Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыхо́д ’парафія; ніжэйшая царкоўная арганізацыя ў хрысціянскай царкве; мясцовасць, дзе жывуць члены гэтай арганізацыі’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бяльк., Мат. Гом.; лях., Сл. ПЗБ), ’збор людзей на рэлігійнае свята’ (ПСл), пріхо́джынік ’прыхаджанін, парафіянін’ (Бяльк.). Рус. прихо́д ’царкоўны прыход’, укр. прихо́д ’парафія’. Аддзеяслоўны назоўнік з нулявой суфіксацыяй ад прыходзіць < хадзіць (гл.). Як мяркуе Фасмер (3, 368), першаснае значэнне — ’сход для выбараў старасты’. Паводле ЕСУМ (4, 582), запазычана з рускай мовы, што нельга выключыць і для беларускага слова.

Прыці́н1 ’сховішча; прыстанішча; прытулак’ (Нас., Стан.), ’прытон’ (Гарэц.). Укр. дыял. прити́н ’прыстанак, прытулак’, рус. дыял. прити́н, притю́н ’месца, дзе што-небудзь знаходзіцца, адбываецца’; ’месца для вартавога; вартаўнічы пост’; ’месца, дзе любяць збірацца’; прити́нное (притю́нное) место ’месца, дзе ахвотна збіраюцца, прыемнае месца’. Паводле Варбат (Морфонология, 80), прасл. *pritinъ ад *tęti (гл. прыціна́ць, цяць).

Прыці́н2 ’папрок’ (Касп.), прыці́нкі ’рэзкія папрокі, шпількі’ (Нас.). Да прыціна́ць (гл.); параўн. рус. смал. при́цинки ’папрокі, прыдзіркі’, укр. притя́ти слово ’рэзка адказаць’, притя́ты язиќ(а) ’прымусіць каго-небудзь менш гаварыць’.

Прыціна́ць ’спыняць’, ’перасякаць (дарогу)’ (Нас.), ’прыпыняць’ (Байк. і Некр.), ’ціснуць (аб цеснай вопратцы, абутку)’ (Нас.), прыця́ць ’заціснуць, прыціснуць; затаіць, захаваць’, ’рабіць рэзкія папрокі, дакаранні’ (Нас.). Сюды ж прыціна́цца ’знаходзіць прыстанішча, прытулак’; ’абапірацца; прысесці для адпачынку’ (Гарэц.), рус. смал. притина́ться ’жыць у нечым доме, выпадкова прыбіўшыся’. Да цяць (гл.); разнастайнасць значэнняў пры першапачатковым ’абразаць, падразаць’ тлумачыцца далейшым развіццём семантыкі ў бок ’абмежаваць (у руху)’, ’асадзіць’, ’сціснуць’ і пад.; параўн. Гарачава, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 210–216; ЕСУМ, 4, 584.

Прыці́ністы, прыці́місты, прыці́месты ’круты, абрывісты, стромкі (бераг)’ (саліг., Нар. словатв.; саліг., капыл., ЛА, 2). Да прыціна́ць (гл.).

Прыці́нка ’адпачынак’; ’апірышча’; ’прадмет (рэч), які дае адпачынак і апірышча’ (Гарэц.). Да прыціна́ць (гл.).

Прыцінь1, прыціня ’быстрыня (у рацэ)’ (Ласт.). Да прыць, прыткі (гл.).

Пры́цінь2 ’зеніт’: у сам прыцінь сонца (Ласт.). Відаць, як і пры́цін ’кульмінацыя’ (Ласт.), да прыціна́ць (гл.), параўн. рус. прити́н ’мяжа руху, пункт стаяння’.

Прыці́рка ’зацірка’ (краснап., ЛА, 4), ’прыбаўка ў страву мукі’ (Нас.), пры́терка ’прыправа, затаўка’, прыте́рть ’прыправіць, заправіць (страву)’ (Растарг.). Ад прыціра́ць ’пераціраць пальцамі’; гл. це́рці.

Прыціска́ць ’мыць бялізну’ (круп., Жд. 1). Да ці́снуць (гл.).

Прыцо́паць экспр. ’прыйсці’ (ТС). Параўн. рус. урал. прицо́паться ’прычапіцца, прывязацца’; ’падысці, далучыцца’; ’накінуцца на ежу’. Прэфіксальны дзеяслоў гукапераймальнага характару (гл. цо́паць, цоп).

Прыцыбу́ліць экспр. ’выцяць’ (Ян.). Да цыбу́ля (гл.); іранічнае ўтварэнне, параўн. укр. прицибу́литься ’ўладкавацца, размясціцца, знайсці прытулак’.