Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лямпе́х ’тлусты, адкормлены чалавек’ (слонім., Нар. словатв.). Відавочна, балтызм. Параўн. літ. lampū̃zas ’павольны, гультаяваты, апушчаны чалавек’, lampė̃kas ’сырое, цяжкае палена, чурбан’.

Лямпе́шка ’планка, у якую ўстаўляецца верхні канец млёна’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Магчыма, да лямпа (гл.). Гняздо планкі, куды ўстаўляўся млён, было падобна да адпаведнага гнязда ў лучніку (посвету). Суфікс ‑ешка, як у даўбешка.

Лямпэрыя, лямпэра ’шалёўка’ (брэсц., кам., Нар. сл.), ’ліштва ў акне’ (глыб., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. lamperia ’ніжняя частка сцяны, пафарбаваная алейнай фарбай; каляровая паласа або ліштва з дрэва ці з камення, якая аздабляе сцяну’, якое з франц. lambris ’тс’ (Слаўскі, 4, 43).

Ля́мты ’стужкі ці вузкія палоскі матэрыялу, нашытыя ў некалькі радоў на спадніцы’ (ельск., Хрэст. дыял.). У выніку кантамінацыі лексем ля́мка ’аблямоўка, палоска тканіны’ і ле́нты ’стужкі’.

Ля́мус ’мураваны або драўляны будынак для зберагання гаспадарчых прылад, збожжа, прадуктаў, кніг, збораў дакументаў’ (БелСЭ, 6). З польск. lamus, lemus, якія з с.-в.-ням. lēm‑hūs ’гліняны будынак’ < ням. Lehm ’гліна’, ⁺hūs (ням. Haus) ’дом’ (Слаўскі, 4, 43–44).

Лямце́ць ’ісці трушком, бегчы’ (слонім., Жыв. сл.). Няясна. Магчыма ад ляце́ць з устаўным ‑м‑ (?).

Лямцоўка ’шапка, капялюш, зроблены з лямцу’ (ТСБМ, Шат.). Да лямец1 (гл.).

Ля́мця ’маўчун, ціхоня’ (слаўг., Нар. словатв.), у размоўнай мове ўжываецца і ця́мця‑ля́мця ’сарамлівы, няўклюда, няўмека, заўсёды апошні’. Відавочна, балтызм. Параўн. літ. lemtūtà ’павольны, непаваротлівы’ і tem̃pti ’цягнуць’, экспрэсіўны суфікс ‑ця, як у цёхця ’цяжкі ў хадзе’, рус. тютя, тюхтя ’павольны, някемлівы’.

Ля́мша ’нікчэмны чалавек’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). З літ. lamšẽlis ’тс’ (Грынавяцкене, там жа, 2, 717).

Лямэнты ’сродкі, якія выплочваюцца на ўтрыманне непрацаздольных дзяцей’ (швянч., Сл. ПЗБ). Да аліме́нты ’тс’, запазычанага з рус. ці польск. моў, у якіх з франц. aliment ’ежа, прадукты’ < лац. alimentum ’харчы, утрыманне’ (SWO, 21; Шанскі, 1, 75; Даза, 25).