Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэ́лькі ’рэбры ў кошыку’ (ЛА, 4). Гл. арэлі.

Рэлякса́цыя ’паступовае вяртанне ў стан раўнавагі фізічнай або фізіка-хімічнай сістэмы, якая была ў неўраўнаважаным стане пад уздзеяннем знешніх сіл’ (Булыка, СІС). Ст.-бел. реляксация ’палёгка; звальненне ад чаго-небудзь’ < ст.-польск. relaksacyja ’тс’ < лац. rělaxātio ’аслабленне; адпачынак’ < rělaxao ’аслабляю; адпачываю’ (Булыка, Лекс. запазыч., 77).

Рэля́цыя ’данясенне пра баявыя дзеянні’ (ТСБМ). Ст.-бел. реляция (реляца) ’данос, даклад’ < ст.-польск. relacyja ’тс’ < лац. rĕlātio ’паведамленне; данясенне’ (Булыка, Лекс. запазыч., 51).

Рэ́мант ’рамонт’ (Сл. ПЗБ). З польск. remont ’тс’. Гл. рамонт.

Рэманэ́нт ’нядоімка; звыш ліку’ (Нас.). З польск. remanent ’лішак’ < лац. remanens, remanentis ’які застаецца’.

Рэ́мез ’птушка атраду вераб’іных’ (ТСБМ, ТС), рэме́за, рэмезо́к ’тс’ (ТС), рэ́мус ’рэмез, Remiz pendulinus L.’ (Нікан.), рэ́міс ’стрыж, Apus apus’ (ЛА, 1), рэмісь ’чорны стрыж’ (Шатал.). Сюды ж рэмезо́ ’гняздо рэмеза’ (ТС). Рус. ре́мез, укр. ре́мез, чэш. remiz, польск. remiz. Паводле Фасмера (3, 467), праз польскую мову запазычана з ням. Riedmeise ’чарацянка’, дзе Ried ’чарот’, Meise ’сініца’ (Булыка, СІС, 2, 323). Брукнер лічыць назву славянскай і суадносіць са славац. remzati ’шчабятаць’, а таксама дапускае этымалагічную сувязь з rzemieśniczek ’рэмез’, паколькі гэтая птушка з вялікім майстэрствам робіць гняздо (параўн. таксама ст.-рус. ремези ’майстры’); праблема толькі ў тым, як растлумачыць пераход rze‑ > re‑ (Брукнер, 457).

Рэме́ннік1 ’кажан’ (Нар. сл.). Да раменнік (гл.). Рус. реме́нница ’тс’ ад реме́нь (Фасмер, 3, 468), параўн. яшчэ кажан.

Рэме́ннік2 ’нейкая вадзяная расліна; раменныя лапці’ (ТС). Гл. раменнік.

Рэ́мень ’доўгая паласа, вырабленай скуры’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’раменная частка пугі’ (ТС), ’прывязка для прымацоўвання біча да цапільна’ (Шатал.), рэ́мінь ’раменны пас’ (Бяльк.), рэмянчык ’раменьчык’ (Сл. ПЗБ), рэменячка ’тс’ (ТС), рэменны ’раменны, зроблены са скуры’ (ТС), раме́нь ’рэмень’ (Сл. ПЗБ). Укр. ремінь, рус. ремень, польск. rzemień, rzemyk, н.-луж., в.-луж. rjemjeń, чэш. řemen, řemyk, славац. remeň, славен. jermen, серб. і харв. реме̑н, макед. ремен, балг. ремък. Прасл. *remy, Род. скл. *remene (Сной, 201). Не выключаюць і праславянскае запазычанне з нямецкай мовы, параўн. с.-в.-ням. rieme(n) ’тс’, с.-н.-ням. rēme, rēmen ’тс’ (Брукнер, 475; Чарных, 2, 110), але існуе думка, што ням. Riemen славянскае запазычанне (Даль, 3, 1675).

Рэменякве́тнік ’расліна-паразіт сямейства рэменяцветных’ (БРС), рэменяцветнік ’тс’ (ТСБМ). Калька з рус. ремнецветник ’амяла’, якое калька ням. Riemenblume ’Loranthus L.’ (Riemen ’рэмень’, Blume ’кветка’).

*Рэмеслі́вы, рэмесліву ’зласлівы, непрыхільны, злапамятлівы’ (ТС). Магчыма, кантамінацыя рэмствоваць (гл.) і помслівы.