Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ілжэ́ц ’ілгун’ (Грыг.). Рус. лжец, укр. лжець. Улічваючы адзінкавасць бел. прыкладу, можна меркаваць аб уплыве рус. лжец, утворанага ад ложь (гл. ілжа) суфіксам ‑ец; параўн. ілгун.

Ілі́ць ’ухіляцца, рабіць выкруты; круціцца, быць неспакойным; моцна дамагацца, настойваць’ (Нас.), ’круціцца’ (Гарэц.). Рус. юли́ть, дан. и́лить ’падаваць мяч у гульні’. Найбольш верагодна этымалагічная сувязь з віць (гл.); параўн. віліць, віляць. Не выключана таксама магчымасць супастаўлення з вір1, вірыць (гл.). Іншыя тлумачэнні слова юлить у рус. мове выклікаюць пярэчанні фармальнага і семантычнага характару; гл. крытычныя заўвагі Фасмера (4, 529–530). Гл. ілка.

І́лка ’лапта, дзіцячая гульня з мячом’, ’палка, якой б’юць мяч у гульні ў лапту’ (Бяльк.; Рам., 8, 576). Ад іліць (гл.) з суф. ‑к‑а, які характарызуе прадмет паводле яго прызначэння.

Ілкну́ць ’глынуць’ (Нас.). Пратэза і‑. Гл. лыкаць.

Іллёў воз ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы’ (Касп.). Ад Ілья (грамавержац) + воз (гл.).

Іллі́ барада́ ’нязжаты касмык жыта, які пакідалі на полі’ (Інстр. II). У рускіх вядома абазначэнне апошняй жмені каласоў «Волосу на бородку», у сербаў божја брада (Б. А. Рыбакоў, Язычество древних славян, 1981, 425). Рэлікт старога язычніцкага абраду, дзе імя Ілья сведчыць аб больш познім хрысціянскім напластаванні. З Ілья і барада (гл.); параўн. лібарада.

Іллі́нка ’грушавае дрэва, плады якога паспяваюць к Ільіну дню, 20 ліпеня’ (Нас.); параўн. рус. бранск. ильи́нка ’гатунак груш, паспяваючых к Ільіну дню’, серб.-харв. ѝлӣњача ’грушы і яблыкі, якія паспяваюць к Ільіну дню’, балг. или́нкы ’тс’. Утворана сцяжэннем словазлучэння Іллін дзень з суф. ‑к‑a, які шырока выкарыстоўваецца ў назвах гатункаў яблык і груш (антонаўка, віноўка, цукроўка і г. д.).

Ілля́к ’лівень’ (Жд. 2). Відаць, кантамінацыя імя Ілья з дзеясловам ліць (гл.); параўн., з аднаго боку, формы іллю́ (Нас.), зах.-бранск. илли́ть ’ліць’, з другога, народныя ўяўленні аб залішняй вільгаці на Ільін дзень (прыдзе Ілья, прынясе гнілля). Утварэнне з суф. ‑як па ўзору імжак, буяк ’моцны вецер’, мігак ’маланка’ (Сцяцко, Афікс. наз., 24).

Ілу́ха ’зацірка на малацэ з крухмалу і яец’ (полац., Нар. сл., 198). Вытворнае ад іл2 (гл.) з суф. ‑ух‑а, прадуктыўным у гаворках у назвах яды і пітва; параўн. цяртуха, сівуха, аржануха і да т. п.

Ільві́ца. Фемінатыў з суф. ‑іц‑а да леў (гл.), і‑ пратэтычнае.