Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бурды́ль ’бурбалка, пухір’ (Нас., Інстр. I, Юрч., Бяльк., Яўс.). Сюды ж бурду́ль ’вадыр, пухір’ (Бяльк.), бурдулёк ’бурбалка’ (Бяльк.), бурдулі́ ’бурбалкі на лужынах, калі ідзе дождж’ (КЭС). Рус. бурды́ль ’бурбалка’, бурду́ль ’бурбалка, пухір’. Не вельмі яснае слова. Можа, метатэза з булды́рь (гл.). Такая магчымасць тлумачэння ў СРНГ, 3, 285. Але не выключаецца і гукапераймальнае паходжанне (параўн. бурды́р, бурды́к!, бурды́хнуцца).

Бурды́р ’пухір, вадыр; бурбалка’. Відавочна, асіміляцыяй з бурды́ль (гл.). Але, паколькі паходжанне бурды́ль не вельмі яснае, не выключаецца, што ўсё ад нейкай гукапераймальнай асновы бурд‑ (параўн. рус. дыял. бурде́ть ’шумець (пра камароў)’, але з іншым суфіксам (‑ыр < *‑yrь).

Бурды́хнуцца ’ўпасці’. Гл. бурды́к! Абодва словы, мабыць, гукапераймальнага паходжання. У словах гэтага тыпу часта сустракаюцца «суфіксальныя» элементы велярныя, якія чаргуюцца (k ∼ g ∼ cx, а нават з «палаталізацыяй»: бурды́ц!).

Бурды́ц! ’бух, шась’ (КЭС, лаг.), бурды́нц (Нас.). Бясспрэчна, гукапераймальнага паходжання. Параўн. аснову бурд‑ (гл. бурды́ль, бурды́к!). Адносна суфіксацыі ‑ыц параўн., напр., укр. берки́ць!, чэш. brdu̇c! ’тс’ і мараўскія валашскія выклічнікі тыпу hopýc!, švʼihýc! (адносна апошніх гл. Вашэк, Vlivy, 99).

Бурждэ́нк! ’бразь, хлоп, бух!’, бурждэ́нкнуць ’кінуць, бразнуць’ (Арх. Бяльк., слонім.). Бясспрэчна, гукапераймальнае, але, зыходзячы з формы, можна думаць пра запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. гукапераймальныя ўтварэнні: brzdęk!, brzdęknąć, brzdąkać і г. д. (гл. Варш. сл., 1, 217). Да польск. слова гл. яшчэ Слаўскі, 1, 46.

Бу́рка ’верхняя жаночая або мужчынская вопратка’ (Жд., Шат.), ’сярмяга’ (КЭС), ’мужчынская вопратка з брызенту’ (Інстр. I), ’розныя віды вопраткі’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат., Мат. Гродз., Сакал., Бесар.). Рус. бу́рка, укр. бу́рка. Тлумачыцца як вытворнае ад бу́ры (’бурая вопратка’). Брукнер, 49; Мацэнаўэр, Cizí sl., 124; Рудніцкі, 261; Фасмер, 1, 245. Іншыя думаюць пра запазычанне з усх. моў (Міклашыч, Türk. El., Nachtr., 1, 14; Гараеў, 34; Локач, 19: < перс. bärk ’плячо’) або з венг. мовы ці цюрк. моў (Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 39: з венг. burok). Булыка (Запазыч., 52) лічыць, што бел. бурка < польск. burka (а гэта з тур.). Няпэўна. Параўн. Брукнер, 49.

Буркалы ’вочы’ (КЭС). Відаць, запазычанне з рус. бу́ркалы ’выпучаныя вочы’. Параўн. рус. бу́ркалки ’мыльныя бурбалкі’; гл. яшчэ Бернекер, 102; Праабражэнскі, 1, 54; Фасмер, 1, 245. Не пераконвае Шанскі, 1, Б, 232: рус. бу́ркалы < бу́ркать ’кідаць’ (буркать взглядкидать взор). Хутчэй проста ад рус. дыял. бу́ркать ’глядзець’ (бу́ркать глазами).

Бу́ркаць, буркава́ць, бурката́ць. Гл. бурча́ць.

Бу́ркі ’цёплы абутак’ (БРС), ’абутак з тканіны’ (Яўс.), ’шытыя валёнкі’ (Сакал.). Мабыць, запазычанне з рус. бу́рки ’тс’ (якое Шанскі, 1, Б, 233, лічыць звязаным з бу́рка ’войлачны плашч’).

Бурку́н ’месца, дзе шуміць вада’. Гл. бурча́к2, бурчац́ь.