Сівізна́, сіві́зна ‘сівіна, сівыя валасы’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк., Шат., Варл.; ашм., Стан.; даўг., Сл. ПЗБ). Паводле Кохмана (Kontakty, 24), ва ўсходнеславянскія мовы запазычана з польск. siwizna ‘сіваватасць, сівыя валасы’. Аналагічна адносна рус. сивизна́ ‘тс’ гл. Віткоўскі, Słownik, 172.
Сіню́к ‘сініца’ (Янк. Мат., Сцяшк. Сл.), сіню́к сіні ‘Parus caeruleus, сініца’ (Ласт.). Да сіні (гл.). Параўн. назвы птушак ад таго ж кораня: укр. синя́к ‘дзікі шызы голуб’, польск. siniak ‘від дразда’ і інш., гл. сіняк 3. Гл. таксама Антропаў, Назв. птиц, 355.
Скло́ка ‘сварка, непрыязныя адносіны’ (ТСБМ), ‘калатня, гармідар; віхор, ураган’ (Ласт.), ‘моцны вецер з дажджом’: нахопітца склока да й пакруціць, паломіць усе збожэ (Сержп.). Параўн. укр. скло́ка ‘сварка’ (з рус., гл. ЕСУМ, 5, 276), рус. скло́ка ‘тс’, якое Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 270) узводзіць да клок (гл.), параўн. таксама клаката́ць ‘сварыцца’ (Мат. Гом.), гл.; сюды ж склы́ка ‘лаянка, варожасць’ (Касп., Мат. Гом.), ‘сваркі, калатня’ (Растарг.), якое Трубачоў (Дополн., 3, 642) лічыць экспрэсіўным пераўтварэннем склока; хутчэй да клы́чыць ‘шкуматаць, блытаць; дражніць (злаваць)’, гл. Фасмер (3, 642) рус. склы́ка разглядае як дэрыват ад клык (гл.). Першасным значэннем трэба прызнаць ‘блытаць, круціць’, параўн. клочча ‘адходы пры апрацоўцы льну’ (гл.), рус. скло́чить ‘склычыць, пераблытаць’ (Ласт.).
Сукро́та ’стакроць’ (Ласт.). Утворана пры дапамозе прыстаўкі су- ад назоўніка кро́та ’раз’ (Ласт.), гл. кроць ’тс’, што адпавядае укр. крат, крот, кроть, рус. крат, польск. kroć, кашуб. krot, в.-луж. króć, н.-луж. krot, чэш., славац. ‑krát, славен. krat, серб.-харв. кра̑т, балг. крат, дыял. крат ’частка аршына, роўная 2 см’, ст.-слав. кратъ ’раз’. Прасл. *kortъ адпавядае літ. kar̃tas ’раз’, kartá ’рад, пласт’, лат. kārta ’тс’ і ўзыходзіць да і.-е. *(s)kert‑ ’рэзаць, адрубаць’. Праблему складае адсутнасць поўнагалосся ва ўсходнеславянскіх формах, што тлумачаць уплывам царкоўнаславянскай або запазычаннем са стараславянскай мовы, гл. Фасмер, 2, 368; Шустар-Шэўц, 676; ЕСУМ, 3, 79. Адзінкавая фіксацыя слова прымушае думаць пра яго штучнае паходжанне.
*Скрэбтаві́нне, скрыбтовы́нне ‘аскрэбкі (звычайна з кораняплодаў)’ (Клім.). Да інтэнсіўнай формы ад скрабаць (гл.) — скрабата́ць ‘скрэбці’ (Ласт., Сцяшк. Сл.), скработі́ты ‘скрабці, шастаць’ (Сл. Брэс.), параўн. укр. скребта́ти ‘тс’, з суф. ‑вінн(е), які ўтварае назвы адходаў пры адпаведных дзеясловах (Сцяцко, Афікс. наз., 22). Гл. наступнае слова.
Смактуга́ ‘нізкае месца на полі, дзе вымакае рунь’ (зэльв., Нар. словатв.). Да смактаць (гл.) з суф. ‑уг(а). Сюды ж смакту́н ‘падзолістая глеба’ (ашм., Сл. ПЗБ), смакту́нь ‘халодная неўрадлівая глеба’ (Скарбы) з суф. ‑ун, ‑унь, а таксама магчымы наватвор Ластоўскага смакту́г, смактугі́ ‘помпа’ (Ласт.).
Суго́р ’невялікі пагорак’ (Яшк.), ’гурба снегу’ (Ласт.), суго́рак ’пагорак; узгорак’ (Сл. ПЗБ, ПСл), ’гурба снегу’ (Яшк., ЛА, 2). Укр. су́горок ’невялікае ўзвышэнне’, рус. паўн. суго́р, су́го́рок ’тс’. Да гара, гл. Борысь (Prefiks., 142) бачыць тут значэнне ’месца, падобнае да таго, якое названа ў корані’.
Сэ́даль, зэ́даль ’нізкая лаўка на ножках’ (Ласт.). Гл. зэдаль; у сувязі з адзінкавасцю фіксацыі форма, магчыма, штучна набліжае да крыніцы запазычання с.-в.-ням. sidel(e) < лац. sedile ’прылада для сядзення, крэсла, столак’ ад лац. sedere ’сядзець’ (Борысь, 748), або пад уплывам наступнага слова, гл.
Слы́нуць ‘лічыцца, славіцца, быць вядомым’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. слынути ‘славіцца’ (Ст.-бел. лексікон); сюды ж слынь ‘пагалоска, чутка’ (Ласт.). Укр. сли́нути, польск. słynąć, чэш. slynouti ‘тс’. Паводле Слаўскага (SP, 1, 45), прасл. *slynǫti‑ дэрыват з суф. ‑nǫ‑ ад прасл. *sluti, гл. слуць, слыць.
Суку́пны ’сумесны, агульны, аб’яднаны’ (ТСБМ). Дзеепрыметнік, утвораны ад дзеяслова ку́піць ’збіраць у адно’ (Ласт.) з прыст. су-; аднак адсутнасць утварэнняў тыпу *сукупіць або *сукупа схіляе да думкі пра няпоўную кальку з рус. совокупный ’агульны, злучаны ў адно’ (з ц.-слав., гл. Фасмер, 3, 705). Гл. купа 1.