Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вярша́льнік ’верхаўё лесу’ (парыц., Некр.). Вузкі рэгіяналізм, утвораны ад *вьршаль (гл. вершалина) і зборнага суф. ‑нік.

Вяршкі́1 ’кончыкі пальцаў’ (гродз., дзятл., Сцяшк. МГ), адз. лік. вяршок — да прасл. vьrx‑ьkъ < vьrxъ (Фасмер, 1, 302). Гл. вяршок2.

Вяршкі́2 ’верхні слой малака, смятана’ (БРС, КТС, Бяльк.). Да вяршок3 (гл.). Параўн. таксама рус. смал., бранск. вершки ’салодкая смятана’, варон. ’смятана’.

Вяршкоўка́ ’дошка (аполак)’ (светлаг., б.-каш., Мат. Гом.); ’дошка ў залежнасці ад таўшчыні’ (Інстр. III). Утворана пры дапамозе суф. ‑оўка ад дзеяслова *вершкаваць, магчыма, запазычанага з рус. уладз. вершковать ’вызначаць расцэнкі на лес у залежнасці ад таўшчыні (вяршаліны і камля)’.

Вяршні́к1 ’верхні вушак’; ’перакладзіна, папярочка’ (БРС); ’планка ў санях, наезджаная на капылы наверх вязоў’ (дзярж., Нар. сл.), рус. наўг., пенз., с.-урал., сіб. вершник ’верхні вушак (дзвярэй, апон)’, ярасл. ’верхняя перакладзіна ў варотах’. Утворана пры дапамозе суф. ‑нік (< ‑ь‑nikь) ад vьrx‑ьnь. Да верхні (гл.). Параўн. таксама вярхняк1, вяршняк.

Вяршні́к2 ’верхні гаршчок у самагонным апараце’ (КТС, І. Пташнікаў), славен. vrhnják ’тс’. Да вяршнік1 (гл.).

Вяршня́ ’вяршыня’ (Яруш.) — старая лексема, утвораная пры дапамозе суф. ‑ьnʼa ад асновы vьrxъ‑. Да верх, ве́рхні (гл.).

Вяршня́к ’верхні касяк акна’ (Касп.); ’верхняя частка дрэў’ (КТС), рус. том. вершня́к ’верхні касяк акна, дзвярэй’, славен. vŕšnjak ’верхні камень вадзянога млына’. Узнікла ў выніку субстантывацыі прыметніка vьrx‑ьnь пры дапамозе суф. ‑ʼakъ.

Вяршо́к1 ’верхняя частка чаго-небудзь’; ’вяршаліна’ (БРС, КТС; КЭС, лаг.); ’тое, чым накрываюць гаршчок’ (Інстр. I), укр., рус. вершок ’тс’, польск. wierszek, н.-луж., в.-луж. wjeršk, чэш. vršek, vršík, славац. vŕšok, славен. vršek, серб.-харв. вр̑шак, макед. вршка ’верхняя частка чаго-небудзь’, балг. връ́шка ’адрубленая вяршаліна сасны’, вършец ’верхняя частка чаго-небудзь’. Да верх (гл.). Утворана пры дапамозе дэмінутыўнага суф. ‑ок (< ‑ьkъ).

Вяршо́к2 ’мера даўжыні ≈ 4,4 см’ (БРС, КТС, Касп., Бяльк., Сцяшк.), укр. вершок, рус. вершок, ст.-рус. вершок (з XVI ст.) ’тс’. Узыходзіць ад прасл. vьrx‑ьkъ ’верхняя частка чаго-небудзь, у прыватнасці верхняя частка ўказальнага пальца’ (Фасмер, 1, 302). Не пераконвае Праабражэнскі (1, 78), КЭСРЯ (77), Булахоўскі (Труды ИРЯ, 1, 151), якія развіццё семантыкі разглядаемай лексемы ўяўляюць наступным чынам: ’вяршыня’ → ’лішак, які з’яўляецца зверху пры насыпанні збожжа’ → ’мера даўжыні’. Бел. вяршок пранікла з рус. мовы (Шанскі, 1, В, 71).

Вяршо́к3 ’верхні слой на адстоеным салодкім малацэ’ (Інстр. I, Шат.), выршо́к (драг., КЭС), укр. вершок ’тс’, рус. уладз., валаг., дан. вершок ’тс’. Усх.-слав. утварэнне. Да верх (гл.), вяршок1 (гл.).

Вяршо́к4 ’адтуліна, верхняе аконца пад столлю для выпуску чаду ў курных хатах, у лазнях’ (Нас., Серб., Інстр. I, КЭС, лаг.). Укр. чарніг. верх, рус. смал. вершок ’тс’, пск. вершнік ’невялікае ваконца ў лазні’. Бел. утварэнне. Да верх ’тс’ (гл.).

Вяршо́к5 ’конусападобнае горла ці лаз у рыбацкіх пастках’ (Тарн.), ве́ршок (Крыв.). Рус. ленінгр. ве́ршник ’верх конусападобнай часткі невада’. Да верх (гл.). Сюды ж увершок, овершок (гл.).

Вяршо́к6 ’першая маленькая булачка з хлебнага цеста, якую часцей за ўсё аддаюць скаціне’ (мазыр., Вешт.). Да верх, вяршок1 (гл.).

Вяршо́чак ’смятана’ (КТС) — дэмінутыў да вяршок3 (гл.).

Вяршы́на ’верх чаго-небудзь’ (рагач., Мат. Гом.); ’верхняя частка дрэва’ (Шат.); ’смятана’ (Бяльк., ветк., Мат. Гом.). Вытворнае з суф. ‑іна (< ina) ад верх (гл.) < vьrx‑ъ. Сюды ж вяршы́нка ’вяршкі, смятана’ (докш., Янк. Мат.; КЭС, лаг.; смарг., Сцяшк., Жд., 1) і вяршы́нкі (полац., Нар. сл.), вяршы́ны ’тс’ (Касп.).

Вяршы́ня ’верхняя частка чаго-небудзь: гары, будынка, дрэва’ (КТС, БРС). Беларуская інавацыя, якая ўзнікла ў выніку пераўтварэння прасл. vьrš‑ina пад уплывам лексем з суф. ‑ynʼi ці, у прыватнасці, літ. viršūnė ’тс’, што выклікала змякчэнне зычнай у суфіксе. Параўн. таксама вяршы́на (гл.). Сюды ж вяршынны.