Трапло́ 1 ‘прылада, якой трэплюць лён’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Мядзв., Шат., Касп., Сл. Брэс., Дэмб. 2; глус., Янк. Мат.; нараўл., Арх. ГУ; мёрск., Ск. нар. мовы, Сл. ПЗБ), трэпло́ ‘тс’ (Пятк. 2, Мат. Гом., Сл. Брэс.), трапло́ і трэпа́ло ‘тс’ (Сл. Брэс.; пруж., Сл. ПЗБ); трапло́ ‘мянташка’ (Ласт.), трэ́пла ‘калодачка, падстаўка, слупок — прыстасаванне трапаць лён’ (Сл. ПЗБ; докш., бых., карм., бяроз., пін., бабр., добр., ЛА, 5); трепло́ ‘жменя лёну для трапання’ (петрык., ЛА, 4); трэпло́ ‘трапанне’ (Мат. Гом.). Укр. трепло́ ‘вясло ў плыце’, ‘трапачка для лёну’, рус. дыял. трепло́ ‘тс’. Утворана ад асновы *trep‑ (гл. трапаць 1) і суф. *‑lo, які ўтварае пераважна nomina instrumenti (адносна апошняга гл. Слаўскі, SP, 1, 104).
Трапло́ 2 ‘чалавек, які гаворыць бязглуздзіцу, балбатун, пустабрэх’ (ТСБМ, Шат., Касп.; ашм., Стан., Сцяшк., Брасл. сл., Мат. Гом.), трэпло́ ‘тс’ (Арх. Вяр., ТС, Растарг.), тряпло́ ‘тс’ (віц., ЛА, 2); сюды ж выраз трапло́ вавіло́нскае (астрав., Бел. дыял. 1), траплава́ты ‘які любіць гаварыць недарэчнасці’ (Сл. ПЗБ), траплі́вый ‘балбатлівы’ (Юрч. СНС). Вытворнае ад трапаць 2 у значэнні ‘многа гаварыць’ (Саевіч, Derywacja, 230), параўн. укр. трепло́ ‘балбатун, хвалько’, рус. разм. трепло́ ‘балбатун’; утварэнне, аманімічнае трапло 1, мажліва, аргатычнага паходжання, параўн. укр. аргат. трепа́ти ‘чытаць, спяваць’ (Горбач, Арго), што не выключае ўплыву т. зв. бурсацкай мовы.