Трайня́1, трайня́ты ’тройня, дзеці, якія нарадзіліся ад адной маці ўтраіх адначасова’ (ТСБМ, Растарг.; астрав., Сл. ПЗБ), троеня́та, тройня́та ’тс’ (ТС). Укр. трійня́, трійня́та, рус. тро́йня. Усходнеславянскае ўтварэнне ад асновы трой‑ (зборнага назоўніка *troje) і суф. ‑ня (< прасл. *‑ьnʼa), параўн. аналагічныя па ўтварэнню дво́йня, двайня́ты ’блізняты’ (ТСБМ), двайня́ты ’тс’ (Янк. 2), з іншай суфіксацыяй трайнюкі́ ’тройня’.

Трайня́2, трыйня́, тройня́ ’аснова воза, падоўжаны брус у калёсах, які злучае пярэднюю вось з задняй’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Варл., Янк. 2, Бір. Дзярж., Маш., ТС, Сержп. Земл., Дэмб. 2, Пятк. 2, Арх. Вяр., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), тро́йня ’тс’ (ТС, Сл. Брэс.). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 113), гэта балтызм, параўн. літ. trainỹs, treĩnė ’тс’ (дадамо яшчэ лат. treiliņš, treilis ’тс’), аднак Смачынскі (684) адносіць літоўскія лексемы treinijà, trajnijà, treinỹs альбо trajnỹs, treinė і trainė, а таксама лат. treĩnis ’тс’ да слоў, запазычаных з бел. трайня́ ’тс’ (ці з рус. тройня́). Сюды ж: трайняш ’тс’ (Мат. Гом.). Параўн. таксама трайніла, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)