Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трапе́чнік ’падлеснік, Sanicula L.’ (Байк. і Некр.). Няясна. Відаць, ад трапятаць (гл.): расліна мае лісты на доўгіх сцяблах, якія трапечуцца сярод іншых невысокіх раслін падлеску.

Трапечыць ’[конь] стрыжэ вушамі’ (Клім., ЛА, 1), трапе́ча ’тс’ (петрык., там жа). Да трапятаць, гл.

Трапёны ’няўрымслівы’ (Сцяшк. Сл.; карэліц., шчуч., З нар. сл.), трапе́нё ’ліха, хвароба’ (Арх. Бяльк.), трапе́ньне ’трапятанне’: няхай яго трапеньне возьме (Касп.), сюды ж трапе́нець ’вар’яцець, дурэць (ад гарэлкі)’ (Шат.), трапя́нка (trapiánka) ’баба, якая вышла з раўнавагі ад злосці ці ад надзвычайных жартаў’ (Варл.), трапе́няц ’неспакойны, хуткі ў дзеяннях чалавек’ (баран., Сл. Брэс.). З польск. utrapiony ’неспакойны, надакучлівы’, utrapienie ’прыкрасць, непрыемнасць’, trapienie ’непакой, хваляванне’, utrapieniec ’нязносны, нясцерпны хлопец’, у якіх ‑ra‑ замест ‑ro‑ пад уплывам старачэшскай мовы. У XV ст. ў старапольскай мове было таксама і tropić ’турбаваць, праследаваць, не даваць пакою’, utropić ’тс’, utropiony ’адурэлы, ап’янелы’ (Варш. сл.; Брукнер, 596; Борысь, 640). Гл. трапіць2. Параўн. тарапі́цца2, тарапя́нка, гл.

Трапі́ла ’трайня ў возе’ (пруж., Сл. Брэс.). Хутчэй за ўсё, памылковы запіс трані́ла < трайні́ла ’трайня’ альбо кантамінацыйнае ўтварэнне з лексем страпі́ла і трайня́ ці трайніла, гл.

Трапі́на (тряпі́на) ’зношаная адзежына’ (Юрч.). Да трапка, гл.

Тра́піць1 ’паразіць цэль, пацэліць, метка кінуўшы, стрэліўшы’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Мядзв., Чуд., Сл. ПЗБ), ’знайсці, напаткаць, сустрэцца’ (Нас., Мат. Гом., Федар. 4, Янк. 2, ПСл; Сержп. Прымхі, Байк. і Некр., ТС), ’скеміць’ (Мат. Гом.), ’адгадаць, здагадацца, трапна, дарэчы сказаць што-небудзь’ (ТСБМ, Янк. 2), ’папасці, надарыцца’ (ТСБМ), ’увайсці, пранікнуць’, ’уладкавацца на работу, вучобу’, ’апынуцца’, ’знянацку наступіць, уступіць, зачапіць’ (там жа), ’паспець у час’ (Др.-Падб.), ’паспець, управіцца’ (ТС), ’магчы’ (бярэз., Сл. ПЗБ), ’папасці ў час, куды трэба’ (Нас., Касп., Янк. 2, Растарг.), трафі́ць ’знайсці’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’папасці; адгадаць’ (Шпіл.), ’змагчы’ (в.-дзв., там жа); тра́піцца ’сустрэцца, напаткацца’ (ТС), ’выпадкова сустракацца’, ’пападаць, здарацца’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп.), ’надарыцца’ (Бяльк., Касп.), ’знайсціся’ (люб., Ск. нар. мовы), трапля́ць ’нацэльваць’ (Ласт., Байк. і Некр., Нас., Шат.), трафля́ць ’тс’, трапля́цца ’пападацца, сустракацца’ (ТС, Растарг.; петрык., Яшк. Мясц.), трафля́цца ’удавацца ў каго-небудзь’ (Нас.), траф! — перадае цэлю ўдар (там жа), тра́фны ’цэлю’ (Гарэц.), тра́пны ’тс’ (Ласт.), ’надзейны’ (Нас.), ’жвавы, спрытны’ (навагр., Сл. ПЗБ), тра́пна ’ўдала, метка’ (Байк. і Некр.), траплі́вы ’які лоўка трапляе ў цэль’, тра́пля ’выпадак, нечаканасць’ (Нас.). Ст.-бел. трафити, трапити ’трапіць, сустрэць’ (1516 г.) запазычаны са ст.-польск. trefić, trafić ’трапіць’ (Булыка, Запазыч., 324; Булыка, Лекс. запазыч., 189), ’патрапіць, здолець, адгадаць, рашаць’, ’дагаджаць’, ’удацца ў каго-небудзь падабенствам’, сучаснае польск. trafić ’пацэліць’, ’знайсці’, ’трапіць, куды належыць’, ’наткнуцца на каго-небудзь’, ’сустрэць’, ’перадаць падабенства’, што з с.-в.-ням. treffen, с.-ням. усх. traffen ’дасягнуць, трапіць, спаткаць’, ням. treffen ’трапіць’, ’ударыць, паразіць’ (Борысь, 639; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 395).

Тра́піць2, ст.-бел. трапити ’прыгнятаць, няволіць, мучыць’ (Гарб.), трапити, трафити, трахвиты ’засмучаць’ (1516 г., Ст.-бел. лексікон; КГС). Запазычана са ст.-польск. trapić ’мучыць, прыгнятаць’, сучаснае польск. trapić ’рабіць непрыемнасць, турбаваць’, што да прасл. *torpiti ’мучыць, прыгнятаць’, суадноснага з прасл. *tьrpěti ’цярпець’ (Фасмер, 4, 86; Борысь, 640; Бязлай, 4, 213), паводле Варбат (Этимология–1966, 104), каўзатыва ад *třepati ’драць, трапаць’. Гл. таксама трапёны.

Трапі́ць ’пераследаваць, гнацца па слядах’ (Ласт.), ’асочваць’ (хойн., Мат. Гом.). Да трап1 ’дарога, сцежка’, г. зн. ’ісці па следу’.

Тра́пка ’ануча’ (Мат. Гом., ТС, Ян.; смарг., лудз., Сл. ПЗБ; рас., ЛА, 5), ’завязка (ад фартука)’ (Ян., Мат. Гом.), ’ануча, якой бяруць гаршкі і чыгуны’ (усх.-бел., ЛА, 4), ’губка для высякання агню’ (астрав., брэсц., там жа), ’ручнік для посуду’ (докш., там жа), тря́пка ’тс’ (Клім., там жа), трапкі́ ’ніцяныя канцы ў ручніку’ (Бяльк.), тра́пичка ’скурат, вузкая палоска аўчыны, якая служыць пракладкай для сшывання аўчын’ (Ян.), сюды ж трапка́ценькі ’растрапаны, растапыраны ў розныя бакі’ (гарад., Сл. ПЗБ). Укр. тря́пка ’ануча’, ’вехцік’, ’рыззё’, стра́пки ’лахманы’, рус. тря́пка ’ануча’, тря́пка ’махры’, дыял. (паўн.) трепки́ ’анучы, старызна, лахманы’, стараж.-рус. тряпъка, польск. strzepa, strzępki ’махры’, ’абрыўкі’, ’анучы, лахманы’, strząpie ’абрэзкі, акраўкі, скураты’, strzępić się ’абтрэпвацца’, strzępić ’размачальваць, раскудзельваць’, н.-луж. tśepliś ’тс’, tśumpliś se ’растрэпвацца’, tśepjel ’пэндзаль’, чэш. střepiti ’тс’, střep ’старызна, хлам’, střapec, třapec ’махры’, ’пэндзаль’, střapatý ’калматы, кудлаты’, třepit ’калмаціць’, славац. strap ’шкумат, пасма’, strapec, strapce ’махры’, ’акраўкі, рыззё’, ’гронка вінаграду’, ’мяцёлка (від суквецця раслін)’, балг. тре́пки ’вейкі; упрыгожанне з вісячых дробных манетак’. Мяркуецца, што назалізацыя тут экспрэсіўная, а варыянтнасць пачатку слова звязана з т. зв. рухомым s‑; параўноўваюць з трапа́ць1, гл. (Фасмер, 4, 113; Чарных, 2, 267–268; Абаеў, Зб. Баркоўскаму, 12; Новое в рус. этим., 240–241; ЕСУМ, 5, 664). Дапускаецца роднаснасць са ст.-грэч. ρῶπος ’дробязь; цацка, бразготка’ і выводзіцца прасл. *strapъ (Махэк₂, 585). Гл. таксама страпкі, стрэпкі і наступнае слова.

Трапка́ч ’махры ў ручніку’ (Доўн.-Зап., Пін.), ’канцы асновы (пасля датыкання кроснаў)’ (рагач., ЛА, 4), ’ніткі, адрэзаныя ад кроснаў пасля выткання палатна’ (бярэз., Жд. 1), ’трапкач, ручнік з доўгімі недатканымі канцамі’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом., Некр., Уладз., Мат. Маг., ТС; бых., Янк. Мат.; паўн.-зах.-бел., Сл. ПЗБ), ’ручнік, у якім насілі гаршкі ў поле’ (Касп.), трэпка́ч ’тс’ (івац., Нар. сл.; ТС, ПСл), ’ануча’ (Сл. Брэс., Доўн.-Зап., Пін.), ’ануча, якой бяруць гаршкі, чыгуны’ (Мат. Маг.; ветк., ельск., ЛА, 4), страпка́ч ’тс’ (стол., там жа), ’невялікі льняны ручнік’ (пін., Сл. Брэс.), тръпка́ч ’канцы асновы’, тропка́ч, страпка́ч ’тс’ (круп., ганц., калінк., ЛА, 4), трэпка́ч ’рэшта палатнянай асновы’ (Мат. Гом.), трапкачы́ ’махры ў палатне’ (Сцяшк. Сл., Ян.), трапкачэ́ ’махры вакол хусткі’ (гродз., ЛА, 4). Вытворныя ад трапаць (гл.), узыходзяць да прасл. *(s)trap‑ > *(s)trapъk‑ъ (гл. страпкі, стрэпкі) і суф. *‑ačь; паводле Борыся (Czak. stud., 84), утвораны непасрэдна ад трапкі ’махры’, гл. папярэдняе слова.

Трапкі́ ‘ніцяныя канцы ў рушніку’ (Бяльк.), трапкэ́ ‘карункі і махры ў рушніках’ (Уладз.), трэ́пкі ‘канцы ў кроснах’ (ТС). Гл. страпкі, стрэпкі, трапка.

Трапло́1 ‘прылада, якой трэплюць лён’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Мядзв., Шат., Касп., Сл. Брэс., Дэмб. 2; глус., Янк. Мат.; нараўл., Арх. ГУ; мёрск., Ск. нар. мовы, Сл. ПЗБ), трэпло́ ‘тс’ (Пятк. 2, Мат. Гом., Сл. Брэс.), трапло́ і трэпа́ло ‘тс’ (Сл. Брэс.; пруж., Сл. ПЗБ); трапло́ ‘мянташка’ (Ласт.), трэ́пла ‘калодачка, падстаўка, слупок — прыстасаванне трапаць лён’ (Сл. ПЗБ; докш., бых., карм., бяроз., пін., бабр., добр., ЛА, 5); трепло́ ‘жменя лёну для трапання’ (петрык., ЛА, 4); трэпло́ ‘трапанне’ (Мат. Гом.). Укр. трепло́ ‘вясло ў плыце’, ‘трапачка для лёну’, рус. дыял. трепло́ ‘тс’. Утворана ад асновы *trep‑ (гл. трапаць1) і суф. *‑lo, які ўтварае пераважна nomina instrumenti (адносна апошняга гл. Слаўскі, SP, 1, 104).

Трапло́2 ‘чалавек, які гаворыць бязглуздзіцу, балбатун, пустабрэх’ (ТСБМ, Шат., Касп.; ашм., Стан., Сцяшк., Брасл. сл., Мат. Гом.), трэпло́ ‘тс’ (Арх. Вяр., ТС, Растарг.), тряпло́ ‘тс’ (віц., ЛА, 2); сюды ж выраз трапло́ вавіло́нскае (астрав., Бел. дыял. 1), траплава́ты ‘які любіць гаварыць недарэчнасці’ (Сл. ПЗБ), траплі́вый ‘балбатлівы’ (Юрч. СНС). Вытворнае ад трапаць2 у значэнні ‘многа гаварыць’ (Саевіч, Derywacja, 230), параўн. укр. трепло́ ‘балбатун, хвалько’, рус. разм. трепло́ ‘балбатун’; утварэнне, аманімічнае трапло1, мажліва, аргатычнага паходжання, параўн. укр. аргат. трепа́ти ‘чытаць, спяваць’ (Горбач, Арго), што не выключае ўплыву т. зв. бурсацкай мовы.