Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трухката́ць ‘грукатаць’ (Нар. Гом.). Гукаперайманне. Сюды ж трухіта́ць ‘раскусваць, лускаць’ (Сцяшк. Сл.), магчыма, з першаснага *трухатаць.

Трухлі́вы ‘баязлівы’ (Нас., Гарэц.), сюды ж труха́ць, тру́хнуць ‘баяцца, палохацца’ (Рэг. сл. Віц.), трухну́ць ‘спужацца, спалохацца’ (Некр. і Байк., Юрч. Сін.), ст.-бел. трухливость ‘баязлівасць’ (ГСБМ). Параўн. укр. трухлі́ти ‘дранцвець ад жаху’, рус. (с)трухну́ть ‘спалохацца’, польск. truchleć ‘слабець, дранцвець, камянець’, truchliwy ‘спалоханы’, truchły ‘тс’, potruchleć ‘спужацца, збаяцца, заняпасці духам’, каш. trëxlec ‘губляць надзею, сумнявацца’, н.-луж. tšuchły ‘баязлівы’, tšuchlak ‘тс’, tśuchleć ‘станавіцца змрочным, панурым’, в.-луж. truchty ‘заклапочаны, неспакойны’, ‘баязлівы’, ‘сумны, змрочны’, truchlíc ‘трывожыць’, чэш. truchliti, truchleti, славац. trúchliť ‘смуткаваць, тужыць’, truchlivý ‘сумны, журботны’. Звычайна рэканструююць прасл. *trux‑, *trusl‑ і супастаўляюць з лат. traušâties ‘баяцца’ < і.-е. *ter‑ ‘церці, рэзаць, вярцець’ > ‘крышыць’ > ‘трухлявець’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 227; Каруліс, 2, 423). Махэк₂ (654) мяркуе, што праславянскае слова магло б мець форму *truxlъ, роднасным яму будзе с.-ірл. trúag ‘смутны’. Паводле Куркінай (Этимология–1994–1996, 49), на базе зыходнай формы (гл. трухлы) у заходнеславянскіх мовах замацавалася значэнне ‘баязлівы’, ‘сумны’, гл. таксама Борысь, 643. Адносна рус. трухну́ть яшчэ Даль (1882, 4, 438) ставіць яго ў адзін рад з роднаснымі дзеясловамі тру́сить, тру́шивать ‘баяцца, палохацца’. Фасмер (4, 112) мяркуе, што рус. (с)трухну́ть з’яўляецца новаўтварэннем ад трус ‘баязлівец’, а ўкр. трухлі́ти можа быць запазычаннем з польскай мовы (ЕСУМ, 5, 662). У такім выпадку зах.-слав. *trux‑lъ, *trux‑livъ будзе праславянскім рэгіяналізмам. Для трухну́ць ‘спужацца’ не выключана самастойнае развіццё на аснове трухну́ць ‘страсянуць, скалануць’ (Нар. Гом.), гл. трусіць, трэсці. Параўн. і ст.-бел. почал троухленъ быти дрыжачий (Карскі 2-3, 353).

Тру́хлы ‘гнілы, сатлелы; слабы на здароўе’ (Нас.), ‘гнілы і парахнявы’ (Шат., Байк. і Некр., Растарг.), ‘спарахнелы’ (паст., даўг., пін., Сл. ПЗБ), ‘друзлы’ (Варл.), сюды ж трухле́ць ‘гніць, парахнець, разбурацца’ (Нас., Гарэц., Некр. і Байк.), ст.-бел. трухлети ‘слабець, трухлець’ (XVII ст., ГСБМ); другасныя ўтварэнні трухлё ‘парахня’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ‘гнілое дрэва’ (дзятл., Жыв. сл.), трухля́ ‘парахно’ (Мат. Гом.), трухля́вы ‘гнілаваты’ (Шат., Гарэц.), ‘наздраваты; дуплаваты’ (Сл. ПЗБ), ‘трупехлы, спарахнелы’ (Некр. і Байк., Ян., Сцяшк.), ‘ператочаны чарвякамі’ (шальч., брасл., Сл. ПЗБ), ‘лядашчы’ (Ян.), ‘які ператварыўся ў парахно ад гнілі і часу’, ‘які аджыў свой век’ (ТСБМ), ‘слабы, нездаровы’ (Нас., Байк. і Некр., Юрч. Вытв.), трухля́к ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр.), трухля́вець ‘разбурацца ад часу, ператварацца ў пацяруху’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), трухло́ ‘старызна, гніль’ (Сцяшк. Сл.), ‘аматар паспаць’ (полац., Нар. лекс.), трухлі́на ‘непрыдатныя для будаўніцтва матэрыялы’ (Растарг.), ‘пацяруха’ (ТСБМ), ‘парахня’ (Юрч. Вытв.), ‘гніляк’ (ТС), тру́хля ‘спарахнелы, струхлелы будынак’ (ТСБМ), ‘пацяруха’ (ТСБМ), ‘састарэлы, бездапаможны чалавек’, трухля́ціна ‘тое, што разбурана трухленнем’ (Байк. і Некр.), трухласць ‘парахня’ (Нар. Гом.), трухне́ць ‘доўга спаць’ (полац., Нар. лекс.), трухні́ву, трухня́ву ‘крохкі, нямоцны’ (ТС), трухле́й ‘хваравіты чалавек’ (Скарбы). Укр. тру́хлий, трухля́вий ‘трухлявы’, трухліти, трухля́вити ‘станавіцца трухлявым’, рус. тру́хлый, трухля́вый ‘тс’, стараж.-рус. трухъ ‘прэлы, трупехлы’, польск. truchleć ’гніць, тлець’, ‘сохнуць’, truchło ‘прах, рэшткі’ славін. strëǔi ‘крохкі, спарахнелы’, чэш. trouch ‘лясная глеба’, славац. trúchly ‘спарахнелы’, серб. тру̏хао, тру̏о ‘гнілы’, харв. trȕo, trȕhli, trȕli ‘гнілы, друзлы’, славен. trúhəl ‘тс’, старое балг. тру́хъл ‘тс’, макед. дыял. трул, трлав ‘тс’. Прасл. *truxlъ ‘гнілы’, ідэнтычнае лат. tràusls ‘гнілы, крохкі, ломкі’ і інш. (Фасмер, 4, 111; Глухак, 641; ЕСУМ, 5, 661). Да труха́1 (гл.).

Трухні́вы, трухня́вы ‘трухлявы, крохкі, нямоцны’ (ТС), сюды ж трухне́ць ‘брынчаць, брынкаць, бразгаць (пра надтрэснуты посуд)’ (ТС), з іншай асновай трухце́ць ‘трашчаць’ (люб., Жыв. сл.), ‘утвараць глухі гук (пра надтрэснуты посуд’ (Зайка Кос.). Параўн. укр. трухня́вий ‘струхлы’, трухні́ти ‘гніць’, чэш. trouchnivý ‘трухлявы’. Да трухнуць (гл.), магчыма, пад уплывам трупце́ць (гл.).

Тру́хнуць ‘трухлець, парахнець, трупехнуць’ (Некр. і Байк., ТС), трухну́ць ‘гніць’ (Яруш.), сюды ж тру́хнуць ‘баяцца, падаць духам’ (Ласт.), ‘многа і позна спаць’ (полац., Нар. лекс.). Параўн. укр. трю́хнути ‘гніць, трухлець’, рус. тру́хнуть ‘тс’, серб. тру̏нути ‘трухлець, раскладацца’, харв. truhnuti ‘спаць, ленавацца’, славен. trohnẹ́ti ‘гніць’. Прасл. *truxъnǫti, магчыма, і *trǫx(ъ)nǫti з другаснай назалізацыяй (Сной у Бязлай, 4, 231), параўн. труха́ (гл.).

Трухта́ ‘невысокая, поўная, але жвавая жанчына’ (Мілк. Сл.). Відаць, звязана з наступным словам (гл.).

Трухтом ‘трушком’ (бераст., Сл. рэг. лекс.), трухтою ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. truchtem ‘тс’ (Мацкевіч, там жа, 5, 134). Брукнер (577) адзначае, што ў польскай мове слова trucht (truchtem, truchcikiem) з XVIII ст. і запазычана з ням. Trott ‘тс’. Паводле SWO (1980, 778), польск. trucht ‘від бегу каня, сярэдні паміж шагам і рыссю’ ўзыходзіць да с.-в.-ням. truht; ужываецца звычайна ў выразе: biec truchtem ‘бегчы трушком’.

Трухце́ць ‘бегчы трушком, трухаць’ (Скарбы). Магчыма, кантамінацыя папярэдняга слова з трух‑трух — гукаперайманнем бегу дробнай рыссю (ТСБМ).

Тру́цень (тру́цінь, тру́цянь, тру́тэнь) ‘самец у пчалінай сям’і’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Бес., ТС, Сержп. Грам., Сл. ПЗБ; слаўг., Нар. сл.) і пераноснае ‘гультай’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Пятк. 2, Сцяшк.), ст.-бел. трутень ‘пчаліны самец’. Укр. тру́тень, трут, рус. тру́тень ‘самец пчол’, ‘дармаед, паразіт’, польск. truteń, старое trucień, таксама дыял. trudeń, tręteń ‘тс’, trętnie ‘трутні’; з XV ст. ст.-польск. trąd/trąt/tręt/trut ‘труцень’, каш. trǫd і tron , н.-луж. tšut, в.-луж. truta, чэш. trubec, ст.-чэш. trúp, мар. trút, truť ‘тс’, trout ‘шкодныя насякомыя на капусце’, славац. trúd, otrôt і trubec, славен. trôt, харв. trût ‘труцень’, trūtanj ‘чмель’; серб. тру̂т, макед. трут ‘труцень’, балг. тъ́ртей (параўн. у Бярынды: трꙋтій: трꙋтень), серб.-ц.-слав. троуть ‘аса, чмель’. Прасл. *trǫtъ (дыял. *trǫtъnjь ‘труцень’), роднаснае літ. trãnas, лат. trans ‘труцень’ (Фасмер, 4, 111), якія з індаеўрапейскай гукапераймальнай асновы *tren‑, звонкі варыянт *dren‑: ‘гусці, гудзець’, ‘шумець, звінець’, адсюль ст.-в.-ням. treno, с.-в.-ням. trëne, ст.-англ.-сакс. drān, drǣn, англ. drone, ням. Drohne ‘труцень’, гоц. drunjus ‘гук’, ст.-грэч. υρωναξ, ‘шэршань’, τεν‑υπήνη ‘сляпні, дзікія пчолы’, υρηνος ‘элегія’ (Сной₂, 788). Паводле ЕСУМ (5, 660), Каруліса (2, 420) і Борыся (645), звонкі варыянт падаецца як *d​hren‑. Паводле Махэка₂ (654), не ясна, як выглядала праславянская форма: *trǫtъ ці trǫdъ. Ён ставіць пад сумненне першапачатковасць літ. trãnas, лат. trans ‘труцень’ і дапускае, што яны маглі быць запазычаны з нямецкай мовы. Прынамсі, Мюленбах-Эндзелін (1, 489) мяркуюць, што дыялектныя латышскія формы з d‑ (drans, dranis ‘тс’), хутчэй за ўсё, запазычаны з с.-ням. drane або сугучныя з ім. Калі меркаваць, што праславянская форма *trǫdъ, то фанетычна ёй адпавядаюць літ. trandìs і trandė ‘моль’. Аднак не выключае, што гэта форма другасная, якая ўзнікла ў выніку збліжэння з *trǫdъ ‘назва хваробы; губа’ (Борысь, 646) або фанетычным шляхам, параўн. палес. тру́дні мн. л. (Арх. Вяр.). Меркаванні пра зыходны паралелізм формаў слова гл. SEK, 5, 175.

Труці́зна ‘атрута’ (Нас., Байк. і Некр., Жд. 3, ТС; шальч., Сл. ПЗБ), ‘шкодная для здароўя ежа, выпіўка, лякарства’ (полац., Нар. сл.); ‘ядахімікат’ (Сл. ПЗБ). труты́зна ‘атрута’ (стол., Нар. лекс.), труты́зно ‘тс’ (Клім.; кам., Жыв. НС), турці́зна ‘тс’ (стаўб., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. трутизна ‘тс’ (1578 г.) запазычана са ст.-польск. trucizna ‘тс’ (Жураўскі, SOr, X (1), 40; Булыка, Лекс. запазыч., 130).