкамі’ (Жд. 1), трапяту́ха ‘рухавая жанчына, старанная, працавітая, руплівая’ (лях., ЖНС; навагр., Жыв. НС; ганц., Нар. лекс., Сл. Брэс.), трапята́нне ‘спосаб жыцця’, трапята́ннік ‘той, хто спрабуе штосьці зрабіць у жыцці’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)